Ад сёння Літва мае намер увесці абмежаванні на ўезд аўто з беларускімі нумарамі
Але з выключэннямі — пра іх прасіла Святлана Ціханоўская.
Абнаўленне ад 17 ліпеня: Літва ўводзіць абмежаванні з 18 ліпеня 2024 года. Выключэнні для беларусаў — уласнікаў аўто будуць дзейнічаць толькі месяц. Падрабязней пра новыя правілы ўезду па спасылцы.
Нагадаем, з 16 ліпеня Латвія забараніла ўезд зарэгістраваным у Беларусі легкавым аўтамабілям. Забарона тычылася праезду праз мяжу з Беларуссю і Расіяй.
Яшчэ раней, з 9 ліпеня, свае абмежаванні ўвяла Польшча. Праехаць у гэту краіну цяпер могуць толькі ўласнікі аўтамабіляў на беларускіх нумарах. Калі ўласніка машыны няма ў салоне, то яе не пусцяць у Польшчу.
З 17 ліпеня абмежаванні для ўезду на аўто на беларускіх нумарах збіраецца ўвесці і Літва.
Наколькі вядома па розных крыніцах, правілы будуць бліжэй да польскага варыянту, чым да латвійскага.
Такім чынам, хутчэй за ўсё, заезд з Беларусі ў Літву на аўтамабілі з беларускімі нумарамі будзе дазволены толькі ў выпадках, калі ў машыне знаходзіцца ўласнік аўто.
Новыя абмежаванні звязаныя з 8-м пакетам санкцый Еўрасаюза (рашэнне ад 29 чэрвеня 2024 года) — ён у значнай ступені скарэктаваў беларускія санкцыі з аглядкай на расійскія.
Цяпер забаронены імпарт тавараў з Беларусі, якія дазваляюць Беларусі дыверсіфікаваць свае крыніцы даходу і ўдзельнічаць у расійскай агрэсіі супраць Украіны, калі гэтыя тавары паходзяць з Беларусі або калі яны экспартуюцца з Беларусі. У спіс такіх тавараў уваходзяць і легкавыя аўтамабілі.
Забарона на ўезд не распаўсюджваецца на транспартныя сродкі, прызначаныя для выкарыстання ў руху дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў.
***
Раней сёння Святлана Ціханоўская заявіла, што яе каманда знаходзіцца на сувязі з Польшчай, Літвой і Латвіяй, даводзячы неабходнасць зрабіць выключэнні для беларусаў, якія ўязджаюць у ЕС на сваіх аўтамабілях.
Рашэнне аб абмежаванні на ўезд беларускіх аўтамабіляў Ціханоўская назвала «паспешлівым і шкодным», якое «ў першую чаргу б’е па людзях, а не па рэжыме Лукашэнкі». І просіць адтэрмінаваць яго. Галоўны аргумент Офіса Ціханоўскай — заключэнне Рады ЕС па Беларусі, дзе прапісана важнасць кантактаў паміж людзьмі, у прыватнасці, шляхам падтрымкі мабільнасці, моладзевых і культурных мерапрыемстваў.
Пры гэтым Ціханоўскую запэўнілі, што абмежаванняў на рух аўтобусаў з Беларусі не будзе.
Каментары