У расійскім Растове пракуратура запрасіла тэрміны да 24 гадоў калоніі 23 украінскім ваеннапалонным
Сярод іх ёсць і жанчыны. Большасць з іх — кухаркі, якія гатавалі ежу для вайскоўцаў палка «Азоў», але ім «свеціць» да 17 гадоў.
Пракуратура запрасіла тэрміны для палонных укранцаў, якія цяпер утрымліваюцца ў СІЗА-5 Растова-на Доне, піша «Медыязона»
Пракурор просіць прысудзіць Алену Аўрамаву, Алену Бандарчук і Лілію Паўрыянідзіс да 17 гадоў пазбаўлення волі; Ніну Бандарэнку, Наталлю Гальфінер, Ірыну Магіціч і Уладзіслава Майбараду да 16 гадоў; Арцёма Грабяшкова, Артура Грэцкага, Аляксея Смыкава, Яраслава Ждамарава і Аляксандра Мерачэнца да 23 гадоў; Анатоля Грыцыка, Алега Міжгарадскага, Аляксандра Мухіна і Мікіту Цімоніна да 22 гадоў; Алега Жаркова да 19,5 гадоў; Аляксандра Врха да 21 года; Марыну Тэкіну да 16,5 гадоў; Лілію Рудэнку да 19 гадоў; і Алега Тышкула да 24 гадоў.
Ужо абмененым на расійскіх вайскоўцаў Давіду Касаткіну і Дзмітрыю Лабінскаму абвінавачванне завочна запытала 24 і 23 гады адпаведна.
Паколькі жаночых калоній строгага рэжыму ў Расіі няма, пракуратура для палонных украінак патрабуе тэрміны з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму, для ўкраінцаў — строгі рэжым. Першыя некалькі гадоў мужчыны правядуць у турме і толькі потым будуць пераведзены ў калонію строгага рэжыму.
Супраць загінулага ў СІЗА Аляксандра Ішчанкі справу закрылі, таму тэрмін яму сёння не запытвалі.
Пракуратура лічыць даказаным, што ўсе падсудныя праходзілі службу ў палку «Азоў» і выказвалі «негатыўнае стаўленне да рускамоўнага насельніцтва», а таксама прытрымліваліся «праўкраінскіх радыкальных поглядаў».
Усяго па справе праходзяць 24 ўкраінцы. Усе яны ў розны час служылі ў «Азове» па кантракце або былі вольнанаёмнымі службоўцамі. Некаторыя ўдзельнічалі ў абароне Марыупаля і «Азоўсталі», іншыя на момант расійскага ўварвання ўжо пакінулі службу і былі затрыманыя ў сябе дома або пры «фільтрацыі».
Па справе праходзяць дзевяць жанчын, большасць з іх — кухаркі, якія гатавалі ежу для вайскоўцаў палка «Азоў».
Каментары
Міжнароднае права? Не , не чулі?
Хутчэй за ўсё паказальны суд над кухаркамі з гіганцкімі тэрмінамі зрабілі, каб набіць цану. Але, спадзяюся, Украіна не пойдзе на абмен "тэрмінатараў" на азоўцаў, як 1:1. Трэба, мінімум 5 азоўцаў за аднаго жаўтаротага расійца.