Прадукты, якія ў Беларусі каштуюць танней, чым у суседніх краінах ЕС
Пральныя парашкі, брэндавае адзенне, электратэхніка ў Беларусі звычайна прадаюцца па вышэйшых цэнах, чым у суседніх краінах ЕС. Але хапае тавараў, якія ў нас наадварот каштуюць танней.
Цэны прыведзены без уліку зніжак, якія бываюць у крамах.
Бульба
Кілаграм «беларускага хлеба» ў нас прадаецца па цэнах каля рубля. У Польшчы бульба ў пераводзе на нашы грошы каштуе па 2 рублі за кілаграм, а ў Літве — каля 2,5 рубля.
Малако і кефір
Цэны на літр малака ў Беларусі пачынаюцца з 1 рубля 56 капеек. Столькі каштуе малако ў пакеце тлустасцю 1,8%.
Літр малака тлустасцю 2,8% каштуе ўжо 2,25 рубля за літр, 3,6% — 3,35 рубля, малако 6% каштуе 3,67 рубля за літр.
У Літве цэны на літр малака пачынаюцца з 62 еўрацэнтаў (2,15 рубля). Столькі каштуе самае таннае пакетаванае малако тлустасцю 2,5%. Малако ў тэтрапаках даражэйшае, 2,5% каштуе 1,19 еўра (4,1 рубля) за літр, 3,5% — 1,4 еўра (4,8 рубля).
У Польшчы цэны на 2%-нае малако пачынаюцца з 2,98 злотага (2,3 рубля) за літр. Літр малака 3,2% каштуе ад 2,5 да 4,3 рубля ў пераводзе на нашы грошы.
У Беларусі кефір 1,7% у пакетах каштуе 1,45 рубля, кефір 3,2% прадаецца па 1,84 рубля за літр.
У Літве цэны на кефір стартуюць з 82 цэнтаў (2,8 рубля) за літр 2,5%-нага прадукту ў пакеце. Кефір тлустасцю 3,2% каштуе 1,77 еўра за літр (каля 6 рублёў).
Цэны на літр кефіру ў Польшчы пачынаюцца з 4,79 злотага (3,7 рубля) за літр.
Смятана
Смятана тлустасцю 15% у кубачку вагой 380 грам каштуе 2,63 рубля. У Літве смятана 18% за 400 грам прадукту (самае блізкае з аналагаў) каштуе 1,2 еўра (4,1 рубля).
Смятана з 30%-най тлустасцю ў Беларусі каштуе 4,2 рубля за 350 грам. У Літве аналагічны прадукт прадаецца за 1,54 еўра (5,3 рубля).
У Польшчы 30%-ная смятана аб'ёмам 400 грам каштуе 8,19 злотага (6,35 рубля).
Цукар
Кілаграм белага цукру ў Беларусі каштуе 2,55 рубля. У Літве ён ад 90 еўрацэнтаў (3,1 рубля). У Польшчы — ад 5,5 злотага ( 4,2 рубля).
Яйкі
Значна танней у нас каштуюць яшчэ і курыныя яйкі. У Беларусі цэны на яйкі пачынаюцца з 2 рублёў 75 капеек. Самыя дарагія каштуюць каля 4,5 рубля за дзясятак.
У Польшчы цэны на дзясятак курыных яек пачынаюцца з 8 злотых (каля 6,4 рубля).
У Літве дзясятак яек каштуе ад 1,75 еўра, гэта каля 6 рублёў.
Што яшчэ таннейшае ў Беларусі?
Сярод тавараў, якія каштуюць у Беларусі значна танней, чым у суседніх краінах ЕС, можна адзначыць алкагольныя і тытунёвыя вырабы. Таксама ў нас таннае аўтамабільнае паліва. У Польшчы, Літве і Латвіі як бензін, так і дызель каштуюць прыблізна ў два разы больш, чым у Беларусі.
А што з зарплатамі?
У Беларусі сярэдняя зарплата за кастрычнік склала 1971 рубель, ці 1695 рублёў «на рукі». Гэта каля 490 еўра па бягучым курсе. У той жа час сярэдняя зарплата «на рукі» ў Літве па даных за трэці квартал 2023 года складала 1235 еўра. Сярэдні заробак у Польшчы па выніках кастрычніка склаў 5473 злотыя, што каля 1240 еўра.
Каментары
https://d2b0v286pbg9yh.cloudfront.net/ru/332326