«Хаця б раз на тры дні павінен слухаць». Міліцыянер расказаў, як праслухоўваў беларусаў
Пачутыя звесткі і кантакты трэба запісваць у сакрэтны нататнік.
Былы супрацоўнік крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РАУС Магілёва Антон Пракапенка расказаў, як адбываецца праслухоўванне беларусаў. Гаворка менавіта пра размовы па мабільнай сувязі. Выглядае, што гутаркі праз месенджары сілавікі запісаць не могуць.
Раз на квартал, расказвае Антон Пракапенка, ім даручалі ставіць пэўных беларусаў на праслухоўванне — звычайна гэта былі людзі, якія раней прыцягваліся да адказнасці праз палітычны актывізм ці недзе засвяціліся.
«Па ўнутраных правілах ты хаця б раз на тры дні павінен быў слухаць размовы чалавека. У нас для гэтага была спецыяльная праграма на камп’ютары. Мы атрымлівалі ў пракурора санкцыю і запаўнялі дакументы для Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС. Адтуль нам тэлефанавалі і казалі логін і пароль, якія мы ўводзілі ў праграму. Для кожнага чалавека ён быў свой, то-бок самі мы праслухаць па сваім жаданні нікога не маглі. У спецыяльны сакрэтны нататнік ты пасля мусіў запісваць пачутыя звесткі, кантакты — з кім там чалавек размаўляў.
Калі шчыра, я амаль нічога не слухаў — проста раз на тры дні рабіў выгляд. Па-першае, не хацелася губляць на гэта час, бо працы і так было шмат. Па-другое, калі ты сапраўды нешта пачуеш, то гэта ж, выходзіць, чалавека трэба прыцягнуць да адказнасці — па вялікім рахунку, ні за што. Пры гэтым сваім сябрам і знаёмым я пастаянна даводзіў, каб яны ў чатах ці недзе яшчэ папярэджвалі людзей, што раз у квартал праводзяцца такія мерапрыемствы, каб тыя былі акуратныя».
Каментары