«Выбары-бязвыбары». Альтэрнатыўныя ролікі пра 25 лютага — у адным з іх зняўся РСП
Інцыятыва «Сумленныя людзі» выпусцілі серыю рэкламных ролікаў да «Адзінага дня галасавання» ў межах кампаніі «Мы вартыя лепшага». Арганізацыя хоча, каб як мага больш беларусак і беларусаў даведаліся праўду пра будучыя выбары.
«Сумленныя людзі» кажуць, што з дапамогай рэкламы можна данесці інфармацыю да тых людзей, якія па розных прычынах перасталі сачыць за палітыкай.
У адным з ролікаў зняўся вакаліст гурта РСП Дзяніс Тарасенка ў вобразе аўтаслесара.
— Яны называюць гэта «Адзіны дзень галасавання». А насамрэч гэта трэніроўка затыкаць раты! Вось каб ты сядзеў дома і думаў, Давайце без мяне! Але для Беларусі няма аўтасэрвісу. Яе нельга камусьці аддаць і чакаць, каб там усё добра зрабілі, — кажа Дзяніс Тарасенка.
Ёсць рэклама, падобная на ютуб-шоу, у якім мінакоў просяць спавіваць немаўля. Атрымліваецца ў іх, вядома, не вельмі. Акцёр праводзіць аналогію з будучымі «выбарамі»:
— А цяпер уявіце, што гэтак жа нязграбна будуць кіраваць краінай дэпутаты, якіх прызначаць гэтай зімой. 25 лютага ў Беларусі пройдзе так званы адзіны дзень галасавання. На ім раздадуць пасады тысячам мясцовых дэпутатаў і сфарміруюць Палату прадстаўнікоў, якая будзе прадстаўляць каго заўгодна, але не інтарэсы вас і вашых дзяцей.
«Сумленныя людзі» прапануюць скарыстацца кампаніяй і звярнуць увагу тых, хто стаміўся ад палітыкі, на тое, што адбываецца ў краіне. І расказаць ім пра тое, што «дэпутатаў» насамрэч прызначаць, а не выберуць, і пра тое беззаконне, якое працягваецца ў Беларусі.
Каментары
Лукашэнкіны "выбары" не з'яўляюцца палітыкай.
Праўду пра лукашэнкін фарс ведаюць усе даўным-даўно. А з 2020га дык дакладна усе пагалоўна ведаюць.
Лепшым варыянтам заўсёды з'яўляецца нейкае калектыўнае альтэрнатыўнае дзеянне. У выпадку з "адзіным днём прызначэння" гэта маглі б быць выбары ў Каардынацыйную Раду, але дзейны склад Рады на чале з Ягоравым праваліў гэтую магчымасць. Бо лыжка патрэбная да абеду, а не праз 2 месяцы.
Трэба ісці. І хай матывацыя ад "сумленных людзей" выглядае надта сціпла і невыразна. І хай няма нават добрага гасла. Але нават у гэтай сітуацыі варта ўзгадаць словы спадара Кныровіча:
- Я заўсёды выдатна разумеў, што ніякіх выбараў няма. Але я заўсёды хадзіў на "выбары". Прынамсі дзеля таго, каб на кроплю ўскладніць справу тым, хто будзе фальсіфікаваць гэтыя выбары.
Калі людзі прыйдуць - гэта можа стварыць непрыемныя нечаканасці для рэжыму. Як нечаканасцю і моцнай траўмай для лукашэнкі сталі 17.08.2020 воклічы "Уходи!" наўпрост ў ягоны твар ад процоўных МЗКТ. Як нечаканасцю для Чаўшэску стаў ягоны апошні мітіныг 21.12.1989.
Калі ніхто ня выйдзе - нічога не адбудзецца дакладна.