«Сцерліся гумавыя наканечнікі мыліц, а замяніць няма чым». Уладзімір Гундар не можа выходзіць на прагулкі
У магілёўскай турме палітвязень Уладзімір Гундар сутыкнуўся з рэдкай для арыштантаў праблемай.
Ужо месяц як краязнаўца з Баранавічаў Уладзімір Гундар адбывае пакаранне ў крытай турме № 4 у Магілёве, куды ён трапіў з бабруйскай калоніі па рашэнні суду ў Бабруйску, піша «Радыё Свабода».
Як паведаміла Свабодзе дасведчаная крыніца, трымаюць інваліда Гундара, у якога няма адной нагі, у адзіночнай камеры. Паводле суразмоўца, у пачатку свайго знаходжання ў магілёўскай турме Уладзіміра Гундара выводзілі на прагулкі на мыліцах, але потым гэта стала немагчыма.
«Аказалася, што ў яго сцерліся гумавыя наканечнікі мыліц, а замяніць іх там няма чым. Такая сітуацыя не прадугледжана. Уладзімер звярнуўся да сваякоў, тыя сабралі рэчавую пасылку, але ці дайшла яна, невядома.
Ужо тры тыдні ад Гундара няма лістоў, адзіны званок быў у лістападзе. Сваякі толькі ведаюць, што пасылка была падпісаная і спадзяюцца, што ён урэшце яе атрымае. Бо да таго прагулкі немагчымыя», — сказала дасведчаная крыніца.
Ад крыніцы вядома, што на пагаршэнне стану здароўя Уладзімір Гундар не скардзіўся і падчас апошняга з ім званку размаўляў бадзёра.
Гундару 63 гады. Ён інвалід 2-й групы, у палітвязня няма адной нагі вышэй за калена. Падчас знаходжання ў СІЗА Уладзімір Гундар часткова страціў слых на адно вуха, пазней слых аднавіўся, але вязню дагэтуль трэба прымаць спецыяльныя лекі.
У 2022 годзе Уладзіміра Гундара, які ўжо быў асуджаны за напад на міліцыянта, асудзілі на 18 гадоў зняволення паводле крымінальнай справы аб тэрарызме па так званай «справе Аўтуховіча». У канцы студзеня Ленінскі суд Горадні асудзіў Гундара за абразу супрацоўніцы пракуратуры яшчэ на два з паловай гады пазбаўлення волі. Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Гундара асудзілі на 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Сваёй віны Уладзімір Гундар не прызнаў, беларускія праваабаронцы назвалі яго палітычным вязнем.
Каментары