Год таму ў Беларусі забаранілі рост цэн. Як цэны з таго часу змяніліся?
Год таму ўрад прыняў пастанову аб рэгуляванні цэн. Яна вызначала максімальныя гандлёвыя надбаўкі на тавары, павышаць якія можна было толькі з дазволу чыноўнікаў. Пастанова нарабіла шмат шуму і нават прывяла да затрыманняў супрацоўнікаў гандлю, якія завышалі ці заніжалі цэны. А што за гэты час стала з цэнамі?
Аналізаваць будзем згодна з афіцыйнымі лічбамі Белстата. Для адліку глядзім на лістапад 2022 года, які стаў першым поўным месяцам, калі цэны рэгуляваліся штучным чынам. Параўноўваць будзем з вераснем 2023 года, бо гэта самыя свежыя даныя ад Белстата на гэты момант.
Што стала танней?
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, цэны ўпалі на такія тавары, як рыс, манныя і грэцкія крупы.
Так, кілаграм рысу ў лістападзе 2022 года каштаваў у сярэднім па краіне 4,39 рубля. Цяпер — 3,89 рубля.
Манныя крупы страцілі ў цане 22 капейкі. У верасні кілаграм гэтай крупы каштаваў 1,97 рубля, а ў лістападзе мінулага года — 2,19.
Куды больш заўважнае падзенне цаны ў грэцкіх крупаў. У лістападзе 2022 года кілаграм грэчкі каштаваў 4,99 рубля, а ў сёлетнім верасні цана знізілася да 3,14 рубля.
Таксама даволі моцна знізіліся цэны на молатую каву і чорную гарбату.
Кілаграм молатай кавы, па звестках Белстата, у лістападзе 2022-га года каштаваў 45,03 рубля, а цяпер — 41,12 рубля.
Гарбата згубіла ў цане больш за 15 рублёў у пераліку на кілаграм — з 56,37 рубля да 41,12.
Згушчонка — эталон стабільнасці
Цэны на згушчонку за 10 месяцаў амаль не змяніліся — 3,85 рубля супраць 3,86.
Кілаграм цукру прыбавіў у сярэднім 6 капеек. Было 2,55, стала 2,61 рубля.
Пшанічная мука за гэты ж перыяд падаражэла на 4 капейкі з 1,49 рубля да 1,53.
Прыкметна падаражэў батон. Дзесяць месяцаў таму выходзіла 2,85 рубля за кілаграм, цяпер — 3,52 рубля.
Жытні хлеб таксама падаражэў, але неістотна — 2,58 і 2,63 рубля адпаведна.
Кілаграм ялавічыны без косткі ў лістападзе 2022 года ў сярэднім каштаваў 19,03 рубля, а цяпер — 20,51 рубля.
Кілаграм тушкі кураняці-бройлера таксама прыбавіў у цане за гэтыя 10 месяцаў: 6,08 рубля ў верасні супраць 5,80 рубля ў леташнім лістападзе.
Падаражэла і гарэлка. У верасні гэтага года літр каштаваў 22,86 рубля, а ў лістападзе 2022-га — 19,46.
Трэба адзначыць, што інфляцыя за гэты час запаволілася. За 9 месяцаў бягучага года яна склала 3,6%.
Эканаміст BEROC Настасся Лузгіна ў каментары Deutsche Welle кажа, што строгае рэгуляванне цэн сапраўды паўплывала на запаволенне інфляцыі. Аднак гэта ў пэўнай меры адбылося б і без пастановы беларускага ўрада, бо цэны на энерганосьбіты на сусветным рынку істотна знізіліся, што ў 2022-м было асноўным драйверам інфляцыі па ўсім свеце. А да санкцый вытворцы і пастаўшчыкі паспелі прыстасавацца. На беларускі рынак пасля пераарыентацыі імпарту сталі паступаць новыя, больш танныя тавары з краін Азіі і Афрыкі, якія выцеснілі больш дарагія. Праз гэта не здарылася дэфіцыту тавараў.
Чытайце таксама:
Каментары