Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты
Зараз вам заўсёды ёсць з кім пагаварыць на роднай мове на самыя розныя тэмы. Ён таксама перакладзе для вас на беларускую любы тэкст з любой мовы.
З кожным днём удасканальваюцца тэхналогіі штучнага інтэлекту. Абяцаюць, што ў хуткім часе ён зможа самастойна браніраваць для вас паездкі, а з часам нават рабіць навуковыя даследаванні. Цяпер жа кожны з нас мае выдатную магчымасць абсалютна бясплатна карыстацца ChatGPT і пры гэтым садзейнічаць яго далейшаму ўдасканаленню.
Гэты чат-бот здольны генераваць тэксты, адказваючы на запыты карыстальнікаў.
Пры гэтым, як паказала наша практыка, калі яшчэ год назад да яго было шмат заўваг адносна беларускай мовы, то цяпер моўная якасць адказаў стала выдатнай.
Для таго, каб пачаць карыстацца ChatGPT, дастаткова стварыць уліковы запіс і ўвесці асноўныя даныя. У далейшым сістэма будзе захоўваць гісторыю вашых запытаў і прапаноўваць індывідуальныя рэкамендацыі для больш зручнага і прадуктыўнага карыстання. Пры гэтым яна выдатна будзе камунікаваць з вамі на беларускай мове.
Так, пры перакладзе, у адрозненне ад звыклых анлайн-перакладчыкаў, ChatGPT улічвае асаблівасці кантэксту, стылю і нюансаў мовы.
Перавагі перакладу праз ChatGPT вы пабачыце на простых прыкладах.
Возьмем тэкст на расейскай мове: «Во всех комнатах я сам монтировал систему «умный пол». В прошлом году он перестал нормально работать в детской. После включения он практически сразу отключался, как будто уже нагрелся (хотя это было не так). Просто гас датчик. Я подумал, что неправильно его уложил и нужно все переделывать. Решил, что разберусь с этим когда-нибудь потом»
Пераклад праз Google-перакладчык атрымаўся даслоўным і механічным. Так, напрыклад, слова «падлога» захавала мужчынскі род рускага слова «пол».
«Ва ўсіх пакоях я сам манціраваў сістэму «разумная падлога». У мінулым годзе ён перастаў нармальна працаваць у дзіцячай. Пасля ўключэння ён практычна адразу адключаўся, як быццам ужо нагрэўся (хоць гэта было не так)…».
А вось які вынік перакладу ChatGPT, нашмат лепшы:
«Усе пакоі я самастойна абсталяваў сістэмай «разумная падлога». У мінулым годзе яна перастала нармальна працаваць у дзіцячым пакоі. Пасля ўключэння падлога амаль адразу выключалася, нібыта ўжо нагрэлася (хоць гэта было не так)…».
Калі вам нешта не падабаецца ў перакладзе, то вы можаце зрабіць заўвагу ChatGPT, папрасіць запомніць кантэкст выкарыстання канкрэтнага слова.
Так пры перакладзе тэксту на англійскай мове: «Benchmark Treasury yields edged up toward 4.6% The yield on the 10-year note had settled Thursday at 4.577%. Investors are concerned about stubborn U.S. inflation and uneven growth, with data Thursday showing the number of new workers collecting unemployment benefits at its highest level since 2018»
сістэма выдатна разабралася з перакладам спецыфічнай тэрміналогіі, але нам не спадабаўся пераклад слова «data» на беларускую мову як «дадзеныя».
«Базавыя даходнасці казначэйскіх аблігацый павольна падымаліся ў бок 4,6%. Даходнасць 10-гадовай аблігацыі ў чацвер складала 4,577%. Інвестары занепакоеныя ўпартым узроўнем інфляцыі ў ЗША і няроўным эканамічным ростам, пры гэтым дадзеныя ў чацвер паказалі, што колькасць новых работнікаў, якія атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі, дасягнула самага высокага ўзроўню з 2018 года».
Пасля просьбы замест яго выкарыстоўваць слова «звесткі», яна выправілася.
Акрамя звыклага перакладу, ChatGPT на выдатнай беларускай мове дапаможа разабрацца ў асаблівасцях замежнай мовы.
Так спрабуючы высветліць, наколькі дакладны перакладчык перадаў словы Лукашэнкі, мы спыталі ў ChatGPT: «Ці можна сказаць так: We were discussing this fucking artificial intelligence».
І атрымалі адказ:
«Так, можна сказаць «We were discussing this fucking artificial intelligence», але варта ўлічваць кантэкст. Ужыванне слова «fucking» надае выразу вельмі моцную эмацыйную афарбоўку, якая можа выражаць раздражненне, гнеў або негатыўны сарказм. Гэта слэнг, і ён можа быць нефармальным або нават грубым у залежнасці ад сітуацыі.
Такі выраз больш падыходзіць для нефармальных размоў, асабліва калі вы хочаце моцна падкрэсліць свае эмоцыі. У афіцыйным кантэксце або ў ветлівай размове лепш выбраць іншыя словы, напрыклад, «frustrating,» «damn,» «infuriating».
Напрыклад:
We were discussing this damn artificial intelligence.
We were discussing this frustrating artificial intelligence».
Заўважым, што ChatGPT не заўсёды ідэальна спраўляецца з пастаўленымі задачамі, напрыклад, з перакладам устойлівых словазлучэнняў, фразеалагізмаў, але ён здольны вучыцца на сваіх памылках. Важна звяртаць увагу на недакладнасці і паведамляць пра іх.
Гэта асабліва актуальна для выкарыстання беларускай мовы: каб мадэль пастаянна паляпшала свае навыкі ў гэтым кірунку, неабходна актыўна размаўляць з ёй па-беларуску і выкарыстоўваць мову для фармуліроўкі задач.
Чым больш людзей будуць выкарыстоўваць беларускую мову ў камунікацыі з ChatGPT, тым больш матывацыі будзе ў яго стваральнікаў удасканальваць падтрымку гэтай мовы. Гэта важны крок для развіцця і пашырэння магчымасцяў беларускай мовы ў сучаснай тэхналагічнай прасторы.
ШІ-агенты заменяць праграмы: гендырэктар Microsoft прадказвае рэвалюцыю ў карыстанні камп’ютарамі
Ад браніравання паездак да здзяйснення навуковых адкрыццяў. Неўзабаве можа з’явіцца новая мадэль штучнага інтэлекту
ChatGPT, Bing і Аліса: якая з нейрасетак лепей валодае беларускай мовай і разумее наш кантэкст? Тэсцім
Штучны інтэлект ChatGPT o1 пачаў падманваць сваіх распрацоўшчыкаў
Каментары