Прэс-сакратар МЗС Польшчы Павел Уроньскі 13 сакавіка назваў няслушнай інфармацыю пра двухразовае скарачэнне фінансавання тэлеканала «Белсат».
«Мы атрымалі ад Польскага тэлебачання (TVP) праект па мадэрнізацыі станцый, якія вяшчаюць за мяжой, і палічылі яго добрым. Няпраўда, што субсідыі тэлекампаніі «Белсат» скарацілі ўдвая», — цытуе чыноўніка onet.pl.
«Да гэтага часу нам даводзілася мець справу з паталагічнай сітуацыяй, калі чатыры тэлеканалы, якія не супрацоўнічалі адзін з адным, вяшчалі за мяжу на суму больш за 200 мільёнаў злотых (каля 50 млн даляраў). Эфект ад гэтага быў дрэнным. TVP вырашыла змяніць гэта, зрабіўшы TVP World флагманскай станцыяй, якая вяшчае на англійскай, рускай і нямецкай мовах», — адзначыў Уроньскі.
Прадстаўнік МЗС растлумачыў, што раней «Белсат» фінансаваўся на суму 22 млн злотых на год. У 2022 годзе гэтая сума была павялічаная да 63 млн, што тлумачылася аддзяленнем станцыі ад структур TVP. У 2023 годзе аб'ём фінансавання быў захаваны, а ў гэтым тэлебачанне запытала 75 млн, сказаў прадстаўнік ведамства:
«Гэтай сумы ніколі не было і няма ў Міністэрстве замежных спраў. Спадарыня Агнешка Рамашэўска кажа пра грошы, якіх ніколі не было».
Уроньскі адзначыў, што канал цяпер атрымае 40 млн злотых, але «ў той жа час, з дапамогай тэлебачання «Белсат», у якога ёсць людзі, вельмі добрыя спецыялісты, будзе падрыхтаваны рускамоўны канал на TVP World».
«Гэта грошы польскіх падаткаплацельшчыкаў, якімі мы стараемся распарадзіцца максімальна эфектыўна», — падкрэсліў прадстаўнік МЗС.
Пры гэтым Уроньскі заявіў, што на «Белсаце» плануецца працаўладкаваць 300 чалавек.
«Што значыць, што мне хопіць кіраваць?» Былая кіраўніца «Белсата» расказала, чаму яшчэ не гатовая пакінуць канал
«Каманда не будзе аспрэчваць лідарства Дзікавіцкага, але за ім будуць прыглядаць». Ці зменіцца «Белсат» з новым кіраўніком
Кіраўніком «Белсата» стаў Аляксей Дзікавіцкі
Дырэктарку «Белсата» звольнілі пасля 17 гадоў працы
Каментары