У Дагестане праходзяць пратэсты пад антысеміцкімі лозунгамі, пагромшчыкі ўварваліся ў аэрапорт
Дзясяткі людзей, пратэстуючы супраць прылёту рэйса з Тэль-Авіва ў Дагестан, бесперашкодна ўвайшлі ў будынак тэрмінала аэрапорта Махачкалы. Пра гэта паведамляюць мясцовыя тэлеграм-каналы.
На кадрах бачныя супрацоўнікі сілавых службаў, якія не аказваюць супраціву. На іншым відэа бачна, як пратэстоўцы прарываюцца на тэрыторыю аэрадрома.
Людзі сабраліся ў аэрапорце на заклікі папулярных у рэспубліцы тэлеграм-каналаў. Учора яны заклікалі шукаць габрэяў у гатэлях Дагестана, бо, маўляў, «паводле нашай інфармацыі, там шмат уцекачоў з Ізраіля».
Махачкалінская паліцыя запэўнівае натоўп, што падзяляе ягоныя пачуцці, але заклікае не ладзіць пагромаў:
«Мы выдатна разумеем ваш стан. Давайце збярэмся ўсе разам, і мы з вамі ўстанем і будзем скандаваць тут, калі ласка, няма пытанняў. […] Вы ж закон парушаеце, слухайце, навошта вы гэта робіце?»
У натоўпе чуваць крыкі «Смерць яхудам!» (юдэям). Натоўп прарваўся не толькі ў будынак аэрапорта, але і на лётнае поле, габрэяў шукаюць нават у самалётах.
Канал «Утро Дагестан» распаўсюдзіў відэа з аэрапорта, на якім пратэстоўцы патрабуюць ад мужчыны, якога яны прынялі за габрэя, «праклёнаў на камеру смярдзючаму Ізраілю».
Аэрапорт у Махачкале з-за беспарадкаў закрылі, у небе над ім кружаць рэйсы з Ніжневартаўска і Масквы. Не выключаецца, што гэтыя самалёты будуць перапраўляцца ў аэрапорты суседніх рэспублік.
Нагадаем, што менавіта тэлеграм-канал «Утро Дагестан» быў асноўным арганізатарам пратэстаў супраць аб'яўленай расійскімі ўладамі мабілізацыі восенню мінулага года. Дагестан стаў адной з тых мясцовасцяў, дзе гэтыя пратэсты сталі дастаткова заўважнымі.
Цяпер у Дагестане і іншых рэспубліках расійскага Паўночнага Каўказа пратэсты праходзяць з мусульманскай салідарнасці, мясцовыя жыхары такім чынам падтрымліваюць рух ХАМАС у яго змаганні з Ізраілем.
Каментары