Грамадства

«Нам пакупнікі часам вочы выядаюць». Колькі цяпер каштуюць сезонныя садавіна і гародніна ў фермераў і ў краме?

Цэнавы дыяпазон сярэдзіны гэтага лета на самыя простыя і хадавыя сезонныя агародніну, садавіну і ягады праманіторыла «Звязда».

Фота ілюстрацыйнае

Для пачатку карэспандэнтка адправілася на фермерскі рынак Валяр’янава. Ці сапраўды тут усё так дорага, як прынята лічыць?

З прыстаўкай «эка»

Гандлёвы комплекс «Валяр’янава» пазіцыянуе сябе як экарынак: экалагічна чыстую гародніну, садавіну, мяса і «малочку» фермеры прывозяць сюды з усёй краіны.

У будны дзень раніцай у гандлёвых залах прыгожа і нешматлюдна: прылаўкі вабяць фарбамі, а пакупнікоў няшмат. Але, сцвярджаюць прадаўцы, з другой паловы пятніцы і ўсе выхадныя на недахоп попыту скардзіцца не даводзіцца: якасць гарантуе продажы.

Ёсць у Валяр’янаве невялікі пакуль адкрыты рынак (ён пашыраецца) і дастаткова вялікі павільён. Сказаць адназначна, дзе сезонная прадукцыя таннейшая, немагчыма: па кожнай пазіцыі сітуацыя свая.

Для пачатку накіраваліся да памідораў-агуркоў. Цэны на першыя — аж да 15 рублёў (за асобныя эксклюзіўныя сарты) і да 4—5, агуркі можна набыць па цане ад 3 да 5 рублёў за кіло.

— Цэны змяняюцца кожную гадзіну, — расказвае прадавец Надзея. — Раніцай баклажаны прадавалі па пяць, зараз ужо па тры. Такая спякота — навошта, каб псаваўся тавар? Дыня была па 8, а зараз ужо 6.

Па таматах варыянтаў у Валяр’янаве цяпер маса — ад ружовых да чорных, жоўтых, зялёных, рознакаляровых і паласатых, ад «гігантаў» да чэры.

— Памідоры ўсе нашы, гродзенскія, у асноўным з Іўя, — расказвае суразмоўніца пра свой асартымент. — Вышэй шасці рублёў на памідоры цэн у мяне няма. Агуркі па тры з паловай. Салодкі перац — па 10, таксама гродзенскі, а востры перчык — ай, — махае рукой Надзея, — Штучка капеек з 80, а каму з пакупнікоў — і проста ў падарунак. А што вы думалі? У нас ёсць пастаянныя, любімыя пакупнікі.

Нібы ў пацвярджэнне яе слоў з’яўляецца адна з такіх пакупніц.

— Памятаеце, якую мне мінулы раз бульбу давалі? Ёсць такая сёння?

— Вядома! Пароль — «нясвіжская бульбачка», — смяецца Надзея. — У нас ёсць усё для любімага пакупніка!

— Бульба ў нас нясвіжская і з Баранавіч, — гэта яна кажа ўжо журналістцы. — Мытая — баранавіцкая, у іх ёсць машыны, якія яе мыюць.

Прадае «нацыянальны карняплод» Надзея па 3 рублі за кілаграм. У сярэднім у Валяр’янаве маладая бульба — ад 3 рублёў да 4,50.

Надзея — індывідуальная прадпрымальніца, 25 гадоў у гандлі, працуе менавіта з фермерскай прадукцыяй: цэніць якасць.

— Увесь тавар ідэальны, бачыце? Што буякі, што маліна… Нам пакупнікі часам вочы выядаюць, што на Камароўцы танней. Але ў нас прадукцыя адборная, фермерская. Самая лепшая — з Гродзеншчыны, — дзеліцца асабістымі прыхільнасцямі суразмоўніца. — Мне падабаецца тое, што вырошчваюць у Іўі. Віцебская вобласць таксама выдатна гародніну і ягады расціць, асабліва Бягомль. Там практычна не выкарыстоўваюць ніякай хіміі, усё вельмі экалагічна. Таму і аб’ёмы невялікія. Калі Гродзенская вобласць прывозіць, дапусцім, агурочкі, то гэта кілаграмаў са 100. А пінскія і альшанскія агуркі едуць фурамі. Я гродзенскую прадукцыю заўсёды імкнуся браць.

Ну, а калі не спадзявацца на чужое меркаванне, нават самае аўтарытэтнае, то ў Валяр’янаве прадстаўлена шырокая геаграфія, можна пакаштаваць ураджай практычна з усіх рэгіёнаў краіны.

— Мы — пінская фермерская гаспадарка, усё вырошчваем самі, — распавядае Наталля, якая гандлюе ў суседняй палатцы адкрытага рынку. — Спецыялізуемся на памідорах. Ужо гадоў з 20 імі займаемся. У нас на продаж — больш за 50 сартоў таматаў.

Самыя дарагія таматы ў Наталлі — па 15, але сярэдняя цана — 5—6 рублёў за кіло. А па вонкавым выглядзе тут такая разнастайнасць формаў і фарбаў, што да яе можна прыходзіць як у «музей памідораў»: некаторыя сарты вы, можа, ніколі і не бачылі. Напрыклад, часночны памідор (5 рублёў кіло).

— Насенне ў нас з усяго свету. Ёсць і індыйскае, і з Амерыкі.

— Індыйскія сарты ў нас растуць?

— Вядома. І памідоры, і іншыя культуры. Прывозілі мы, напрыклад, на продаж індыйскі белы агурок, які вырасцілі. Ён сапраўды белага колеру. Пакупнікам спадабаўся. Каб усё расло, патрэбны добрыя рукі. І веды, зразумела. І жаданне працаваць. Калі захочаш — вырасціш што заўгодна. Галоўнае — захацець. Гэта наша жыццё, — паказвае на скрыні з рознакаляровымі памідорамі суразмоўніца. — Мы гэтым жывём. А ўвогуле, на зямлі працаваць, зразумела, няпроста. У нас кажуць: на зямлі яшчэ ніхто не разбагацеў.

Наталля прапануе пакупнікам дзясяткі розных сартоў таматаў.
Наталля прапануе пакупнікам дзясяткі розных сартоў таматаў

Наталля тлумачыць, што раней шмат гадоў сваёй прадукцыяй гандлявала на Камароўцы, а зараз, вось ужо 4 гады — тут, у Валяр’янаве. І пастаянныя пакупнікі «перавандравалі» сюды за ёй.

— Усё вырошчваем у цяпліцах. На грунце — гэта калі ў каго вялікія гектары. У нас не такія аб’ёмы. Працуем круглы год, цяпліцы ў нас ацяпляльныя. Пра нас, пінчукоў, кажуць: маўляў, вы ўсё мераеце кватэрамі. Мусіць, так і ёсць. Дык вось, мой муж кажа: у нас ужо не адна кватэра ў цяпліцы ўкладзеная. І гэта праўда: укладанняў патрабуецца шмат.

Асабіста ёй, расказвае Наталля, больш за ўсё падабаюцца сарты памідораў, якія ў саспелым выглядзе застаюцца зялёнай афарбоўкі.

— Яны такія і павінны быць, — тлумачыць яна, пяшчотна ўзяўшы ў рукі «памідорны эксклюзіў» з вітрыны. — Гэты ўжо саспелы, навобмацак крышачку мяккі. У яго смак з фруктовымі ноткамі.

Тут жа можна набыць соусы і аджыкі, а таксама натуральны таматны сок — без солі і цукру, з розных сартоў памідораў (на кожным слоіку пазначана, з якіх): 20 рублёў за паўлітра.

Наогул, калі вы з тых, хто «любіць вачыма», вам — на фермерскі рынак: тут усё прыгожа, усё хочацца з’есці, а перад гэтым — сфатаграфаваць. Або напісаць алейнымі фарбамі на палатне.

Маладую белакачанную капусту ў Валяр’янаве прадаюць па 3 рублі за кіло. Квяцістая капуста (Смалявіцкі раён) — 10 рублёў за кіло. Морква ўраджаю гэтага лета — па 3,5—5 рублёў за кілаграм. Каб морква вырасла салодкай, ёй трэба шмат сонца, расказвае прадавец. Гэтым летам сонца ў Беларусі дастаткова, зямля прагрэлася, так што морква смачная. Як і малады бурак (па тым жа кошце). Кабачкі прапануюць за тыя ж 3 рублі.

Маладая цыбуля — зусім асобная гародніна, якая мае няшмат агульнага з цыбуляй «зімовай», якую мы купляем у лістападзе-сакавіку. Маладая — павінна быць салодкай і сакавітай, цвёрдай і хрумсткай. 

У Валяр’янаве зараз — менавіта такая, так што купляць гэтую пазіцыю аматарам варта тут. Просяць за кілаграм цыбулі сёлетняга ўраджаю гэтага года таксама 3 рублі.

Ліставая зеляніна дарагая, дзе б ні прадавалася. Усе гэтыя цыбулька-кропчык, пятрушка-базілік, шпінат-кінза, траўка ды лісцікі па факце выходзяць даражэйшымі за мяса. У Валяр’янаве вам давядзецца выкласці 5 рублёў за 100 г кінзы, рукалы і базіліка, 10 — за такі ж аб’ём размарыну (хоць можна знайсці і танней). Салаты ў асартыменце — 2,50 за 100 г. Лук парэй са Смалявіч прадаюць аж па 35 рублёў за кіло. Звыклыя зялёную цыбулю, кроп і пятрушку — па 2 рублі за 100 г.

А што наконт ягад?

— Маліны нятанныя, — прызнае прадавец. — Але вельмі якасныя, буйныя і салодкія. 20 рублёў за кілаграм. Шаўкоўніцы (іх лёгка зблытаць з ажынамі) — у тую ж цану.

— Шаўкоўніцы і ажыны падобныя, але ажыны на кусце растуць, а шаўкоўніцы на дрэве, — растлумачылі журналістцы.

Ёсць нават апошнія ўжо клубніцы — каштуюць, праўда, аж 30 рублёў за кілаграм (можна знайсці і па 25). Прадаўцы гавораць, сезон гэтых ягад скончаны, адсюль і кошт. З разраду «папесціць сябе» і лісічкі — 25 рублёў кілаграм. Беларускі брэнд апошніх гадоў, буякі, дэманструюць досыць шырокі роскід коштаў — ад 13 да 20 рублёў за кіло.

Ужо наступіў сезон кавуноў, і ў Валяр’янаве яны, зразумела, ёсць, але не беларускія, а з Казахстана і расійскія (Краснадар). Каштуюць 3—4,5 рубля за кілаграм.

— Беларускія кавуны пазней з’явяцца, — кажа прадавец.

Ёсць ужо першыя айчынныя грушы і яблыкі новага ўраджаю: белы наліў і іншыя раннія сарты. Каштуюць яны ў сярэднім 5 рублёў за кілаграм.

У пошуках альтэрнатывы

Каб параўнаць «з фермерамі» цэны на сезонную гародніну-садавіну, пасля таго карэспандэнтка адправілася ў адну з «народных» сеткавых крам. 

Выбар таматаў тут ёсць, вырашчаныя яны (у асноўным) у буйных гаспадарках, па выглядзе — досыць годныя, розных сартоў і колераў. Варыянтаў ад айчыннага вытворцы — сем (у дастаўцы, асартымент кожнай канкрэтнай крамы сеткі, зразумела, залежыць ад яе памеру).

Па цэнах — 4,29—4,99 да за кіло. Жоўтыя беларускія памідоры каштуюць 10,59 за кілаграм, чорныя (сорт Наомі, вырашчаны ў Нясвіжы) — нават 15,99. Беларускія чэры прапануюцца ад 9,65 аж да 22,99 за кілаграм. Ёсць імпартныя таматы — 5,89 (Польшча), 7,25 (Азербайджан), 6,49 (Турцыя). У цэлым можна купіць кілаграм самых звычайных памідорчыкаў на стол за тыя ж 5—6 рублёў. Агуркі гладкія айчыннай вытворчасці — класічны «зімовы» варыянт — на фоне памідораў танныя: 2,95 за кілаграм. Невялікія пупырчатыя — танней: 2,79.

Моркву новага ўраджаю з Расіі — не мытую і даволі бледную — можна набыць па 1,95. Беларускую, прыгожую, яркую і мытую — па 2,59. Айчынную белакачанную капусту ўраджаю бягучага года прапануюць па 1,19, расійскі грунтавы перац — па 5 без адной капейкі рублёў за кіло (іранскі, буйны, прыгожы, сорту «Каліфорнія» — 11,99). Маладая цыбуля з Казахстана — у межах 2 рублёў за кіло, фіялетавая (Узбекістан) — капеек на 50 даражэй, самая звычайная «рэпка» (той жа Узбекістан) — 1,74. Ранняя рэпчатая цыбуля айчыннай вытворчасці (на цэнніку пазначана: «фермерская») — 2,88 за кіло. Баклажаны — 8,69. Бульба ранняя, беларуская, ад 1,83 да 2,76 за кілаграм.

Кавуны ў краме ў асноўным расійскія, 3,89—4,99 за кілаграм у залежнасці ад сорту. Буякі (беларускія) можна набыць па 19.99 за кілаграм, ёсць варыянты на зніжцы. А вось свежыя маліны (Беларусь) абыдуцца ў 11 без капейкі рублёў за 125 г (або больш за 80 рублёў за кіло, што, вядома, уражвае).

Пра што ўсё гэта нам гаворыць? Пра тое, што трэба быць гнуткім і «купляць з розумам», выбіраючы розныя пазіцыі ў розных месцах.

Што тычыцца зеляніны, то яна па цэнах — у сярэднім ад рубля да двух за 30—50 г. Затое тут ёсць такая таварная пазіцыя, як мікразеляніна: прыхільнікі правільнага харчавання гэта ўжо ацанілі. Прычым мікразеляніна бывае ў асартыменце: гарох, сланечнік, капуста, буракі і г. д. Кошт — каля 3—4 рублёў за 80—100 г. На рынках, нават фермерскіх, мікразеляніны звычайна няма.

Каментары

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Усе навіны →
Усе навіны

Падатковая злавіла таксіста, які вазіў ад вакзала ў Мінску да Ждановіч за 105 рублёў. Ён трапіў на 180 тысяч9

У дзень выбараў у Мінску грамадскі транспарт будзе бясплатным4

У Мінску рабочыя затрымалі кур'ера махляроў3

У заходняй навуцы расце цікавасць да Беларусі. Але з перашкодаў не толькі матрошкі ды чабурашкі32

У Варшаве напалі на дырэктара праграмы Каліноўскага18

Больш за 100 сайтаў за 12 хвілін. Hoster.by расказаў пра масавую атаку на беларускія сайты

Вольга Лойка: Усё ідзе да таго, што Беларусь не давядзецца далучаць сілай — яна сама ўпадзе ў рукі Расіі16

У Беларусі ловяць усё больш нарказакладчыкаў з Расіі1

Расійскі анархіст атрымаў 16 гадоў калоніі і скончыў жыццё самагубствам у той жа дзень

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Галоўнае
Усе навіны →