Культура77

Беларуска пераехала ў Грэнландыю, каб працаваць архітэктаркай. Як яно там? 

«Тэмпература -30 ℃ проста патрабуе яшчэ адной пары штаноў і цярпення». Дзяўчына распавяла пра свой выбар, працу за Палярным кругам і тое, чым сёння жыве застылы востраў.

Летняя раніца ў Ілулісаце. Фота: Wikimedia Commons

Дзяўчына скончыла архітэктурны факультэт БНТУ і паўтара года таму пераехала з Беларусі ў Грэнландыю. Тут яна адзначыла і сваё 30-годдзе. Гісторыяй беларускі падзяліўся тэлеграм-канал «Спадчына».

Дзяўчына патрапіла на застылы паўночны востраў, шукаючы працу па спецыяльнасці ў Даніі. Як высветлілася, мясцовы агрэгатар вакансій збірае вакансіі з усёй Каралеўскай садружнасці, у якую ўваходзяць не толькі ўласна Данія, але і Фарэрскія астравы, і Грэнландыя.

Грэнландскія пейзажы. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

«У Данію мяне нават на інтэрв’ю не запрашалі, а тут не толькі на інтэрв’ю паклікалі, але і зрабілі прапанову.

Паколькі ў Грэнландыі знайсці спецыялістаў вельмі складана, то, каб было прасцей, ім аплачваюць пераезд.

Не маю ўяўлення, у колькі гэта абышлося, але я ляцела праз Турцыю і сумарна была ў дарозе больш за двое сутак», — тлумачыць дзяўчына.

Сёння яна жыве ў трэцім па колькасці насельніцтва горадзе Грэнландыі — Ілулісаце, дзе налічваецца ўсяго 4600 жыхароў. Ілулісат размешчаны за 200 км на поўнач ад Палярнага круга.

Гэты горад з'яўляецца сталіцай самай паўночнай камуны Каасуітсуп. Да 1996 года ён насіў дацкую назву Якабсхаўн, пасля быў дэкаланізаваны, атрымаўшы інуіцкую назву, якая перакладаецца проста як «айсбергі». 

Фіёрды заходняга берага Грэнладыі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Крыніцай назвы і асноўнай турыстычнай цікавосткай горада з’яўляецца аб’ект ЮНЕСКА — фіёрд Ілулісат. Улетку там бываюць натоўпы турыстаў. Як кажа беларуска, у гэтым гарадку ўвесь год нашмат больш актыўнасцей рознага кшталту, чым у іншых гарадах такога памеру.

Але знайсці жытло ў невялікім горадзе не так проста. 

«У горадзе вялікія праблемы з недахопам жытла, таму па прыездзе ты некалькі месяцаў жывеш у часовым жытле за кошт муніцыпалітэта. Калі твая чарга на жытло нарэшце падыходзіць, то ты пераязджаеш і пачынаеш плаціць за арэнду. Арэнда па дацкіх цэнах даволі танная.

Але калі ты працуеш не ў муніцыпалітэце, а ў працадаўцы няма жытла для супрацоўнікаў — гэта будзе вельмі цяжкі досвед. Бо здача жытла прыватна — рэдкая і дарагая справа».

Гарадок Упернавік. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Беларуску запрасілі працаваць у мясцовы аддзел планавання, дзе ўсяго трое супрацоўнікаў. Як адзначае дзяўчына, раней было чацвёра, але сёння камуна знаходзіцца ў рэжыме эканоміі.

«Праз тое, што спецыялісты аддаюць перавагу лепшаму клімату і знаходжанню бліжэй да сям’і і сяброў, калегі могуць мець самую розную адукацыю.

Адзін з калегаў — архітэктар па дыпломе, які пару дзесяцігоддзяў працаваў у іншай галіне, потым прайшоў трохмесячны курс гарадскога планіроўшчыка. Другая калега — палітолаг і магістарка ў гарадскім планаванні, але яе адукацыя неверагодна гуманітарная. Былая калега была наогул інжынеркай па адукацыі», — тлумачыць сітуацыю архітэктарка.

Забудова Ілулісата. Фота: Wikimedia Commons

Разам з грэнландскімі калегамі беларуска займаецца ў аддзеле планавання вялікай колькасцю розных спраў, але асноўную частку працы складаюць аналагі «дэталёвых планаў», якія трэба распрацоўваць, каардынаваць з палітыкамі, адпраўляць на грамадскія абмеркаванні, правіць, публікаваць і г.д.

Але таксама даводзіцца каардынаваць інфраструктурныя праекты, арганізоўваць правядзенне конкурсаў на назвы новых вуліц.

Сціплая прырода Грэнландыі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Дзяўчына тлумачыць, што сёння жыццё ў Грэнландыі сканцэнтравана на паласе зямлі між морам і лёдам, якая за апошнія некалькі тысяч год паспела адтаяць. На заледзянелай частцы таксама ёсць жыццё — навуковыя экспедыцыі і станцыі, але іх каардынацыяй займаюцца ўжо на больш высокім дзяржаўным узроўні. Праблем у вострава багата. 

«Хоць Грэнландыя і велічэзная, але населеныя пункты раслі там, дзе была добрая рыбалка і паляванне, таму цяпер гэтыя гарады маюць купу праблем — дзе з недахопам пітной вады, дзе з месцам для пашырэння, дзе проста з рэльефам», — беларуска называе выклікі, з якім даводзіцца працаваць.

Забудова Ілулісата. Фота: Wikimedia Commons

«Інуіты раней летам падарожнічалі і жылі ў палатках са скуры, а ўзімку збіраліся ў сталыя пасяленні, дзе былі будынкі з торфу. Палаткі дрэнна захоўваюцца, тарфяных будынкаў амаль не засталося, а асноўны і самы заўважны тып будынкаў — драўляныя тыпавыя домікі на адну сям’ю, даволі скандынаўскія па выглядзе. Што ў іх не скандынаўскага — яны амаль заўсёды яркіх колераў.

Шматкватэрная забудова з’явілася ўжо толькі ў 1970-я, і мае неверагодную вышыню ў тры паверхі (у іншых гарадах бывае інакш). Новабудоўлі вельмі сучасныя, але зусім не такія стылёвыя, як ранейшая забудова».

Сучасная архітэктура ў Грэнландыі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

На думку дзяўчыны, Грэнландыю нельга назваць багатым рэгіёнам. Тут вядзецца здабыча карысных выкапняў і перапрацоўка рыбы, але вельмі значную частку бюджэту Грэнландыі складаюць грашовыя выплаты ад Даніі.

«Вядзецца праца, каб гэта змяніць, шукаюцца новыя крыніцы даходаў, развіваецца турызм — але гэта вельмі складана, бо насельніцтва сканцэнтравана па беразе вострава, а Грэнландыя знаходзіцца няблізка да буйных партоў, і ўся лагістыка каштуе вельмі вялікіх грошай. Вельмі вялікіх грошай нават па дацкіх мерках, а ўсе, думаю, бачылі цэны на жыццё ў Даніі», — тлумачыць дзяўчына.

Пытанне самавызначэння жыхароў вострава беларуска называе суперскладаным.

Ілулісат. Фота: Wikimedia Commons

«Асноўнае насельніцтва вострава — грэнландцы-інуіты. У іх свая мова, свая культура, і яны доўга былі дацкай калоніяй, прычым закрытай — дабрацца сюды недатчанам было вельмі складана. Пасля Другой сусветнай, калі Грэнландыя паклікала да сябе ЗША з мэтай абароны, і інуіты пабачылі іншых іншаземцаў, не датчан, працэс аддзялення сябе ад Даніі запусціўся.

Цяпер, напрыклад, вывучаюцца магчымасці аддзялення ад Даніі, ёсць партыі, у якіх гэта прапісана ў праграме. Але працэс ідзе вельмі павольна. Часткова з-за таго, што прыблізна 60% бюджэту Грэнландыі — гэта «bloktilskud» — грошы, якія Данія і ЕС (хаця Грэнландыя выйшла з ЕС) проста даюць Грэнландыі.

Такую дзіру ў бюджэце ніхто сабе не можа дазволіць. Праблема недахопу кваліфікаваных кадраў не робіць задачу лягчэйшай». 

Ільдзіны каля Ілулісата. Фота: Wikimedia Commons

Грэнландцы больш не ваююць з прыродай за сваё выжыванне, хоць жыццё ў іх не самае простае. Умеюць мясцовыя жыхары і адпачываць, і, як адзначае беларуска, бавяць час на востраве вельмі разнастайна.

«Калі казаць пра рэчы, што нязвыклыя для Беларусі — ездзяць на сабаках, шмат палююць, шмат выходзяць у мора парыбачыць.

Традыцыйны грэнландскі вялікі прыём гасцей — кафемік (kaffemik) — таксама адрозніваецца ад звычайнага, бо доўжыцца палову дня, а госці прыходзяць на некаторы час: бавяць час, частуюцца і… сыходзяць. Часткова гэты выклікана і неабходнасцю — жытло грэнландцаў часта не вельмі вялікае, а сяброў, родзічаў і знаёмых заўсёды шмат».

Ноч у грэнландскім мястэчку. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Тое, што Ілулісат знаходзіцца за Палярным кругам, беларуску не вельмі турбуе.

«Тут з канца лістапада па 13 студзеня не ўзыходзіць сонца. Гэта не так страшна, у Мінску таксама ўзімку можна месяц сонца не бачыць.

Для мяне цяжэйшым быў палярны дзень, бо вось гэта было нешта сапраўды нязвыклае. А тэмпература ў -30 ℃ проста патрабуе яшчэ адной пары штаноў. І цярпення».

Грэнландскія пейзажы ўлетку. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Сярод рэчаў, якіх ёй не стае на востраве, дзяўчына назвае экалагічную адказнасць.

«Я была непрыемна здзіўленая, што каналізацыя выведзеная ў мора проста так, абсалютна без ачысткі. Канечне, калі гэтая каналізацыя наогул існуе ў горадзе.

Што смецце толькі-толькі пачалі сартаваць, і тое толькі ў буйных гарадах, а так яго проста спальваюць».

Напэўна найбольшая экзотыка на востраве — гэта самі беларусы. Беларуска чула ад калег з іншых гарадоў толькі пра аднаго суайчынніка, які працуе стаматолагам, але сама з ім дагэтуль не пазнаёмілася.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Не эксперт
    17.02.2024
    Дональд, лепш мёрзнуць у льдах, чым парыцца на зоне 
  • +10-30 темп.
    17.02.2024
    Цікава, дзе яшчэ нас не было.....
  • Хэлзбэлз
    17.02.2024
    "каналізацыя выведзеная ў мора проста так, абсалютна без ачысткі. Канечне, калі гэтая каналізацыя наогул існуе ў горадзе."

    Ці то гэты чалавек ідыёт, бо супярэчыць сабе, ці проста не ўмее выказваць свае думкі.

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»2

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»

Усе навіны →
Усе навіны

На Палессі сёння было мінус 8

У Бабруйску на 13-гадовай дзяўчынцы загарэлася адзенне, калі яна варыла пельмені

Сенсацыя ў Мастацкім музеі — пад «Дзяўчынай» рускага мастака Малявіна знайшлі іншую карціну6

84-гадовая жанчына падавілася чырвонай ікрой і памерла

Ва Украіне самымі небяспечнымі для ворага аператарамі дронаў сталі геймеры3

У Мазырскім раёне сусед шуфлікам забіў пажылую пару і забраў 500 рублёў1

Калі стануць вядомыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША?3

Рэзка вырасла колькасць аўтобусаў і легкавікоў на польскай мяжы

Праз 70 гадоў насельніцтва Кітая можа скараціцца ўдвая. Як палітыка аднаго дзіцяці траўмавала мільёны жанчын10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»2

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»

Галоўнае
Усе навіны →