Новалукомльскага пастара царквы Хрысціян веры евангельскай Аляксандра Зарэцкага затрымалі 22 лютага за тое, што ён маліўся за Украіну. З прысуджаных яму 15 сутак ён павінен быў выйсці заўтра, але 6 сакавіка яго паўторна асудзілі на тыя самыя 15 сутак — па ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў), піша «Хрысціянская візія».
Гэтым разам афіцыйнай прычынай для затрымання стала прамоўленая пастарам пропаведзь падчас набажэнства. І раней мясцовыя ідэолагі не раз прад'яўлялі пастару прэтэнзіі з нагоды зместу малітваў і пропаведзяў.
Аляксандр Зарэцкі і яго грамада падвяргаліся пераследу з боку сілавікоў ужо не раз. У ліпені 2021 года ў пастара адбываўся ператрус, у лістападзе 2021 года адміністрацыйная справа была распачатая з-за нязначных недакладнасцяў пры афармленні гуманітарнага грузу.
20 красавіка 2023 года пастар быў затрыманы па арт.19.11 КаАП РБ за лайкі і каментары да матэрыялаў з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі.
Пастар двойчы запар атрымаў арышт на 15 сутак, правёўшы за кратамі месяц.
Каментары