На «Беларуськаліі» абарвалася клець з работнікамі. Пяцёра з цяжкімі траўмамі
На гэты момант вядома пра траўмаванне двух работнікаў прадпрыемства.
Паведамленне пра аварыю на рудніку № 2 у Салігорскім раёне з'явілася ў сацыяльных сетках гадзіну таму.
«На 2 РУ абарвалася клець (ліфт для транспартавання гарнякоў у руднік. — НН). Паехалі хуткія», — напісана ў паведамленні публіка «ЧП Салігорск» «Укантакце».
У пажарнай аварыйна-выратавальнай частцы Рудаўпраўлення № 2 мясцоваму жыхару пацвердзілі, што «невялікае здарэнне адбылося і там працуюць горныя ратавальнікі».
«Будзем спадзявацца, што будзе ўсё добра», — адказаў выратавальнік.
Паводле паведамлення МНС, у Салігорску адбылося захрасанне клеці ў шахтавым ствале № 3 на адзнацы мінус 445 метраў на тэрыторыі 2-га рудаўпраўлення. У клеці папярэдне знаходзяцца 5 работнікаў прадпрыемства, інфармацыя пра пацярпелых удакладняецца. Прычына інцыдэнту высвятляецца.
З клеці паднялі работнікаў. Двум пацярпелым аказваецца меддапамога.
«На гэты момант адзін пацярпелы ўжо шпіталізаваны (1991 г. н.), папярэдне лекары дыягнаставалі ў яго пашкоджанне хрыбта. Другі пацярпелы — цяжэйшы, ён цяпер таксама дастаўляецца ў Салігоскую ЦРБ. У яго, паводле папярэдняй інфармацыі, пералом хрыбта і канцавін», — паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Пазней у салігорскую бальніцу даставілі і трэцяга шахцёра — у яго цяжкія траўмы, у тым ліку, пералом ніжніх канцавін.
Паводле папярэдняй інфармацыі, ва ўсіх пецярых работнікаў (ім ад 25 да 38 год) цяжкія спалучаныя траўмы — пераломы ключыц, хрыбта, таза і ніжніх канцавін.
Па распараджэнні міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча ў салігорскую ЦРБ накіравана брыгада высокакваліфікаваных спецыялістаў (спінальны хірург і траўматолаг-артапед) РНПЦ траўматалогіі і артапедыі.
Каментары
ен далжон кампенсавать за сваю плахую работу