Былы дзяржміністр Нагорнага Карабаха абвясціў у турме галадоўку 5 красавіка і перастаў выходзіць на сувязь
«Мы баімся за ягонае здароўе, за ягоны стан. Я думаю, што гэта не проста так», — кажа ягоны сын.
Сын былога дзяржміністра непрызнанай рэспублікі Нагорны Карабах (цяпер пад кантролем Азербайджана) Рубена Варданяна Давід распавёў тэлеканалу РБК, што яго бацька абвясціў галадоўку 5 красавіка, пасля гэтага сям'я не мела магчымасці з ім звязацца.
Па словах Давіда Варданяна, апошні раз ён бачыў бацьку асабіста да ад'езду ў Карабах, у жніўні 2022 года, а размаўляў з ім па тэлефоне ўжо пасля арышту — у мінулым лістападзе. Варданян-старэйшы выходзіў на сувязь раз на тыдзень і размаўляў з жонкай, Веранікай Зонабенд. Апошні раз гэта адбылося ў «першыя дні красавіка», тады ён распавёў, што збіраецца абвясціць галадоўку і пачаў адмаўляцца ад ежы.
Пасля гэтага званкоў ад Рубена Варданяна не паступала. «Мы баімся за ягонае здароўе, за ягоны стан. Я думаю, што гэта не проста так, што як раз у гэты час яму не далі больш яго рэгулярнага званка», — кажа Давід.
Варданян-малодшы дадаў, што супрацоўнікі Чырвонага крыжа былі ў яго бацькі яшчэ да абвяшчэння галадоўкі, на дадзены момант у сям'і няма магчымасці атрымаць дакладныя звесткі аб яго рэальным стане здароўя.
Рубен Варданян патрабаваў «міжнароднай прысутнасці» на судовым працэсе над ім, які павінен адбыцца ў маі, распавёў Давід. Ён падкрэсліў, што сям'я спадзяецца на тое, што пасяджэнне адбудзецца, паколькі першапачаткова суд павінен быў прайсці ў студзені, але яго перанеслі па прычынах, якія сям'і не назвалі.
«Ён заўсёды выступаў за вызваленне ўсіх армянскіх палонных, якія цяпер сядзяць у Бакінскай турме, уключаючы палітвязняў і нават падлеткаў і дзяцей, якія там сядзяць з 2020 года», — адзначыў Давід Варданян.
Варданян патрабуе неадкладнага вызвалення яго самога і астатніх армянскіх зняволеных і» своечасовага справядлівага і празрыстага судовага разбору ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі стандартамі», гаворыцца ў допісе ў фэйсбуку.
Варданян — прадпрымальнік і інвестар. Па выніках 2021 года Forbes ацэньваў бізнэсоўца ў $1 млрд, ён займаў 116-е месца ў рэйтынгу найбагацейшых расійскіх мільярдэраў. У верасні 2022 года ён адмовіўся ад расійскага грамадзянства і з'ехаў у Нагорны Карабах, дзе ўзначаліў урад непрызнанай рэспублікі. У лютым 2023 года ён сышоў у адстаўку, але застаўся ў сталіцы непрызнанай рэспублікі — Сцепанакерце.
Яго затрымалі і арыштавалі ў верасні 2023 года пры спробе выехаць у Арменію пасля «антытэрарыстычнай аперацыі» Азербайджана ў Карабаху, па выніках якой Рэспубліка спыніла сваё існаванне, адтуль пачалася масавая эвакуацыя армян.
Варданяна абвінавачваюць у незаконным перасячэнні мяжы Азербайджана ў верасні 2022 года, фінансаванні тэрарызму, стварэнні і ўдзеле ў дзейнасці незаконных узброеных фарміраванняў.
Каментары