Прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава падтрымала патрабаванне беларускага намесніка міністра Юрыя Амбразевіча.
Расія лічыць неабходным удзел Беларусі ў мірных перамовах з Украінай. Пра гэта заявіла прадстаўніца МЗС Марыя Захарава, піша ТАСС.
«Мы высока цэнім і падтрымліваем мірныя намаганні Мінска, лічым важным і неабходным падключэнне нашага бліжэйшага саюзніка да магчымых перамоў, перагаворных працэсаў, якія будуць праходзіць з удзелам Расіі», — сказала яна.
Са слоў Захаравай, «улік беларускіх інтарэсаў, у тым ліку ў галіне бяспекі, належыць да абсалютных прыярытэтаў Расіі».
Днямі намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч заявіў, што Мінск прэтэндуе на «месца за сталом мірных перамоваў па Украіне, калі яны пачнуцца» і што Беларусь хоча атрымаць «гарантыі бяспекі».
Ва ўкраінскім МЗС яму адказалі, што Беларусь мае права прэтэндаваць толькі на «справядлівае разбіральніцтва ў рамках працэсу па прыцягненні агрэсара і яго паслугачоў» да адказнасці за злачынства агрэсіі.
Каментары