Рыбак зачапіў вудай ЛЭП і памёр ад удару токам. Удава запрасіла велізарную кампенсацыю і адсудзіла добрыя грошы
Трагічны інцыдэнт адбыўся 3 ліпеня 2023 года на ўскраіне аграгарадка Бастынь у Лунінецкім раёне.
У гэтым месцы ёсць доўгая і шырокая канава, якая ўпадае ў раку Цну. Міма праходзіць чыгунка, а на сутыку канавы і рэек — невялікі мост. Тут і любіў рыбачыць мужчына, піша 1prof.by.
Уздоўж чыгункі праходзілі дзве паветраныя лініі электраперадачы (ЛЭП). Ад іх ідзе напружанне да 10 кілавольт. Рыбак, хутчэй за ўсё, зачапіў іх вудай, што і стала прычынай гібелі.
Цела мужчыны знайшлі ў той жа дзень. Па выніках экспертызы, смерць наступіла ад удару электрычным токам, што прайшоў праз правую руку. Эксперты таксама ўдакладнілі, што загінулы рыбак не быў п'яны.
Праверку па факце гібелі праводзіў Следчы камітэт і не знайшоў прычын пачынаць крымінальную справу. Тады жонка вяскоўца вырашыла звярнуцца ў суд. Яна падала пазоў супраць Баранавіцкай дыстанцыі электразабеспячэння Баранавіцкага аддзялення Белчыгункі.
Менавіта на балансе гэтага прадпрыемства стаяць лініі электраперадачы каля чыгункі. Яго начальнік у ліку іншага адказвае за інфармаванне насельніцтва аб небяспецы ЛЭП.
Падчас праверкі Следчага камітэта высветлілася яшчэ цікавая дэталь.
За пару тыдняў да трагічнага здарэння начальнік Лунінецкага раёна электразабеспячэння Баранавіцкай дыстанцыі атрымаў знакі аб забароне рыбнай лоўлі ў ахоўнай зоне ліній электраперадачы.
Гэтыя знакі павінны былі замацаваць на падведамасных арганізацыі апорах ЛЭП паблізу вадаёмаў. Аднак да 3 ліпеня на слупах над той злашчаснай канавай папярэджання ўсё яшчэ не было.
У выніку ў СК прыйшоў да высновы, што крымінальнага злачынства няма, аднак маецца склад адміністрацыйнага правапарушэння. Гаворка ідзе пра артыкул 21.2 КоАП (парушэнне правілаў аховы электрычных сетак). Гэта значыць, віна начальніка ўсё ж прысутнічала.
На гэтай падставе ўдава рыбака запатрабавала ад прадпрыемства кампенсацыю маральнай шкоды.
Жанчына заявіла, што смерць мужа і бацькі стала незаменнай стратай для сям'і, якая перажыла моцнае ўзрушэнне. Па словах вяскоўкі, яна пачуваецца адзінокай, пакутуе ад дэпрэсіі, бяссоніцыі і іншых праблем са здароўем.
Таксама жанчына распавяла, што загінулы быў выдатным бацькам, вельмі клапаціўся пра дзяцей. Ён хадзіў на мерапрыемствы і сходы: усё гэта было пацверджана характарыстыкай з установы адукацыі. Цяпер сынам вельмі не хапае таты, і ніхто не зможа пакрыць ім гэтую страту.
Вікторыя запатрабавала па 50 тысяч рублёў для сябе і для кожнага з сыноў у якасці грашовай кампенсацыі маральнай шкоды.
Органы апекі, якія былі закліканы абараняць інтарэсы дзяцей, падтрымалі пазоў у поўным аб'ёме.
Прадстаўнікі прадпрыемства на судзе заявілі, што яны не спрачаюцца з пазовам у прынцыпе. Там згодныя, што ў жонкі загінулага ёсць падставы для кампенсацыі шкоды. Аднак, на думку адказчыка, сума 150 тысяч рублёў занадта вялікая: яе варта «максімальна паменшыць».
Што вырашыў суд?
Суд прызнаў, што пазоў удавы рыбака падлягае задавальненню. Адначасова былі прынятыя довады ўладальнікаў ЛЭП і паменшаная сума шкоды.
Удава загінулага атрымала 15 тысяч рублёў, а сыны — па 10 тысяч рублёў кожны. Такім чынам, усяго сям'і дасталося 35 тысяч рублёў.
Таксама Баранавіцкую дыстанцыю электразабеспячэння абавязалі пакрыць пазоўніку 1369 рублёў выдаткаў на юрыста і выплаціць 333 рублі дзяржпошліны.
Каментары