У Полацку праводзяць работы па рамонце помніка першадрукару Францыску Скарыну, піша Gorod214.by. Улады абяцаюць, што ягоны першапачатковы выгляд не зменіцца.
У рамках бягучага рамонту, па словах начальніцы аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірыны Зенчанковай, праводзіцца замена пашкоджанага гранітнага аздаблення пастамента. Таксама прадугледжаная рэстаўрацыя самога помніка.
Работы, як сцвярджаецца, праходзяць пры навукова-тэхнічным суправаджэнні, з захаваннем дадзеных спецыялістамі рэкамендацый.
Першы ў Беларусі помнік Францыску Скарыну быў пастаўлены на ягонай радзіме ў Полацку ў 1974 годзе. Вышыня бронзавай фігуры — 5,5 м, а скульптуры з пастаментам — 12 метраў. У 1976 годзе за гэты помнік скульптару Аляксею Глебаву была пасмяротна прысуджаная Дзяржаўная прэмія БССР.
У 2007 годзе помнік унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння.
Каментары