«Могуць старанна прашманаць, а могуць адным вокам глянуць». Як цяпер адбываецца кантроль на мяжы з Літвой
Пачынаючы ад 3 чэрвеня Літва ўвяла забарону на ўвоз любых прадуктаў і напояў з Беларусі, але пазней нібыта зрабілі паслабленні. «Наша Ніва» пацікавілася, што цяпер адбываецца з правозам беларускай прадукцыі ў Літву.
Калі першыя суткі праз мяжу нельга было правозіць літаральна нічога, то цяпер людзям дазваляюць правозіць цыгарэты ў адкрытых пачках, а таксама патрэбныя ў дарозе прадукты вагой да 2 кг, якія мусяць быць распакаваныя.
Як пашанцуе
Падарожнікі, якія сёння перасякалі беларуска-літоўскую мяжу праз «Каменны Лог», кажуць, што мытнікі старанна аглядалі ўсе рэчы. Нельга правозіць нават адзін адкрыты пачак.
«Дазваляюць пакінуць толькі 1-2 цыгарэты, астатняе трэба выкідаць. Вадкасці для вэйпаў таксама не прапускаюць. Усе рэчы ў нас даглядалі старанна, вывернулі ўсё. Да ежы ставіліся выбарачна і па настроі», — піша адзін з карыстальнікаў спецыяльнага чата.
Іншыя распавядаюць, што мытнікі просяць адкрыць чамаданы, потым глядзяць і прамацваюць рэчы.
«Але як пашанцуе. Могуць старанна прашманаць, а могуць толькі адным вокам глянуць ці не адчыняць сумку наогул», — пішуць іншыя.
Людзі, якія часцяком ездзяць праз мяжу, адзначаюць, што пасля 3 чэрвеня час праходжання мяжы павялічыўся.
«Беларусаў хутка праходзяць, а далей чарга на нейтралцы, таму што літоўцы кожны аўтобус даглядаюць паўтары гадзіны з-за больш дбайнай праверкі».
Аўтобус, які а 6-й раніцы выехаў з Мінска, у Вільні быў а 15-й гадзіне.
Пасажыры адзначылі, што мытнікі правяралі багаж без асаблівага інтарэсу.
«Папрасілі адкрыць валізкі, сумкі, паглядзелі павярхоўна, крыху памацалі і ўсе».
Пры гэтым беларусы адзначаюць, што ў многіх людзей з сабой з харчавання не было нічога, апроч вады — паколькі ўсё з'елі, пакуль стаялі ў чарзе. Цыгарэты ў адкрытым пачку дазволілі правезці, алкаголь пад поўнай забаронай.
Людзі, якія ехалі аўтобусам 9 чэрвеня, кажуць наступнае:
«У нашым аўтобусе палову валізак паглядзелі, а потым сышлі. Мы былі ў самым канцы, ніхто нас не даглядаў».
«Толькі ў майткі засталося залезці»
«Абшманала мытніца ўсе рэчы, толькі ў майткі засталося залезці. Алкаголь, цыгарэты нельга весці, прадуктаў у мяне не было», — дзеліцца ўражаннямі кіроўца, які днём 11 чэрвеня праехаў мяжу на машыне.
«Прапускаюць толькі з ежай для асабістага карыстання, калі ўпакоўка адкрытая. Алкаголь пад поўнай забаронай, нават замежнай вытворчасці з Duty Free», — дзеліцца досведам пасажырка аўтобуса, які ехаў праз «Беняконі».
Незразумелай застаецца сітуацыя з транзітам. Карыстальнікі чата кажуць, што літоўскія мытнікі нібыта патрабуюць дэклараваць усе закрытыя прадукты харчавання і напоі, калі чалавек едзе транзітам.
Праз гэта ахвотных нешта везці няшмат.
Што тычыцца транзітных пасажыраў, то стаўленне да іх розніцца ў залежнасці ад змены і настрою канкрэтнага мытніка.
«Могуць прапусціць з прадуктамі і напоямі без асаблівых пытанняў, а могуць прычапіцца. Калі, напрыклад, цукерак будзе шмат, то хутчэй за ўсё прымусяць выкінуць», — пішуць у чатах.
Каментары