У Мінску прадаюць 24-гадовую Alfa Romeo 166 за 15 тысяч даляраў. Што ў ёй такога?
Візуальна машына сапраўды выглядае вельмі файна.
Што за машына?
Аўтамабіль, выстаўлены на продаж у Мінску, 2000 года выпуску. Пад капотам у гэтай Alfa легендарны 2.5 V6 Busso на 190 к.с, які працуе ў пары з механічнай каробкай перадач. Машыну з дапрацоўкамі ацанілі ў 15 тысяч даляраў. Гаспадар у апісанні да аўто дадае, што гатовы разглядаць абмен на цікавы і эксклюзіўны аўтамабіль.
Шэсць гадоў новым абліччы
У аб'яве пазначана, што гэта не проста шараговая 166-я, а рэстаўрацыйны праект. У такім выглядзе яна знаходзіцца з 2018 года.
У аўтамабіля даволі багатая камплектацыя па мерках 2000 года, хоць і не самая топавая для гэтай мадэлі. Візуальна машына сапраўды выглядае вельмі файна. Скураны салон аўтамабіля, нягледзячы на ўзрост, таксама захаваўся ў добрым стане.
Нават дно аўтамабіля выглядае вельмі бадзёра для 24-гадовай машыны.
Заяўлены прабег аўтамабіля — 250 тысяч кіламетраў. Прадавец запэўнівае, што з 2018 года машына праехала ўсяго 35 тысяч кіламетраў. Эксплуатавалі яе толькі ў летні перыяд. Зімуе Alfa Romeo у падземным паркінгу.
Гэта падобна да праўды, што Alfa выкарыстоўвалі як аўто выходнага дня. Гэтая машына на пачатку лета 2020-га паспела засвяціцца ў СМІ, тады прабег аўто складаў 226 тысяч кіламетраў.
У тым жа інтэрв'ю было напісана, што ўласнік набыў гэтую машыну за суму каля 8 тысяч даляраў, што тады таксама было ў некалькі разоў больш за цэны, па якіх прадаваліся аналагічныя аўто.
Выглядае, што апошнія гады машына знаходзілася і эксплуатавалася ў Польшчы. Зацікаўленых у куплі прадавец просіць пісаць у інстаграм-акаўнт машыны, або ў тэлеграм на польскі нумар.
Каментары