У Магілёве раскрылі рэзананснае забойства 11-гадовай дзяўчынкі, што адбылося 25 гадоў таму
У канцы ліпеня 1998 года Магілёў узрушыла страшная навіна: каля чыгуначнага пераезду ў прыватным сектары знікла 11-гадовая Вера. Дзяўчынку шукалі міліцыя, сваякі, суседзі, але пошукі ні да чаго не прывялі. Праз два дні грыбнікі знайшлі ў лесе вогнішча, а ў ім — цела загінулага дзіцяці. Тады забойцу знайсці не ўдалося, але гэта, як сцвярджае Следчы камітэт, зрабілі цяпер, праз чвэрць стагоддзя.
Тады следчыя выказалі здагадку, што акрамя забойства дзяўчынка была згвалтаваная, а спроба спаліць яе цела стала спосабам схаваць сляды злачынства.
Злачынцу шукалі доўга і старанна — абышлі суседзяў, усіх сябровак дзяўчынкі. Аказалася, што бацька адной з іх, Надзеі, бачыў яе апошнім, калі Вера забягала да сяброўкі ў госці. Але тады мужчына не трапіў пад падазрэнне, паколькі якіх-небудзь зачэпак у следчых не было.
Праз 10 гадоў бацька Надзеі згвалтаваў сваю дачку. Прычым загінулая і пацярпелая дзяўчынкі вонкава паміж сабой вельмі падобныя: хударлявыя, невысокія, блакітнавокія, са светлымі валасамі і ціхім голасам.
Свой тэрмін злачынца адбываў у Расіі, а летась вярнуўся ў Магілёў, каб аформіць пенсію. Тут яго і арыштавалі па падазрэнні ў забойстве Веры. Пасля таго былі шматгадзінныя допыты, да затрыманага шукаў падыход псіхолаг. Знайшлі сведкаў, якіх раней не дапытвалі, а каб знайсці месца, дзе ўсё адбылося, прыйшлося прыцягваць спецыялістаў лясгаса.
У выніку аказалася, што загінулая дзяўчынка сябравала з дачкой педафіла. Таму яна даверылася бацьку сяброўкі і прыйшла з ім у лес.
«Зайшлі ў лес. Я разаслаў прасціну. Потым ануча на прасціне ляжала. Я ўзяў гэтую анучу, рот заткнуў. Ну, потым я яе згвалтаваў. Я забіў яе. Я пырнуў нажом у спіну. Колькі разоў не памятаю, але адзін раз у спіну. Потым я галінкі сабраў сухія, абклаў яе, абліў і падпаліў. Загарэлася, я пабег уцякаць», — расказаў падазраваны.
Цяпер абвінавачаны пад вартай, яму прад'яўлена абвінавачванне па артыкулах «Згвалтаванне заведама малалетняй» і «Забойства, здзейсненае з мэтай схаваць іншае злачынства або палегчыць яго здзяйсненне». Такія абвінавачванні цягнуць на вышэйшую меру пакарання.
Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя ў пракуратуру для далейшага накіравання ў суд.
Каментары