Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?
Адвакат Аляксей Ярмошын, адзіны сын былой старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, памёр у 2017 годзе. Яму было 39 гадоў.
Аляксей Ярмошын памёр 10 чэрвеня 2017 года. Што здарылася з ім, афіцыйна не паведамлялася.
Некаторыя сябры казалі пра натуральныя прычыны — у Ярмошына былі вялікія праблемы са здароўем. Іншыя намякалі на тое, што прычынай мог стаць суіцыд — ён вельмі цяжка перажываў смерць свайго стрыечнага брата і блізкага сябра Вадзіма Капусціна, які разбіўся ў аўтакатастрофе за тыдзень да таго. Пасля гэтага Аляксея Ярмошына некалькі дзён не бачылі. Яго пачалі шукаць толькі, калі ён меўся сустракацца з кліентам, але не прыехаў.
У базе даных памерлых жыхароў Беларусі, якую атрымалі «Кіберпартызаны», у Аляксея Ярмошына прычынай смерці стаіць загадкавы код R99 — «іншыя недакладна пазначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці».
Раней судмедэкспертка тлумачыла ў каментары «Люстэрку», што такі код — R99 — звычайна выкарыстоўваюць у выпадках, калі было праведзена ўскрыццё цела, каб высветліць дакладную прычыну смерці чалавека, але на момант ускрыцця прычына смерці застаецца дакладна не зразумелай або выклікае сумневы.
«Што менавіта ён [доктар] можа падазраваць: захворванне ці гвалтоўную прычыну смерці, — на гэтым этапе невядома нікому, акрамя самога доктара», — тлумачыла судмедэкспертка.
Аналагічны код стаіць у пасведчаннях аб смерці Вітольда Ашурка і Уладзіміра Макея. І ў той, і ў іншай гісторыі ў грамадства засталося шмат пытанняў.
Апошнім месцам працы Аляксея Ярмошына была Мінская абласная спецыялізаваная юрыдычная кансультацыя №2. А дагэтуль ён быў намеснікам пракурора Фрунзенскага раёна Мінска.
Сям’і і дзяцей у Аляксея не было. Бацька яго, Дзмітрый Ярмошын, жыў у Калінінградзе і адносіны з сынам амаль не падтрымліваў.
«Уся мая сям'я — гэта мой сын», — казала Лідзія Ярмошына.
У ДТЗ загінуў бабруйскі хакеіст Вадзім Капусцін, пляменнік Лідзіі Ярмошынай
Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні
Афіцыйна пацвердзілася трагічная прычына смерці хакеіста Уладзіміра Цыплакова
Ярмошына: Прэтэндэнты ў 2020 — вырадкі. А я ўратавала краіну ад грамадзянскай вайны
Каментары