Улады абвясцілі вайну чэргам на замену суставаў, але, падобна, пакуль прайграюць
Намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр Старавойтаў у каментары СТБ заявіў, што за 11 месяцаў гэтага года лекары замянілі пацыентам, якія маюць у гэтым патрэбу, 11,6 тысячы тазасцегнавых суставаў і 5,5 тысячы каленных. Пры гэтым чыноўнік змаўчаў пра тое, колькі людзей цяпер у чэргах і колькі з іх чакаюць аперацыю яшчэ з 2018 года. Дзякуючы дапамозе Belpol выданне «Люстэрка» атрымала ў распараджэнне аналітычную даведку ад РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, якую 23 кастрычніка ведамства накіравала ў Міністэрства аховы здароўя.
Чэргі цягнуцца з 2018 года, а тых, хто мае патрэбу ў замене суставаў, усё больш
Дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Міхаіл Герасіменка на сямі аркушах распісаў сітуацыю з заменай буйных суставаў у краіне. Адрасат ліста — першы намеснік міністра аховы здароўя Юрый Горбіч.
«У апошнія тры гады павялічылася патрэба ў эндапратэзаванні буйных суставаў (ЭКС) з прычыны старэння насельніцтва, негатыўных фактараў у дачыненні да міжнародных лагістычных ланцужкоў, адтэрмінаванага попыту на эндапратэзаванне з прычыны пандэміі, а таксама прамога ўздзеяння каранавіруснай інфекцыі на апорна-рухальную сістэму», — піша Герасіменка.
Ён адзначае, што з чэрвеня 2023 года «праводзіцца сістэмная праца па нарошчванні тэмпаў эндапратэзавання». Усё гэта — каб ліквідаваць чэргі, якія фармаваліся яшчэ з 2018 года.
Паводле статыстыкі, якую прыводзіць у аналітычнай даведцы Герасіменка, з 2018 года і раней чакаюць аперацыю па замене тазасцегнавога сустава дзевяць чалавек. Прычым усе яны з Мінскай вобласці.
Эндапратэзавання каленнага сустава больш за шэсць гадоў чакае 71 чалавек па ўсёй краіне (больш за палову з іх жывуць у Гомельскай вобласці).
З 2019 па 2021 год у чаргу на замену тазасцегнавога сустава стаў і да гэтага часу чакае аперацыі 51 чалавек. З каленямі сітуацыя горшая: тут чакаюць у тры разы больш — 160 чалавек па ўсёй краіне.
Апошнія два гады сітуацыя змянялася толькі ў горшы бок. Калі з 2022-га ў чарзе па замене тазасцегнавога сустава было 220 чалавек, то з 2023 года чакаюць ужо 1743 па ўсёй краіне. Сёлета запісаліся ў чаргу 9492 чалавекі.
Такая ж карціна па чэргах і на пратэзаванне каленнага сустава. У 2022-м сталі ў чаргу і да гэтага часу не праапераваныя 192 чалавекі, у 2023-м — 2851. Сёлета спіс папоўнілі 13 662 чалавекі.
Выходзіць, усяго ў Беларусі па стане на 23 кастрычніка «новы» тазабедраны сустаў чакалі 11 515 чалавек, а каленны — 16 938.
Пры гэтым па планах Міністэрства аховы здароўя ў гэтым годзе правесці аперацыі па замене тазасцегнавога сустава павінны былі 10 740 пацыентам (гэта значыць, мінімум 775 чалавек сваёй чаргі не дачакаюцца). З каленнымі сітуацыя ў разы горш: у плане на год усяго 6600 аперацый. Гэта на 10 тысяч менш, чым тых, хто мае патрэбу.
Больш за ўсё прозвішчаў у лісце чакання традыцыйна ў Мінску (прыкладна траціна ад усіх, хто стаіць у чарзе), а таксама ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях.
Недахоп спецыялістаў, пытанні па абсталяванні
Сістэмная праца «па нарошчванні тэмпаў» правядзення аперацый, па словах кіраўніка РНПЦ Герасіменка, уключае ў сябе некалькі пунктаў.
Першым ён называе падрыхтоўку новых кадраў. І прыводзіць прыклад: з чэрвеня 2022 года па кастрычнік 2024-га на базе РНПЦ траўматалогіі і артапедыі навучылі 225 траўматолагаў-артапедаў.
Праўда, не ўсе яны могуць рабіць аперацыі па эндапратэзаванні. Хоць з 2021 года колькасць спецыялістаў, якія валодаюць тэхнікай пратэзавання, вырасла на 27%, іх па-ранейшаму не так шмат — 253 па даных на 2024 год. У Мінску такіх спецыялістаў 33 (не лічачы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі), а на ўсю Віцебскую вобласць — 23 чалавекі.
Яшчэ адзін праблемны момант — абсталяванне бальніц.
«Матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне ўстаноў аховы здароўя горада Мінска ацэньваецца як такое, што патрабуе даўкамплектавання і абнаўлення», — адзначае кіраўнік РНПЦ.
Што менавіта неабходна абнавіць і даўкамплектаваць, у дакуменце спецыяліст не ўдакладняе. Затое расказвае, які ўстановачны інструментарый выкарыстоўваюць для эндапратэзавання.
У лідарах — прадукцыя беларускай кампаніі «Алтымед» і індыйскай Meril. Згадваецца і шведская кампанія Medacta. Усё астатняе, мяркуючы па колькасці, засталося з «дасанкцыйных» часоў. Напрыклад, прадукцыя нямецкіх кампаній Johnson & Johnson і Waldemar Link і Aesculap (гаворка пра матэрыялы ад DePuy, падраздзяленні Johnson & Johnson). Якія менавіта пратэзы плануюць закупляць далей, у дакуменце не ўдакладняецца.
Вырашаць праблему з чэргамі Герасіменка таксама прапануе за кошт павелічэння колькасці аперацый у дзень. Напрыклад, 6-й мінскай бальніцы прапануюць праводзіць мінімум дзевяць аперацый у дзень, а 11-й — мінімум шэсць. Як разлічвае Герасіменка, такі тэмп дазволіць калі не вырашыць цалкам праблемы з чэргамі, то як мінімум выканаць у сталіцы зададзены Міністэрствам аховы здароўя план на 2024 год.
Яшчэ адна мера — перанакіроўваць частку пацыентаў, якія стаяць у чарзе ў Мінску, на аперацыю ў РНПЦ. У пытанні эндапратэзавання навуковы цэнтр лічыцца асобнай адзінкай нароўні з рэгіёнамі.
«Справа артапедаў» і санкцыі
Праблема выйшла наяў пасля таго, як у канцы сакавіка 2022 года на ўсю Беларусь прагрымела «справа артапедаў». Тады па ўсёй краіне затрымалі дзясяткі медыкаў. Сярод іх былі загадчык аддзялення і нават галоўны ўрач. Усіх абвінавацілі ў атрыманні хабараў за лабіраванне эндапратэзаў пэўных вытворцаў.
Пасля гэтага прыватным клінікам (за выключэннем «Мерсі», звязанай з сям'ёй Аляксандра Лукашэнкі) забаранілі ставіць імпартныя пратэзы. У верасні 2022-га з'явіўся загад Міністэрства аховы здароўя, паводле якога ўсе імпартныя пратэзы павінны былі набывацца толькі праз дзяржаўнае прадпрыемства «Белмедтэхніка». Да таго ж па пастаўку пратэзаў паўплывалі ўведзеныя краінамі Захаду санкцыі.
Відавочна, што ўсё гэта не магло не паўплываць на сітуацыю з пратэзаваннем — чэргі маючых патрэбу сталі нашмат большымі і, як паказвае аналітычная запіска, працягваюць расці.
Хто будзе лячыць беларусаў? Улады мяняюць нелаяльных беларускіх медыкаў на мігрантаў
Беларусы, якім трэба мяняць каленны сустаў, бясплатна могуць паставіць толькі індыйскі. Чаму?
«Хворага паклалі на аперацыйны стол, а дактароў няма». Медык са «справы артапедаў» расказаў, як адкупляліся ад крымінальнай справы
«Адзін будзе мяняць, а двое — зашываць рану». Лукашэнка даручыў да канца года зрабіць аперацыі па эндапратэзаванні ўсім, хто стаіць у чарзе
Каментары