Пра звальненне мастацкага кіраўніка Віцебскага тэатра «Лялька» Віктара Клімчука даведалася «Люстэрка» ад дзвюх не звязаных паміж сабой крыніц.
На сайце тэатра старонка, прысвечаная Клімчуку, яшчэ не выдаленая, аднак, паводле інфармацыі «Люстэрка», звальненне адбылося яшчэ некалькі дзён таму.
Клімчука нібыта абвінавацілі ў невыкананні планаў, якія стаяць перад тэатрам. Хоць увогуле за гэтую задачу нясе адказнасць не мастацкі кіраўнік, а дырэктар калектыву. Аднак Клімчуку вынеслі вымову, што ўрэшце і прывяло да яго звальнення.
Віктар Клімчук нарадзіўся ў 1946 годзе на Брэстчыне, атрымаў адукацыю як акцёр, а затым як рэжысёр, у савецкі час працаваў у гарадах Расіі і Украіны.
«Выпадкова пачуў, што ў Беларусі ў Віцебску збіраюцца адкрываць тэатр. А я нарадзіўся на Брэстчыне, пацягнула ў родныя мясціны. Напісаў ліст у абласное ўпраўленне культуры і атрымаў адказ, што пакуль тэатр лялек не збіраюцца адкрываць, але Коласаўскі думае пра стварэнне лялечнай трупы. Я звязаўся з кіраўніцтвам і высветліў, што сапраўды патрэбны рэжысёр-лялечнік. Так я апынуўся ў горадзе на Дзвіне», — расказваў ён сам у інтэрв'ю.
Гэта адбылося ў 1985 годзе. Тады пры драматычным тэатры імя Якуба Коласа была створана лялечная трупа. У 1986 годзе быў сыграны першы спектакль — «Дзед і жораў» па п'есе Віталя Вольскага. У 1990-м трупа атрымала незалежнасць. Так узнік Беларускі тэатр «Лялька». Клімчук стаў першым мастацкім кіраўніком калектыву і заставаўся на гэтай пасадзе да гэтага часу.
Клімчук з'яўляецца заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Чалавекам года Віцебшчыны — 2011, ягоны калектыў быў неаднаразова адзначаны дыпломамі на прэстыжных міжнародных фестывалях.
Цяпер у Беларусі засталося ўсяго чатыры тэатры — «Лялька», Купалаўскі, Коласаўскі (апошні працуе ў Віцебску), а таксама Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі — якія паказваюць усе свае спектаклі на беларускай мове.
Каментары