«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна
Падчас паседжання Вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам адбыўся займальны дыялог.
Відэа гэтага моманту апублікаваў крамлёўскі прапагандыст Павел Зарубін.
«Хачу папрасіць як старшыня: калі нашым назіральнікам цікавы наш саюз, я папрасіў бы іх прысутнічаць усё ж такі на паседжаннях, а не па тэлевізарах нам расказваць, як яны будуць з намі супрацоўнічаць. Нікол Ваваявіч, гэта вас не датычыць, мы ведаем, што вы не толькі пагалілі бараду, але і прыхварэлі крыху, таму мы ўспрымаем вас як новага, маладога — знешне прынамсі — члена нашага саюза», — выказаўся Лукашэнка.
Пашынян яму адказаў:
«Хачу ўдакладніць, што мы не пярэчым супраць правядзення паседжання Вышэйшай эканамічнай рады ў Мінску, але я хачу загадзя сказаць, што наша дэлегацыя возьме ўдзел у паседжанні ў рэжыме відэаканферэнцыі»
«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму вас падвезці? Ну, мы арганізуем дастаўку вашай дэлегацыі, калі трэба», — спрачаўся Лукашэнка.
«Аляксандр Рыгоравіч, я з гэтай нагоды выступіў з публічнай заявай і гэта заява застаецца ў сіле. Я не думаю, што гэта правільны фармат, каб абмяркоўваць гэтыя пытанні. Проста вы закранулі пытанне — я павінен быў адразу зрэагаваць, каб не было ніякіх недаразуменняў», — застаўся на сваім Пашынян.
Лукашэнка ў выніку сказаў, што разгледзіць гэта пытанне. «Можа, тэлевізара не будзе, каб вы дыстанцыйна выступалі», — заўважыў ён.
Каментары