Крыніца ў Пентагоне расказала пра вынікі ўкраінскай атакі ATACMS па Бранскай вобласці
Украіна ўпершыню ўдарыла па Расіі амерыканскімі ракетамі ATACMS у 1000-ы дзень вайны, атакаваўшы аб'ект у Бранскай вобласці. Пакуль дакладнай інфармацыі наконт атакі няма, але ёсць розныя версіі.
Агенцтва Reuters са спасылкай на неназваную крыніцу ў Пентагоне піша, што ўкраінская армія ўначы выпусціла восем ракет ATACMS, расійскія войскі перахапілі толькі дзве. Паводле яго слоў, мэтай удару быў склад боепрыпасаў.
Гэта прама пярэчыць версіі расійскага Мінабароны аб тым, што па аб'екце ў Бранскай вобласці было выпушчана шэсць ракет і пяць з іх былі збіты, яшчэ адна пашкоджаная.
У Генштабе УСУ толькі паведамілі пра ўдар па складзе боепрыпасаў у Бранскай вобласці, але не ўдакладнілі, якой зброяй ён быў нанесены.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў, што ЗША дазволілі біць па Расіі дальнабойнай зброяй.
Пры гэтым ён не стаў каментаваць удар па складзе ў Бранскай вобласці.
«Без лішніх дэталяў. У Украіны ёсць дальнабойныя магчымасці, ёсць дальнабойныя дроны ўласнай вытворчасці, у нас цяпер ёсць дальнабойны «Няптун», і не адзін. Цяпер у нас ёсць ATACMS. Мы ўсё гэта будзем выкарыстоўваць», — адзначыў Зяленскі.
Каментары