Ізаляванае племя ў бразільскіх трапічных лясах знялі схаванай камерай
На кадрах з бразільскіх лясоў — голыя мужчыны з доўгімі палкамі. Па інфармацыі Нацыянальнага фонду карэнных народаў (Funai), яны належаць да так званага племя Масака (яно названае так у гонар ракі, якая працякае праз гэтую тэрыторыю).
Пра знятае племя напісалі The Guardian і бразільская газета O Globo.
Як уладкаваны побыт гэтага племя і на якой мове яно размаўляе, застаецца таямніцай, прыводзіць вытрымкі BILD.
Раней назіранні паказалі, што прадстаўнікі гэтага племя палююць з дапамогай трохметровых лукаў і перамяшчаюць свае паселішчы ў межах лесу ў залежнасці ад сезону. Для абароны ад чужынцаў Масака высаджваюць тысячы вострых шыпоў у зямлю — іх цяжка заўважыць. Гэтыя шыпы ўтыкаюцца ў ногі і могуць нават праколваць шыны.
Племя Масака знаходзіцца пад велізарным ціскам з-за жывёлагадоўлі, высечкі лесу і наркакартэляў. Тым не менш эксперты лічаць, што за апошнія 30 гадоў колькасць племя павялічылася са 100 да 200-250 чалавек.
Племя пазбягае кантактаў з сучасным грамадствам. Тым не менш фонд Funai рэгулярна пакідае для іх інструменты і падарункі. Гэта робіцца для таго, каб Масака не рабавалі фермы або лесанарыхтоўчыя лагеры — інакш могуць пачацца смяротныя сутыкненні.
У Бразіліі адсутнічае спецыяльнае заканадаўства, якое абараняе ізаляваныя плямёны. Таму аграіндустрыя ў прыватнасці часта парушае іх правы.
Каментары