Праз гвалт, пагрозы і ўгаворы. Як ідэолагі забяспечваюць «народную любоў» да Лукашэнкі сярод медыкаў
Прапагандысты спрабуюць стварыць ілюзію, быццам уся краіна літаральна ўгаворвае Лукашэнку вылучыцца на наступны тэрмін. Канал «Белыя халаты» піша, што ў апошнія дні паступае мноства паведамленняў аб тым, як у розных дзяржаўных медыцынскіх установах, а таксама сярод студэнтаў медыцынскіх ВНУ праходзіць кампанія па зборы подпісаў: праз гвалт, пагрозы і ўгаворы.
Канал прыводзіць прыклад з санаторыя «Беларусачка». Збор подпісаў адбываецца наступным чынам: у кабінеты прыносяць спісы, у якіх адзначаны ўсе супрацоўнікаў, і патрабуюць ад іх паставіць подпіс, не тлумачачы, у чым чалавек распісваецца і для чаго. Лішнія пытанні не вітаюцца. Па сутнасці, гэта ўніверсальны сцэнар, які рэалізуецца ў дзяржустановах.
Адным з дзейсных рычагоў для тых, хто супраціўляецца, з'яўляюцца пагрозы «разгледзець, на якіх умовах жывяце ў інтэрнатах», калі не паставіце подпіс. Гэта тычыцца як студэнцкіх, так і сямейных інтэрнатаў. Як правіла, подпісы збіраюць наступным чынам: на ўваходзе ў інтэрнат стаяць ідэолагі, якія патрабуюць ад усіх жыхароў прайсці ў адзін з кабінетаў і паставіць подпіс за «правільнага кандыдата». Часам могуць патрабаваць распісацца ў спісе прама на месцы, які ляжыць на стале ў вахцёра.
Інтэнсіўнасць ціску, пішуць «Белыя халаты», залежыць ад ступені імпэту кожнага канкрэтнага ідэолага.
Часта гэтыя людзі вельмі ініцыятыўныя, не саромеюцца агучваць спушчаныя зверху паказчыкі. Напрыклад, у адной з бальніц Мінска начмед заявіў, што 90% персаналу павінны падпісаць.
Тых, хто адмовіўся, выклікаюць на размову да ідэолага.
Скончыцца гэта можа ўгаворамі: «не трэба падводзіць калектыў», «не стварай праблемы начальству» ці прамымі пагрозамі высялення з інтэрната або непадаўжэння кантракту.
У бальніцах і паліклініках супрацоўнікам прыходзіць рассылка: «Прыходзім заўтра з пашпартамі, будзем ставіць подпісы за Лукашэнку». Былі прэцэдэнты, калі за «аўтографамі» прыходзілі ў кабінеты дактароў прама падчас прыёму пацыента.
У медуніверсітэтах подпісы сярод студэнтаў збіраюць прама ў будынку навучальнай установы, прычым кантралююць, хто падпісаўся, а хто не.
Каментары
Але ж ПТРС 2020 застаецца назаўсёды!