«Закрываць трэба к чорту ўсе рэсурсы». Рэдактарка «Мінскай хвалі» вучыла расіян змагацца з апазіцыйнымі СМІ
Марына Субота прапанавала расійскім калегам радыкальнае рашэнне.
Галоўная рэдактарка радыё «Мінская хваля», якое ўваходзіць у структуру «Мінскай праўды», паўдзельнічала ў медыяфоруме краін СНД «Развіццё медыяў у свеце, які змяняецца». Але разуменне слова «развіццё» ў Марыны Суботы даволі спецыфічнае.
Прапагандыстка выступіла з дакладам пра барацьбу з фэйкамі. Так у Беларусі, ды і ў Расіі, называюць любую інфармацыю, якая не адпавядае афіцыйнаму дзяржаўнаму парадку. Субота прапанавала радыкальнае рашэнне праблемы апазіцыйных СМІ.
«Эфектыўней за ўсё для абароны ад фэйкаў — груба кажучы, заваліць уласнае медыяполе інфармацыяй. Калі гэта палітыка, то 10 меркаванняў сумніўных экспертаў перакрываем 100 меркаваннямі несумніўных экспертаў. 50 на 50 — дрэнны расклад для барацьбы ў інфаполі. Гэта латарэя: што першае прачытае карыстальнік?
Вось калі варожых паведамленняў 10, а нашых 100 — зусім іншы расклад. 10 фэйкаў проста патануць у патоку інфармацыі», — адзначыла Субота.
Ёсць у яе і другая прапанова — на той выпадак, калі першая на спрацуе.
«Як яшчэ зменшыць колькасць хлусні? Не зразумейце мяне няправільна, скажу, магчыма, крамольную для расіян рэч. Але, як паказвае наша практыка, закрываць трэба к чорту ўсе рэсурсы, якія займаюцца вытворчасцю фэйкаў. Закрываць!
Тэхнічныя абмежаванні доступу да сайтаў, абвяшчэнне Telegram-каналаў экстрэмісцкімі з адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасцю для грамадзян за супрацоўніцтва з такімі рэсурсамі, грамадскае асуджэнне за спажыванне такога кантэнту». І гэта ёсць стратэгія, а не тактыка. Захаванне дзяржаўнасці», — лічыць Субота.
Каментары
ці ёсць тут юрысты? падкажыце, на колькі артыкулаў (юрыдычных, не друкарскіх) нагаварыла гэта Субота