Культура33

У Стоўбцах аднавілі браму касцёла, знішчанага саветамі

У планах — адрадзіць і саму святыню. Поспех мясцовых католікаў на фоне агульнага ціску на Касцёл выглядае парадаксальна, але гэтаму ёсць вытлумачэнне.

Урачыстае адкрыццё адноўленай брамы касцёла ў Стоўбцах. Фота: Catholic.by

У нядзелю 12 лістапада ў Стоўбцах мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пасвяціў браму-званіцу колішняга падамініканскага касцёла Святога Казіміра. 

Дамініканцы былі паселеныя ў Стоўбцах яшчэ ў першай палове XVII стагоддзя. Будаўніцтвам жа мураванага касцёла Святога Казіміра з 1640 года кіраваў прыёр дамініканскай місіі Фабіян Малішоўскі, які пасля сваёй смерці быў пахаваны ў бакавой капліцы святыні.

Кляштар дамініканцаў быў, як і большасць у краі, скасаваны пасля паўстання 1830—1831 гадоў. Але касцёл працягваў дзейнічаць як парафіяльны. У гэты час, у 1838—1839 гадах з боку Рынкавай плошчы і была пабудаваная трохпралётная брама-званіца. На ёй размяшчаліся тры званы, якія важылі 15, 10 і 5 пудоў.

Арыгінальны выгляд касцёла на гравюрах XVIII стагоддзя, прысвечаных асобе Фабіяна Малішоўскага. Фота: Wikimedia Commons
Перабудаваны ў праваслаўную царкву храм з брамай-званіцай у пачатку XX cтагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

У адрозненне ад касцёла, які ў каталікоў забралі пасля паўстання 1863 года і да непазнавальнасці перабудавалі ў праваслаўную царкву Святой Марыі Магдалены, брама асаблівых зменаў не зведала.

У 1920-х гадах званіца была разбураная, а на яе месцы пабудаваныя гандлёвыя рады, якія захоўваліся да апошняга часу. Пры паляках царква была зноў перабудавана ў касцёл, але пра гістарычнасць яго выгляду можна спрачацца — надзейныя графічныя крыніцы, якія б паказвалі касцёл да расійскай перабудовы, на сёння не выяўленыя. 

Багата аздобленыя лепкай інтэр'еры касцёла ў Стоўбцах у міжваенны час. Фота: Wikimedia Commons
Галоўны алтар касцёла, труна з целам Фабіяна Малішоўскага і аздабленне ўнутранага боку купала капліцы ў міжваенны час. Фота: Wikimedia Commons

Цела айца Фабіяна, якога католікі лічылі святым, пасля перабудовы касцёла пад царкву было перапахавана ў 1867 годзе на могілках. Але пасля палякі вярнулі яго на пачэснае месца ў капліцы касцёла, а дамініканцы дамагаліся яго кананізацыі.

У час Другой сусветнай вайны храм пацярпеў нязначна, але быў знішчаны савецкімі ўладамі ў рамках хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі. 

Усё змянілася пару год таму. Спачатку навукоўцы правялі раскопкі на месцы былога касцёла, дзе былі выяўленыя парэшткі, прыналежнасць якіх да Фабіяна Малішоўскага пасля шэрагу экспертыз пацвердзілі эксперты Следчага камітэта. Стаўбцоўскія вернікі цяпер спадзяюцца на тое, што працэс беатыфікацыі святара ўсё ж будзе пачаты. 

Выгляд храма пасля перабудовы палякамі з царквы назад у касцёл. На пярэднім плане гандлёвыя рады, знесеныя да «Дажынак». Фота: Wikimedia Commons

Летась горад прымаў абласныя «Дажынкі», вядомыя сваім радыкальным (і часта спрэчным) падыходам да ўпарадкавання гарадоў. Не пазбеглі гэтага і Стоўбцы. Быў знесены стары мадэрнісцкі тэатр, перабудаваныя нешматлікія даваенныя камяніцы, а таксама былі знішчаныя міжваенныя гандлёвыя рады. 

Але нечакана на іх месцы пачалі адбудоўваць браму-званіцу. На яе завяршэнне пайшоў амаль год. Над яе ўваходам размешчаная выява Маці Божай Снежнай, якая калісьці ўшаноўвалася ў горадзе. 

Адноўленая брама з выявай Маці Божай Снежнай. Фота: Catholic.by

Архітэктары, аднак, адзначаюць, што хоць пры адбудове прытрымліваліся гістарычнага выгляду, але дэталіроўка збудавання досыць грубая і недакладная, што пакідае ўражанне «пенапластава-фанернай бутафорыі».

У канцы года парэшткі святара былі ўрачыста перазахаваныя ў новым гарадскім касцёле ў прысутнасці апостальскага нунцыя ў Беларусі Антэ Ёзіча, архіепіскапа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юзафа Станеўскага, упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака і старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына. 

Праект адбудовы капліцы касцёла. Фота: фэйсбук парафіі Св. Казіміра ў Стоўбцах.

На адбудове брамы стаўбцоўскія католікі спыняцца не збіраюцца і ўжо прэзентавалі свае праектныя напрацоўкі па адбудове капліцы, дзе калісьці змяшчалася труна з целам Фабіяна Малішоўскага. У кастрычніку 2023 года ім перадалі ў карыстанне зямельны ўчастак, дзе калісьці стаяў старадаўні касцёл.

Усё гэта выглядае незвычайна на фоне халоднага, калі не сказаць варожага стаўлення рэжыму Лукашэнкі да Касцёла пасля падзей 2020 года. Так, у верасні 2022 года быў пад надуманай падставай паказальна быў закрыты сталічны Чырвоны касцёл. Але гэтыя падзеі не даляталі да Стоўбцаў. 

Магчыма, што тлумачэннем гэтаму з’яўляецца інфармацыя, раскрытая Беларускім расследвальніцкім цэнтрам. Паводле расследавальнікаў, стаўбцоўскі ксёндз Ігар Лашук мае цесныя фінансавыя сувязі з бізнэсоўцам Аляксандрам Зайцавым, якога часам называюць «кашальком» сям'і Лукашэнкаў. Але сам Лашук у сваіх допісах патлумачыў, што ў сённяшніх умовах іншага выйсця для каталіцкай грамады папросту не застаецца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Максим Дизайнер
    17.11.2023
    Снесли театр, торговые ряды, покрасили кусок стены, даже на колокола не повесили.
  • Літвін
    17.11.2023
    Дажынкі як пагром
  • Знаем-знаем
    18.11.2023
    Ландшафтный дизайн за грязные денежки "товарища" З...

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня9

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня

Усе навіны →
Усе навіны

«Прама скажу, сітуацыя не такая, як мы думалі». Літоўскі палітык з групай фермераў з'ездзіў на экскурсію ў Беларусь9

Як каманда Ціханоўскай вяла перамовы з адміністрацыяй Вучыча13

У Рызе дэмантавалі помнік расійскаму фельдмаршалу Барклаю-дэ-Толі13

У аэрапорце Барселоны затапіла тэрмінал і ўзлётна-пасадачную паласу1

У Мінску адкрылася кавярня, у якой «працуюць» біглі2

Вароны памятаюць крыўду 17 гадоў4

У Малдове завяршылі падлік галасоў: у Санду 55,33%5

ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Канапацкай, Бобрыкава і Сыранкова, а Кавалёвай і Куляша — не31

«Пад домам сабраўся натоўп». Дзяўчына нечакана здала кватэру-«паўфабрыкат» у «Мінск-Свет» за лічаныя хвіліны11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня9

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня

Галоўнае
Усе навіны →