Упершыню частка беларускіх праваслаўных будзе адзначаць Каляды 25 снежня па новым стылі
Гэта тычыцца беларускага праваслаўнага прыхода ў Вільні, які знаходзіцца ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага (Сусветнага) патрыярхата.
Гэты прыход быў заснаваны святарамі Георгіем Роем і Аляксандрам Кухтам, якія выйшлі з юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхата. У красавіку гэтага года прыход прыняў канстанцінопальскі патрыярх Варфаламей у сваю юрысдыкцыю.
Абсалютная большасць праваслаўных цэркваў Еўропы (Грэцкая, Балгарская, Канстанцінопальская, Румынская, Крыцкая, Чэшская, Кіпрская) жывуць ужо амаль стагоддзе па новаюліянскім календары, які зараз супадае з грыгарыянскім, па якім жыве ўвесь хрысціянскі свет і свецкія краіны.
Таму ўпершыню беларуская праваслаўная грамада будзе святкаваць Каляды (нараджэнне Хрыста) 25 снежня.
Святкаванне пачнецца вячэрняй літургіяй 24-га снежня а 21-й гадзіне ў віленскай Рэфармацкай царкве (Pylimo g.18).
Ранкам 25-га снежня а 10-й гадзіне святочная літургія будзе служыцца ў Беларускай царкве па вуліцы Boksto g.4, што знаходзіцца каля карчмы «1863».
«Каму будзе цяжка наведаць вячэрнюю літургію, запрашаем ушанаваць Раство Хрыстова раніцою!», — паведамляе Беларускі праваслаўны прыход у сваім тэлеграм-канале.
А 25 снежня а 11-й гадзіне пройдзе дзіцячае каляднае набажэнства ў Мікольскай царкве на Лукішках.
***
Варта зазначыць, што беларуская паваенная эміграцыя, якая не хацела быць у юрысдыкцыі Рускай зарубежнай праваслаўнай царквы на Захадзе, заснавала прыходы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і беларускія праваслаўныя прыходы ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярхата (у ЗША, Брытаніі, Канадзе, Аўстраліі).
Але ўсе гэтыя прыходы жывуць паводле юліянскага календара, г.зн. святкуюць Каляды 7 студзеня. Тады як Амерыканская праваслаўная царква ў 1970 годзе перайшла на новаюліянскі каляндар.
Каментары
Пераходзьце на сучасны календар!