Культура22

У Магілёве знішчаць гістарычную электрастанцыю пад праект забудоўшчыка. Знос ізноў выдаюць за рэканструкцыю

Мясцовыя ўлады раней адмовілі помніку індустрыяльнай спадчыны ў ахоўным статусе. Цяпер на яго месцы ў гістарычным цэнтры пабудуюць нязграбны жылы дом, які падобны да хрушчоўкі.

У час «рэканструкцыі» ад гістарычнага будынка не застанецца анічога. Фота: Наша Ніва

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».

Грамадскае абмеркаванне рэканструкцыі будынка былой электрастанцыі па 2-м Крутым завулку пад шматкватэрны жылы дом прайшло ў маі. 

Нягледзячы на слова «рэканструкцыя» ў назве, актывісты адзначаюць, што ад гістарычнага будынка па факце не застанецца нічога, нават падмуркаў, як тое нядаўна адбылося з даваенным будынкам па вуліцы Нямізе ў Мінску.

Будынак першай магілёўскай электрастанцыі, прыстасаваны ў савецкі час пад жытло. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Паводле праекта замест 3-павярховага будынка мусіць з'явіцца 6-павярховы дом сумнеўнай якасці архітэктуры. Самі праекціроўшчыкі апісваюць яго вельмі кампліментарна:

«Эклектычнае змяшэнне стыляў у аздабленні фасадаў (панарамнае зашкленне лоджый, стварэнне цокальнага і міжпаверхавага карнізаў, дэкаратыўны руст на вышыню двух паверхаў) абумоўлена размяшчэннем будынка ў існай гістарычна складзенай забудове ў класічным стылі з захаваннем перыметральных прапорцый, аздабленчых матэрыялаў і каляровых рашэнняў, характэрных для навакольнай забудовы».

Але на рэндарах гэта звычайная прамавугольная скрыня з манатоннымі радамі аднолькавых акон, пафарбаваная ў тры колеры — такія можна пабачыць у самых танных раёнах любога беларускага горада. 

Пад «рэканструкцыяй» тут разумеецца поўны знос. Фота: Магілёўскі гарвыканкам.

Але будынак знаходзіцца ў самым цэнтры абласнога цэнтра, дзе зямля вельмі дарагая і яе так проста не атрымаць, а да архітэктурнага рашэння, здавалася б, мусяць падыходзіць з усёй адказнасцю. Але ў Магілёве лічаць іначай.

У 2022 годзе актывісты склалі прапанову, каб надаць будынку першай гарадской электрастанцыі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але чыноўнікі адмовілі на той падставе, што «ў выніку ўздзеяння фактараў прыроднага паходжання страчаны адметныя духоўныя і мастацкія вартасці», хоць будынак захаваўся цалкам, у тым ліку з дэкорам на фасадах. 

Фасады «элітнага» жылога дома ў гістарычным цэнтры горада нагадваюць хутчэй рэнавіраваную хрушчоўку. Фота: Магілёўскі гарвыканкам.

Святло над Дняпром

Пастанову аб неабходнасці электрыфікацыі горада гарадская ўправа Магілёва прыняла яшчэ ў чэрвені 1880 года, і ўжо ўлетку пачалося ўзвядзенне будынка электрастанцыі. Аднак гэта рашэнне было занадта паспешлівым, паколькі ні тэхнічны, ні эканамічны бок пытання былі яшчэ недастаткова прапрацаваны, працы былі надоўга спынены і аднавіліся толькі ў ліпені 1908 года.

Электрастанцыя размясцілася на тэрыторыі былога экзерцыргаўза (манежа), які быў узведзены па праекце вядомага рускага архітэктара Васіля Стасава ў 1815-1823 гг. падчас кватаравання ў Магілёве 1-й арміі і прызначаўся для ваенных практыкаванняў у халоднае і дажджлівае надвор'е.

Экзерцыргаўз на панараме горада, зробленай каля 1840 г. Фрагменты каласальнага для свайго часу будынка захаваліся дагэтуль, але таксама не ўзяты пад ахову. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

У 1870 годзе велізарны будынак экзерцыргаўза, які меў у даўжыню 100 м і быў перакрыты металічнымі арачнымі фермамі, згарэў і больш ужо ніколі не аднаўляўся. Ад яго захоўваліся мураваная агароджа двара і падпорная сцяна, якая існуе і сёння, але таксама не ўзята пад ахову.

Да пачатку XX стагоддзя ў многіх буйных гарадах Расійскай імперыі ўжо працавалі электрычныя станцыі, дэманструючы высокую прыбытковасць. 

Першая магілёўская гарадская электрастанцыя была пушчана ў эксплуатацыю 7 лютага 1910 года, даўшы першы пастаянны ток напружаннем 200-400 Вольт.

Нафта для працы электрастанцыі пастаўлялася з раёна Баку. Ад промыслаў яе везлі спачатку па Каспійскім моры танкерамі ў порты на Волзе, а ўжо адтуль па чыгунцы цыстэрнамі ў Магілёў. Звычайная двухвосевая цыстэрна ўмяшчала 15 тон нафты, яе хапала на два-тры месяца працы. З такой жа перыядычнасцю ў Магілёве абвяшчаўся аўрал па дастаўцы нафты на электрастанцыю.

Да гэтай аперацыі прыцягваўся ўвесь грузавы конны транспарт горада, бо вызваліць цыстэрну трэба было за шэсць гадзін, каб пазбегнуць штрафу. На зіму імкнуліся рабіць запас паліва, бо ўзімку здараліся праблемы з дастаўкай з прычыны снежных заносаў ці спынення рачной навігацыі.

Двухцыліндравы дызельны рухавік Нобелеўскага завода, які быў пастаўлены на магілёўскай электрастанцыі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Паколькі рухавікі падчас працы моцна награваліся, іх даводзілася бесперапынна астуджваць вадой. Для гэтага выкарыстоўвалі ваду з Дубравенкі, якая электрапомпай падавалася на станцыю ў сістэму ахаладжэння.

Пазней на электрастанцыю было пастаўлена яшчэ некалькі рухавікоў, за кошт пазыковых сродкаў (дадаткова прыцягнута 165 тыс. рублёў) і ў 1913 г. яе магутнасць была даведзена да 400 кВт. На гэтыя ж сродкі быў разбудаваны комплекс электрастанцыі, які складаўся з акумулятарнай устаноўкі, майстэрняў, дапаможных памяшканнях, кватэр для персанала (кіраўніка, машыніста), склада паліва, размеркавальнага шчыта, паветранах ліній электраперадачы.

Да 1913 сумарная магутнасць 4 генератараў склала 330 кВт. На электрастанцыі была пастаўлена акумулятарная батарэя, якая ў самы час пік давала магчымасць развіваць магутнасць электрастанцыі да 430 кВт. Зараджаючыся ў дзённыя і начныя гадзіны, яны служылі рэзервовай крыніцай.

У выніку радыус электразабеспячэння складаў прыкладна да 1200 м, адпаведна электрастанцыі магла забяспечваць энергіяй спажыўцоў, толькі знаходзячыся ў цэнтры горада, непасрэдна каля іх.

Нямецкі аэрафотаздымак 1943 года. Добра бачны сам будынак і аднапавярховая прыбудова з паўднёвага боку, а таксама савецкі тэатр «Чырвоная Зорка» і сквер на месцы экзерцыргаўза. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Спажыўцамі электраэнергіі былі жылыя, службовыя і грамадскія памяшканні (13,8 тыс. электралямпачак), 360 свяцілень вулічнага асвятлення, 3 прамысловыя прадпрыемствы. Як і ў Мінскай электрастанцыі, пераважала светлавая нагрузка, што і вызначала яе графік работы, які меў «правалы» ў летнія месяцы.

Да канца 1913 года на электрастанцыі меўся значны рэзерв магутнасцяў. Мелася і значная колькасць гараджан, якія жадалі падключыцца да электрычных сетак, бо былі хутка ацэнены зручнасць у выкарыстанні і пажарная бяспека электрычнага асвятлення.

На 1914 год планавалася электрыфікацыя вуліц Віленскай (сучасная вул. Лазарэнкі), Вялікай Мяшчанскай (сучасная Вялікая Грамадзянская — у раёне рачной прыстані) і іншых, а таксама ўстаноўка дадатковых электраматораў на прадпрыемствах. Электрыфікацыя праводзілася галоўным чынам шляхам будаўніцтва паветраных ліній электраперадачы. 

Электрычнасць пранікала ва ўсе сферы гарадскога жыцця і станавілася меркай прэстыжу і культуры. У горадзе з'явіліся кінатэатры. Адным з першых быў электра-тэатр «Чары» пабудаваны побач з электрастанцыяй, у наш час на гэтым месцы знаходзіцца кінатэатр «Чырвоная зорка».

Будынак электрастанцыі ў 1915 годзе. Аднапавярховая прыбудова на першым плане не захавалася. Аб’ём за ім быў набудаваны. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Далейшая гісторыя першай гарадской электрастанцыі цесна звязана з перыпетыямі Першай сусветнай і грамадзянскіх войнаў: перанос Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага ў Магілёў, Кастрычніцкая рэвалюцыя, Брэсцкі мір, нямецкая акупацыя, гіперінфляцыя. У выніку да лістапада 1918 года пасля адступлення нямецкіх войскаў і вызвалення г. Магілёва часцямі Чырвонай арміі магутнасць электрастанцыі зменшылася да 150 квт, г.зн. абвалілася ў 3 разы. Электрастанцыя была нацыяналізавана.

У сувязі з поўным разбурэннем гаспадарчых сувязяў унутры краіны, адсутнасцю нафты для працы электрастанцыі на поўную магутнасць была прадпрынятая спроба лімітаваць падачу электраэнергіі. З 15 студзеня 1919 года электраэнергія падавалася з 7-00 да 9-00 і з 18-00 да 01-00 гадзін штодня, а з 19 студзеня — увогуле адключаны ўсе спажыўцы акрамя савецкіх устаноў, якім электраэнергія пастаўлялася па заяўках.

Інтэр’ер электрастанцыі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

У ліпені 1919 з мэтай эканоміі нафты на электрастанцыі быў пастаўлены лакамабіль (паравая электрасілавая ўстаноўка на цвёрдым паліве) магутнасцю 150 кВт. 

З канчаткам грамадзянскай і савецка-польскай вайны, жыццё ўваходзіла ў мірнае рэчышча. У 1922 годзе праведзены капітальны рамонт электрастанцыі. Да канца 1924 года магутнасць электрастанцыі была даведзена да 400 кВт, то-бок дасягнула значэнняў 1914 года, а колькасць абанентаў склала 2300. У жніўні 1928 станцыя была пашырана, быў пастаўлены дадатковы новы рухавік, магутнасць станцыі вырасла да 950 кВт. У 1929 годзе электрастанцыя стала выпрацоўваць пераменны ток.

Калектыў электрастанцыі ў 1928 годзе. Унізе бачныя яе экстэр’ерныя і інтэр’ерныя здымкі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Да гэтага часу горад быў электрыфікаваны на 25-30 %, а колькасць насельніцтва ў ім складала 50 тысяч чалавек.

Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю ў 1930 годзе БелДРЭС і будаўніцтва ЛЭП 110 кВ і падстанцыі 110 кВ (1932) прамысловыя прадпрыемствы горада атрымалі сучасную энергетычную базу для рэканструкцыі і далейшага развіцця. Першы турбагенератар мясцовай цеплаэлектрацэнтралі (сучаснай ЦЭЦ-1), узведзенай для электразабеспячэння шаўковай фабрыкі і яе пасёлка, магутнасцю 5 тыс. квт быў уведзены ў эксплуатацыю ўвесну 1933 г.

Перабудаваны будынак у панараме гістарычнага цэнтра Магілёве на нямецкім здымку часоў вайны. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Будынак, перабудаваны пад жылы, у другой палове XX ст. Фота: Магілёўскі краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава

Пасля ўвядзення новай электрастанцыі ў верасні 1933 годзе магілёўская гарадская электрастанцыя была зачынена, а будынак быў перабудавана пад жылы дом, унутраная прастора разбіта на 2 секцыі па 3 паверхі.

Фасады былі кардынальна зменены: вялікія вокны закладзены чырвонай цэглай, замест іх прабіты новыя, зроблены балконы. Пры гэтым пры прабіўцы ўвага больш звярталася на ўнутраную планіроўку і сіметрычнасць размяшчэння, а не на існуючы дэкор фасадаў. Але што ўнікальна — стары дэкор ніхто не стаў збіваць, як гэта звычайна рабілася пры перабудовах.

Фасад будынка па 2-м Крутым завулку. Цёмным вылучаны вялікія праёмы электрастанцыі, прыстасаванай пад жыллё. Іх можна прасачыць па захаваных цагляных ліштвах. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Будынак былой электрастанцыі рэдкі прыклад, калі пры кардынальнай савецкай перабудове захавалі ўвесь стары цагляны дэкор. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Прыкладна ў гэты ж час было ліквідавана газавае асвятленне вуліц горада. Частка памяшканняў былой электрастанцыі выкарыстоўваліся Магілёўскімі электрычнымі сеткамі да 1970—х гадоў.

Спробы зберагчы 

У апошнія дзесяцігоддзе будынак быў адселены, закінуты і патроху разбураўся. Пажар, які адбыўся ўвесну 2022 года, падштурхнуў актывістаў падаць прапанову аб узяцці будынка пад ахову.

Пажар у будынку ў красавіку 2022 года. Фота: instamogilevlive

Пажары на закінутых помніках нярэдкасць: з аднаго боку іх засяляюць бяздомныя, якія разводзяць адкрыты агонь унутры, каб сагрэцца, з іншага — пажары адзін з інструментаў забудоўшчыкаў, каб вызваліць прынадныя ўчасткі ў горадзе ці зменшыць кошт рэканструкцыі і рэстаўрацыі — рабіць з нуля танней. 

На думку актывістаў, будынак першай магілёўскай электрастанцыі з’яўляецца найважнейшым сведчаннем індустрыяльнага развіцця горада, якое адзначыла карэнны пералом у далейшым развіцці ўсяго рэгіёна і спрыяла развіццю культуры, прамысловасці ды павелічэнню дабрабыту.

Перабудова пад жылы дом у 1930-я гады засведчыла сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні ў жыцці Магілёва пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і зацвярджэння камуністычнай ідэалогіі на Беларусі.

Эклектычны цагляны дэкор былой гарадской электрастанцыі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Сённяшняя ж архітэктура будынка гэта цікавы сінтэз напластаванняў двух стылістычных эпох — рацыяналістычнай «цаглянай» эклектыкі і савецкага канструктывізму — якія патрабуюць раскрыцця, дэтальнага вывучэння і ўключэння ў навуковы абарот. 

Аднак усё гэта пакінула абсалютна абыякавымі чыноўнікаў і членаў абласнога савета. У статусе гісторыка-культурнай каштоўнасці было адмоўлена па прычынах, якія не акрэслены ў законе. 

Будынак былой электрастанцыі з боку двара. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Актывісты мелі рацыю, сцвярджаючы, што без ахоўнага статусу на месцы электрастанцыі захочуць пабудаваць чарговы дысгарманічны жылы ці офісны будынак. 

Праект нязграбнага будынка члены архітэктурна-горадабудаўнічага савета Магілёўскага гарвыканама развярнулі, але па чыста фармальных прычынах: у цесным гістарычным цэнтры праекціроўшыкі не змаглі размясціць неабходную колькасць парковачных месцаў. Заказчыку прапанавана распрацаваць новы праект і зноў вынесці на грамадскае абмеркаванне.

Праект «рэканструкцыі» былой электрастанцыі. Фота: Магілёўскі гарвыканкам.

Заўваг пра тое, што ў цэнтры горада з'явіцца будынак нізкай архітэктурнай вартасці, ніхто не выказаў. Нарматыўную перашкоду праекціроўшчыкі лёгка змогуць абысці, зменшыўшы колькасць кватэр ці скарэктаваўшы генплан. Тады ўжо нічога не будзе замінаць знішчэнню гістарычнага будынка.

У Магілёве за апошнія гады не было ніводнага пазітыўнага прыкладу захавання гістарычнай забудовы. Былі вынішчаны ўсе гістарычныя будынкі па Вялікай Грамадзянскай вуліцы, мясцовыя ўлады спрабавалі пазбавіць ахоўнага статусу і знесці цэлую вуліцу Лазарэнкі, такую схему ўдалося ажыццявіць з палацам архібіскупа ў Пячэрску. Паступова вынішчаецца драўляная забудова. Нічога не прадпрымаецца дзеля навуковай рэстаўрацыі дамоў у гістарычным цэнтры.

І без таго моцна прарэджаны вайной і часамі савецкага кіравання гістарычны горад канчаткова страчвае сваё ўнікальнае аблічча — і мясцовыя ўлады не бачаць у гэтым ніякай праблемы. 

Як абяцалі аднавіць першую мінскую электрастанцыю і як «аднавілі» ў выніку. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

За апошнія гады ў Беларусі знішчана ўжо некалькі электрастанцый і безліч гістарычных прамысловых аб'ектаў.

Найбольш абуральным прыкладам з'яўляецца знос сталічнай электрастанцыі, якую абяцалі разабраць і пасля аднавіць дзеля будаўніцтва бізнэс-цэнтра, які ў народзе атрымаў назву «неКемпінскі». Па факце ж цэлы комплекс будынкаў, які меў афіцыйны статус помніка архітэктуры, знішчылі і забудавалі.

Кавалкі аднаго з фасадаў сабралі разам у зусім іншым месцы. У адказе на звароты грамадзян чыноўнікі пісалі, што помнік псеўдагатычнай архітэктуры парушае ансабль праспекту Незалежнасці, таму не можа быць адноўлены на гістарычным месцы. 

«Мануфактура» ў польскай Лодзі, адзін з найбольш вядомых прыкладаў прыстасавання прамысловай спадчыны пад новыя патрэбы. Фота: Wikimedia Commons

У еўрапейскіх гарадах індустрыяльную спадчыну актыўна прыстасоўваюць пад новыя функцыя, захоўваючы пры гэтым гістарычнае аблічча, а абсталяванне ператваецца ў музейныя экспанаты і атракцыёны для аматараў атмасферных месцаў. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Морква
    14.06.2024
    Какое убогое уродство
  • Было лепш
    14.06.2024
    Нагадвае рэканструкцыю Марупаля пасля захопу расейцамі

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбольшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна3

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбольшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах8

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

У Грузіі ўспыхнулі пратэсты пасля заявы ўрада пра адмову ад еўраінтэграцыі4

У Беларусі затрымалі грузінскага злодзея ў законе, які прарываўся з Расіі без пашпарта

Мінскае «Дынама» прайграла чацверты матч у Лізе канферэнцый ВІДЭА1

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах26

У Беларусі з'явілася новая гандлёвая сетка — Pole Kvetak3

Упершыню за паўстагоддзя вучоныя зрабілі прарыў у лекаванні астмы і хранічнага бранхіту

У Вялікабрытаніі судзяць групу грамадзян Балгарыі, якіх падазраюць у шпіянажы на Расію

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбольшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна3

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбольшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →