Для пахудзення мужчынам і жанчынам патрэбныя розныя прадукты на сняданак
Даследаванні метабалізму паказваюць, што пол можа значна ўплываць на рэакцыю арганізма на ежу, асабліва падчас сняданку. Дык што ж варта есці мужчынам і жанчынам?
Ад таго, што мы ямо, залежыць наша здароўе, у тым ліку ўзровень цукру ў крыві, лішак тлушчу і ўзровень халестэрыну. Вучоныя правялі шмат даследаванняў уплыву розных дыет на пахудзенне, але рэдка звярталі ўвагу на такі фактар, як пол.
На гэтым, як паведамляе New Atlas, засяродзілі ўвагу даследчыкі з Універсітэта Ватэрлоа ў Канадзе. Вучоныя выкарысталі матэматычную мадэль метабалізму, якая была спецыяльна распрацаваная з улікам палавых асаблівасцяў мужчын і жанчын.
Гэтая мадэль дазволіла імітаваць дынаміку ключавых метабалічных адказаў на спажыванне розных страў, якія змяшчаюць змешаныя пажыўныя рэчывы (вугляводы, тлушчы і інш.), падчас сняданку, які лічыцца самым важным прыёмам ежы ў дзень.
Каб наладзіць сваю мадэль, вучоныя выкарысталі даныя з эксперыментаў, падчас якіх удзельнікі спажывалі стравы з высокім і нізкім утрыманнем вугляводаў і тлушчаў. Гэта дазволіла пераканацца, што мадэль дакладна адлюстроўвае рэальныя фізіялагічныя працэсы ў арганізме.
Вынікі, апублікаваныя ў часопісе Computers in Biology and Medicine, сведчаць пра тое, што метабалічныя адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі былі найбольш прыкметныя пасля кароткатэрміновага галадання.
Пасля некалькіх гадзін галадання метабалізм мужчын у сярэднім лепш рэагаваў на ежу з высокім утрыманнем вугляводаў. Таму ім на сняданак рэкамендуюцца з'ядаць аўсянку ці збожжавыя. А вось жанчыны лепш засвойваюць тлушчы. Таму ім больш падыдуць амлет ці авакада.
Асноўнай прычынай метабалічных адрозненняў паміж мужчынамі і жанчынамі з'яўляецца розніца ў тым, як іх печань і тлушчавая тканка захоўваюць і апрацоўваюць пажыўныя рэчывы.
Адна з аўтараў даследавання прафесарка прыкладной матэматыкі Аніта Лэйтан адзначыла:
«Паколькі ў жанчын у сярэднім больш тлушчу, чым у мужчын, можна было б падумаць, што яны спальваюць менш тлушчу, але гэта не так. Даследаванні паказваюць, што жанчыны назапашваюць больш тлушчу адразу пасля ежы, але таксама спальваюць яго больш падчас галадання».
Даследчыкі падкрэсліваюць, што іх мадэль можа стаць важнай асновай для стварэння персаналізаваных харчовых стратэгій, якія будуць улічваць палавыя адрозненні і дапамагаць паляпшэнню здароўя. Акрамя таго, мадэль будзе карысная для вывучэння метабалічных захворванняў і тэставання лекаў, мадэлюючы метабалічныя рэакцыі на новыя прэпараты.
У будучыні вучоныя плануюць стварыць яшчэ больш складаныя мадэлі, якія будуць улічваць вагу, узрост і стадыю менструальнага цыклу чалавека.
Ультраапрацаваныя прадукты могуць уплываць не толькі на наша цела, але і на мозг — навукоўцы
Топ амлетаў, якія не пакінуць вас абыякавымі. Рэцэпты
Як аптымізаваць свой біялагічны гадзіннік, каб не паўнець
Штодзённае спажыванне адной і той жа ежы можа выклікаць дэпрэсію
Рэцэпт на выходныя: тры стравы з авакада
Каментары