Жонка Башара Асада знаходзіцца ў крытычным стане з-за лейкозу. Лекары ацэньваюць яе шанцы як 50/50
Аб гэтым паведамляюць крыніцы брытанскага выдання The Telegraph, блізкія да сям'і Асадаў, якая нядаўна збегла з Сірыі ў Расію.
49-гадовая Асма Асад, жонка былога прэзідэнта Сірыі Башара Асада, была ізаляваная ад кантактаў з іншымі людзьмі з-за дыягнаставанага лейкозу. Паводле брытанскага выдання The Telegraph, лекары ацэньваюць яе шанцы як 50/50.
«Асма знаходзіцца ў крытычным стане і не можа кантактаваць з іншымі» — паведаміў адзін з суразмоўцаў выдання, які падтрымлівае сувязь з сям'ёй Асадаў.
Іншая крыніца ў Маскве адзначыла: «За апошнія тыдні стан Асмы заставаўся крытычным, а шанцы на выжыванне ацэньваліся як 50/50».
Згодна з The Telegraph, ізаляцыя Асмы Асад была неабходная, каб пазбегнуць рызыкі заражэння інфекцыйнымі захворваннямі. Некаторы час у Маскве Асму даглядаў яе бацька Фаваз аль-Ахрас, які, паводле крыніц, вельмі перажывае за стан дачкі.
Канцылярыя Башара Асада яшчэ ў маі 2024 года паведаміла, што ў Асмы быў дыягнаставаны востры міелаідны лейкоз — агрэсіўная форма раку, якая паражае касцяны мозг. Раней яна праходзіла лячэнне ад раку грудзей, але ў 2019 годзе абвясціла пра поўнае выздараўленне.
Асма Асад нарадзілася і вырасла ў Лондане. У Вялікабрытаніі яна працавала інвестыцыйным банкірам у амерыканскім банку JP Morgan. Яна выйшла замуж за Башара Асада ў 2000 годзе, у год, калі ён стаў прэзідэнтам Сірыі. Асма праз пасярэднікаў кантралявала ключавыя сектары сірыйскай эканомікі, уключаючы тэлекамунікацыі, нерухомасць, банкаўскую сферу і гандаль.
Башар Асад, які кіраваў Сірыяй на працягу амаль 25 гадоў, уцёк разам з сям'ёй у Расію пасля таго, як сірыйскія паўстанцы 8 снежня ўзялі пад кантроль сталіцу краіны Дамаск. Сам Асад пасля заявіў, што яго эвакуацыі ў Расію папярэднічалі «калапс сірыйскай арміі і параліч дзяржаўных інстытутаў». Паводле яго сцвярджэння, ад арміі і народа той не адмаўляўся.
Каментары