Маці дырэктара Нацыянальнага музея Амана з Рэчыцы. Ён прывітаў Лукашэнку па-беларуску
Генеральны дырэктар Нацыянальнага музея Султаната Аман шэйх Джамал аль Мусаві мае беларускія карані, піша Радыё Свабода.
Падчас афіцыйнага візіту ў Аман Аляксандр Лукашэнка наведаў Нацыянальны музей у сталіцы дзяржавы Маскаце.
Калі Лукашэнка выйшаў з аўтамабіля і запытаўся: «Кажуць, тут беларус ёсць?», Джамал Аль Мусаві адказаў па-беларуску: «Так. Добрай раніцы». Праўда, далей яны размаўлялі па-руску.
Звестак пра бацькоў гендырэктара музея няшмат. Нарадзіўся Джамал аль Мусаві ў Расіі, ягоны бацька некалі вучыўся і працаваў у Савецкім Саюзе, а маці Галіна родам з беларускай Рэчыцы.
Па прафесіі Джамал аль Мусаві культуролаг, вучыўся ў Брытаніі. Джамал аль Мусаві быў прызначаны генеральным дырэктарам Нацыянальнага музея Султаната Аман у 2017 годзе. Да гэтага ён працаваў куратарам Музэю сучаснага арабскага мастацтва ў сталіцы Катара Досе, рэгіянальным менеджарам мастацкіх праектаў краін Персідскай затокі, Іраку і Емена ў Брытанскай радзе.
Журналістам Джамаль аль-Мусаві расказаў, што сямейная сувязь з Беларуссю, паводле архіўных звестак, ідзе з пачатку XVIII стагодзьдзя. Ён таксама ганарыцца, што дзед быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. І што да гэтага часу ягоная сям’я падтрымлівае цёплыя адносіны са сваякамі, якія жывуць у Беларусі. Аманскі шэйх прызнаўся, што ў Беларусі адчувае сябе як дома. А сумуе больш за ўсё па прыроднай прыгажосці: «Па лесе. Лес, возера, рэкі. Мае продкі родам з Рэчыцы, на беразе Дняпра».
Джамаль аль-Мусаві прыязджаў у Мінск у 2019 годзе. У Нацыянальны мастацкі музэй ён прывозіў выставу «Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына» з калекцыі Нацыянальнага музея Султаната Аман.
Каментары