За паўгода польскія памежнікі выявілі 800 беларусаў, якія нелегальна знаходзіліся ў Польшчы
Большасць трапілася на мяжы.
У I паўгоддзі 2024 года памежная служба Польшчы выявіла 796 беларусаў, якія нелегальна знаходзіліся ў Польшчы. У параўнанні з тым жа перыядам мінулага года такія выпадкі значна пачасціліся — тады выявілі 425 чалавек, піша Most.
Беларусы на другім месцы сярод замежнікаў, якія нелегальна знаходзяцца ў Польшчы. На першым — грузіны (1412 чалавек).
Як вынікае са статыстыкі памежнага ведамства Польшчы, часцей за ўсё праблемы выяўляюцца пры перасячэнні мяжы. 515 беларусаў, якія былі ў Польшчы нелегальна, выявілі на мяжы з Беларуссю. Яшчэ восем — на мяжы з Украінай і трох — у аэрапорце.
270 грамадзян Беларусі, якія не змаглі пацвердзіць законнасць знаходжання ў Польшчы, затрымалі ўнутры краіны. Часцей за ўсё іх выяўлялі на тэрыторыі Падляскага ваяводства (59 чалавек), а таксама Мазавецкага і Ніжнесілезскага (па 42 чалавекі).
Таксама пагранслужба выявіла 376 беларусаў, якія нелегальна працавалі ў Польшчы або ажыццяўлялі на тэрыторыі краіны гаспадарчую дзейнасць. Але маштаб гэтай з'явы зніжаецца. Для параўнання: за шэсць месяцаў 2023 года на тым жа парушэнні трапіліся 438 беларусаў.
Каментары