Падчас удару Storm Shadow пад Курскам быў паранены паўночнакарэйскі генерал — The Wall Street Journal
Выданне The Wall Street Journal, спасылаючыся на заходніх афіцыйных асоб, паведаміла, што падчас нядаўняга ўдару па камандным пункце расійскіх войскаў у Курскай вобласці, упершыню здзейсненага пры дапамозе брытанскіх ракет Storm Shadow, быў паранены высокапастаўлены генерал арміі КНДР.
Заходні чыноўнік не раскрыў, як менавіта гэты генерал быў паранены, але выданне адзначае, што гэта першы выпадак, калі заходнія афіцыйныя асобы ўвогуле пацвердзілі, што высокапастаўлены паўночнакарэйскі вайсковец стаў ахвярай расійска-ўкраінскай вайны.
Прадстаўніцтва Паўночнай Карэі пры ААН пакуль не адказала на просьбу The Wall Street Journal адносна каментара.
Па словах украінскіх і заходніх афіцыйных асоб, у сераду Украіна выпусціла па тэрыторыі Курскай вобласці не менш за 10 ракет Storm Shadow, пастаўленых Вялікабрытаніяй. Удар наносіўся па раёне гістарычнай сядзібы ў пасёлку Мар'іна, дзе знаходзіцца санаторый кіраўніка спраў прэзідэнта Расіі. Мяркуецца, што там мог знаходзіцца заглыблены камандны пункт, якім карыстаюцца расейскае і паўночнакарэйскае камандаванне.
Інфармаваны тэлеграм-канал «Досье шпиона» сёння паведаміў, што падчас удару загінулі 18 вайскоўцаў, яшчэ 33 атрымалі раненні. Сярод параненых канал назваў трох вайскоўцаў з КНДР — двое мужчын з цяжкімі раненнямі і адна жанчына-медык з лёгкім.
Прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі раней заяўляў, што любыя паўночнакарэйскія войскі, якія будуць ваяваць з Украінай, стануць «сумленнай гульнёй і сумленнымі цэлямі» для ўкраінцаў.
Са слоў Уладзіміра Пуціна ў ягоным вячэрнім відэазвароце, атакаваны быў адзін з камандных пунктаў расійскай групоўкі «Поўнач». У выніку атакі ёсць, маўляў, загінулыя і параненыя з ліку асабовага складу падраздзяленняў знешняй аховы аб'екта і абслуговага персаналу, але камандны і аператыўны склад пункта кіравання нібыта не пацярпеў і «ажыццяўляе ў штатным рэжыме кіраўніцтва дзеяннямі нашых войскаў».
Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»
Стала вядомая колькасць загінулых пасля першага ўдару ракетамі Storm Shadow па тэрыторыі Расіі
Storm Shadow сёння маглі ўдарыць па гістарычнай сядзібе на Куршчыне, дзе размяшчаўся расійскі камандны пункт
УСУ ўпершыню ўдарылі па Расіі брытанскімі ракетамі Storm Shadow
Le Figaro выдаліла інфармацыю, што Францыя і Вялікабрытанія дазволілі Украіне біць дальнабойнымі ракетамі
Каментары