Сяргей Нікіфаровіч прапаў у снежні 2023 года, а пасля знайшоўся ў СІЗА КДБ.
У судзе Ленінскага раёна Мінска пачынаецца працэс над 45-гадовым былым генеральным дырэктарам БелАЗа Сяргеем Нікіфаровічам. Кіраўнік аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны быў арыштаваны год таму, у снежні 2023-га. Адметна, што інфармацыю пра яго затрыманне тады распаўсюдзілі толькі недзяржаўныя медыя. Для дзяржаўных прапагандыстаў Нікіфаровіч нібыта проста знік — пра тое, што чалавека з кадравага рэзерву Лукашэнкі падазраюць у карупцыі, лепш не ўзгадваць.
Сяргея Нікіфаровіча судзяць па ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэкса — атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры (або арганізаванай групай, або адказнай асобай). Яму пагражае ад 5 да 15 гадоў калоніі.
Падзельнікаў у Нікіфаровіча двое.
Юрый Шустар працаваў начальнікам бюро пакупнога інструмента інструментальна-штампавой вытворчасці БелАЗа. «На БЕЛАЗе я працую ўжо вельмі даўно, з 1983 года. Планы я ўжо асабліва не будую, праз два гады на пенсію іду. Чым займацца буду на пенсіі? Адпачываць буду. Я і цяпер кожныя выхадныя куды-небудзь еду, бо ў Беларусі столькі месцаў добрых!», — казаў у 2022 Шустар у інтэрв’ю тэлеграм-каналу БелАЗа. Замест пенсіі ён апынуўся за кратамі.
Асоба яшчэ аднаго фігуранта справы выклікае здзіўленне. Гэта Андрэй Аляксандравіч Даронін. Чалавек з такім іменем быў намеснікам гендырэктара БелАЗа да 2017 года. Тады Дароніна арыштавалі за карупцыю і прысудзілі да 7,5 года зняволення. Пра далейшы яго лёс нічога не вядома. Калі ён вызваліўся? Ці змог зноў уладкавацца на БелАЗ? Ці Нікіфаровіча і Шустара абвінавачваюць у карупцыі за той перыяд, калі яны працавалі разам з Дароніным у сярэдзіне 2010-х? Адказаў на гэтыя пытанні пакуль няма.
Сам Сяргей Нікіфаровіч, як і большасць топ-менеджараў БелАЗа, працоўную кар’еру пачынаў на прадпрыемстве. У 2015-2017 яго перавялі ў Жодзінскі гарвыканкам. Пасля перайшоў у пінскі «Кузлітмаш», які ўваходзіць у холдынг БелАЗа — спачатку працаваў там намеснікам дырэктара, а пазней узначаліў прадпрыемства. А ўрэшце ў верасні 2020 года Нікіфаровіч вярнуўся ў БелАЗ генеральным дырэктарам.
Затрыманні і жорсткія крымінальныя прысуды на БелАЗе — не рэдкасць. Напрыклад, у канцы 2023 года асудзілі намесніка гендырэктара Алега Сцепука — 11 гадоў калоніі.
Каментары