У Беларусі змянілі палажэнне аб парадку праходжання вайсковых і спецыяльных збораў, а таксама палажэнне аб парадку афармлення пастаяннага пражывання за межамі краіны. Адпаведная пастанова ўрада апублікаваная 15 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, звярнула ўвагу «Люстэрка».
Цяпер ваеннаабавязаным, якія прызываюцца на вайсковыя і спецыяльныя зборы, трэба паведаміць пра гэта не пазней чым за сем дзён да іх пачатку. Раней гэты тэрмін складаў дзесяць дзён.
«Ваеннаабавязаным, адабраным для праходжання збораў, не пазней чым за сем дзён да іх пачатку ўручаюцца позвы з указаннем тэрмінаў яўкі ў ваенны камісарыят, УКДБ па вобласці», — так цяпер павінна выглядаць частка П.17 змененага палажэння.
У дакуменце аб парадку афармлення пастаяннага пражывання за межамі Беларусі зменены ўзрост, з якога «ажыццяўляецца праверка наяўнасці альбо адсутнасці абавязкаў». Калі раней Згода ваенкамата патрабавалася для хлопцаў, якім «спаўняецца 16 гадоў у каляндарным годзе меркаванай даты вынясення рашэння замежнай установы аб афармленні пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь», то цяпер гэты ўзрост паднялі да 17 гадоў.
Каментары