Выйшаў трэйлер «Чорнага замка» па рамане Уладзіміра Караткевіча ВІДЭА
У новай экранізацыі «Чорнага замка Альшанскага» ад «Беларусьфільма», знятай расійскім рэжысёрам, беларусам адведзены ролі другога плана.
У цэнтры сюжэта — малады прафесар Антон Косміч, які вывучае гісторыю краіны і містычным чынам пераносіцца ў Сярэднявечча. Галоўнаму герою трэба разгадаць таямніцы мінулых тысячагоддзяў. Падзеі будуць разгортвацца ў сучаснасці і ў часы Вялікага Княства Літоўскага.
Канал «Свяшчэнны Белавуд» звяртае ўвагу, што ў фільме сярод выканаўцаў галоўных роляў спрэс расійскія акцёры: ролю Антона Косміча сыграе Яўген Шварц, Алены — Лінда Лапіньш, Лыганоўскага — Яўген Стычкін, князя Вітаўта Альшанскага — Віталь Кішчанка. Беларускія акцёры таксама ёсць, але фігуруюць толькі на другім і трэцім планах.
Фільм па сцэнарыі прадзюсара Глеба Шпрыгава зняў расійскі рэжысёр Кірыл Кузін, аўтар стужак «Самы лепшы фільм», «Вайна палоў», «Залётчыкі». Шпрыгаў ужо два дзесяцігоддзі робіць тэлевізійныя серыялы рознай якасці пра вайну і спецслужбы: «Маёр Ветраў», «Апошні бронецягнік», «Чорны сабака», «Танкіст», «Акушэрка».
Кінастудыя «Беларусьфільм» выкупіла правы на экранізацыю рамана «Чорны замак Альшанскі» больш за 10 гадоў таму ў пляменніцы Караткевіча, але грошы на рэалізацыю знайшліся толькі цяпер.
Здымкі фільма пачаліся ў красавіку 2023 года. Натурныя сюжэты, у адрозненне ад ранейшага фільма на гэтую тэму, створанага ў 1984 годзе Міхаілам Пташуком, здымалі ў Беларусі. Маршрут быў пабудаваны ў тры дзясяткі лакацый. У тым ліку ў кадры мусілі апынуцца Мірскі замак, сядзіба Чапскіх у Прылуках, касцёл Святой Веранікі ў вёсцы Селішча і многія іншыя помнікі архітэктуры. З касцёлам у Селішчы ў маі таго ж года адбылася бяда — абвалілася вялікая частка сцяны, так што не факт, што ён з'явіцца ў фільме.
12 верасня стужку паказалі ў кінатэатры «Беларусь» дзяржаўнай прэсе і медыйшчыкам. У пракат фільм выйдзе 12 снежня.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Замяталін напіўся на «Беларусьфільме» і пачаў страляць з пісталета». Латушка расказаў, як змог звольніць ідэолага
Першае сумеснае кітайска-беларускае кіно пад пагрозаю з нечаканай прычыны
Лакіраваны сацрэалізм дыктатуры. Што паказалі ў ідэалагічнай стужцы «Культурны код»
Падарунак на юбілей? «Беларусьфільм» прыбраў з публічнага доступу шматпакутны фільм па апавяданнях Васіля Быкава
Каментары