Свет11

Новы Кітай: лідары новага пакалення не гавораць па-расейску, гавораць па-англійску

Сесія Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў (парламента), названая гістарычнай задоўга да яе адкрыцця, завяршылася цалкам прадказальна. Дэпутаты абралі старшынёй КНР генеральнага сакратара ЦК КПК Сі Цзіньпіна, а прэм’ерам Дзяржсавета — Лі Кэцяна.
Афіцыйна яны выбіраюцца на пяць гадоў, але па традыцыі працаваць будуць (калі не здарыцца нічога выключнага) два тэрміны. Таму і завецца гэтая перадача ўлады «зменай пакаленняў». Таварышы Сі і Лі — пятае пакаленне кітайскіх кіраўнікоў пачынаючы з Маа Цзэдуна.

Розніца пакаленняў відавочная. Калі правадыры трэцяга на чале з Цзян Цзэмінем яшчэ гаварылі па-расійску, а лідары чацвёртага (Ху Цзіньтаа і Вэнь Цзябаа) — толькі па-кітайску, то таварышы Сі і Лі па-расійску ўжо не гавораць катэгарычна, а вось па-ангельску — бегла.
Да ўлады прыйшло пакаленне, якое нарадзілася пасля ўтварэння КНР, большасць цяперашніх кіраўнікоў у той ці іншай меры пацярпелі падчас Культурнай рэвалюцыі, пасля яе атрымалі выдатную адукацыю, пасля працавалі на гаспадарчых і партыйных пасадах у розных правінцыях. Людзі дасведчаныя, яны маюць дакладнае ўяўленне пра тое, якім шляхам весці Паднябесную далей.

Рамантык і рэфарматар

Старшыню Сі часта называюць рамантыкам — не толькі за тое, што ў сваёй першай прамове ў якасці кіраўніка дзяржавы гаварыў пра кітайскую мару і заклікаў да «вялікага адраджэння кітайскай нацыі» і пачаў шырокамаштабную барацьбу з карупцыяй, але і таму, што спадзяецца ў гэтай барацьбе перамагчы і нацыю адрадзіць.
Яго мара — зрабіць Кітай квітнеючай і моцнай краінай. Старшыня ў Кітаі не абіраецца ўсенародна, а таму яму няма неабходнасці весці кампанію, пераконваючы народ у тым, што ён — найлепшы кандыдат на гэтую пасаду. Тым не менш, абраны на пасаду генеральнага сакратара ЦК КПК, Сі Цзіньпін зрабіў шэраг візітаў, якія даюць нядрэннае ўяўленне пра яго будучую палітыку.

Першы візіт быў у першую ж асаблівую эканамічную зону ў Шэньчжэні — любімым дзецішчы архітэктара рэформаў Дэн Сяапіна і бацькі Сі Цзіньпіна Сі Чжунсюня, які кіраваў правінцыяй Гуандун, дзе і размешчаны Шэньчжэнь.

Так таварыш Сі паслаў сігнал — рэформы будуць працягнутыя.
Потым ён наведаў два вельмі бедныя рэгіёны — у правінцыях Хэбэй і Ганьсу, гэта быў сігнал «я ведаю пра праблему і прыкладу ўсе намаганні, каб выкараніць беднасць». Яго пачулі. «Ён адзін з нас», — кажуць кітайцы, успамінаючы, што Старшыня ў юнацтве араў зямлю ў небагатай правінцыі Шэньсі.

У якасці галоўнакамандуючага Сі Цзіньпін наведаў некалькі вайсковых частак, ён марыць ператварыць Кітай у магутную ваенную дзяржаву з сучаснай і мадэрнізаванай арміяй. Дарэчы, новым міністрам абароны прызначаны куратар паспяховай касмічнай праграмы Чан Ваньцюань. Не варта забываць, што армія ў Кітаі — палітычны інстытут, які падпарадкоўваецца нават не кіраўніку дзяржавы, а галаве партыі — і Сі Цзіньпін у войсках папулярны (як у свой час быў папулярны яго бацька).

Рамантык Сі, які заклікае чыноўнікаў да самаабмежавання, які нагадвае пра традыцыйную кітайскую дабрыню і сціпласць, абяцае зрабіць грамадства больш справядлівым, але застаецца цвёрдым прагматыкам. Яго задача — «чысты» і эфектыўны ўрад, галоўнае — захаваць галоўную ролю КПК. Калі па эканамічных і тактычных пытаннях дыскусіі заахвочваюцца, то пра ролю кампартыі — не дапускаюцца.

Новы прэм’ер Дзяржсавета Лі Кэцян паступіў ва ўніверсітэт у 1977-м — гэта быў першы набор пасля заканчэння Культурнай рэвалюцыі, падчас якой ВНУ былі закрытыя праз непатрэбнасць.
Той час быў падобны да савецкай «адлігі» шасцідзясятых, з адчуваннем і прадчуваннем будучых пераменаў у палітыцы і эканоміцы. У студэнцкай маладосці цяперашні прэм’ер сябраваў з людзьмі, многія з якіх пасля сталі дысідэнтамі, а пасля разгрому дэманстрантаў на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе пакінулі краіну. Яго лічаць цвёрдым прыхільнікам рэформаў.
З пункту гледжання яго былых сяброў-дысідэнтаў і сённяшніх праваабаронцаў, галоўная пляма на рэпутацыі прэм’ера — спроба схаваць эпідэмію СНІДу, якая ахапіла ў пачатку нулявых правінцыю Хэнань, якую ён тады ўзначальваў.
Сотні сялян, якія здавалі кроў (для большасці гэта была ледзь не адзіная крыніца даходу), былі заражаныя ВІЧ праз шпрыцы і сістэмы пералівання.

Міністрам замежных справаў стаў Ван І, які да гэтага працаваў першым намеснікам міністра, паслом у Японіі і спецпрадстаўніком па Паўночнай Карэі. Так пасланы і замежнапалітычны сігнал: прыярытэтнымі застаюцца адносіны з ЗША і суседзямі, у тым ліку Расіяй — першы афіцыйны візіт у якасці кіраўніка дзяржавы Сі Цзіньпін зробіць у Маскву.

Сі Цзіньпін і Лі Кэцян сабралі вакол сябе ўрад, які многія ўжо назвалі «рэфарматарскім», паслаўшы тым самым свету магутны сігнал — рэформы ў Кітаі выходзяць на новы ўзровень.

Новае дзесяцігоддзе

Прыярытэтам застаецца эканамічнае развіццё. Галоўная бітва за светлую будучыню разгорнецца ў вёсцы. Прэм’ер Лі Кэцян — адзін з самых заўзятых прыхільнікаў паскоранай урбанізацыі. За наступнае дзесяцігоддзе плануецца выдаткаваць каля 6,4 трлн даляраў ЗША, каб перасяліць амаль 400 млн чалавек з вёскі ў гарады. Прыхільнікі урбанізацыі (а такіх ва ўрадзе большасць) лічаць, што яна дапаможа змяніць эканамічную мадэль — зарыентаваць яе замест экспарту на ўнутранае спажыванне. Чым больш у краіне прадстаўнікоў сярэдняга класа, тым устойлівей развіваецца эканоміка, а значыць, тым устойлівейшая і сама краіна, і яе становішча ў свеце.

Сёння сельскія жыхары — самая ўразлівая частка насельніцтва. Часцей за ўсё незаконнае адбіранне іх зямель робіцца крыніцай «інцыдэнтаў масавага характару» (акцый пратэсту). Тут трэба растлумачыць, што ўся зямля ў краіне належыць дзяржаве, але кожны селянін (а гэта вызначаецца месцам рэгістрацыі — хукоў) мае ў сваім пажыццёвым і перадаваным у спадчыну карыстанні надзел зямлі. Практычна ўсе пратэстныя акцыі апошніх гадоў звязаныя з незаконнай перадачай сялянскай зямлі пад будаўніцтва. Віцэ-прэм’ер Ван Ян (які хутчэй за ўсё будзе курыраваць сельскую гаспадарку) мае паспяховы вопыт кіравання такім крызісам. Акцыі пратэсту, якія прайшлі ў 2011 г. у вёсцы Укан правінцыі Гуандун, якой ён тады кіраваў, ускалыхнулі ўсю краіну. Ван Ян праблему змог урэгуляваць несілавымі метадамі — і адразу набыў рэпутацыю рэфарматара. Праўда, гэтая рэпутацыя каштавала яму месца ў Пастаянным камітэце Палітбюро ЦК КПК — органе з сямі чалавек, які рэальна кіруе Кітаем. «Старэйшыны» палічылі яго «занадта ліберальным» для органа найвышэйшага кіраўніцтва.

Сёння рызыкі для кітайскай эканомікі (а значыць, і для ўсяго грамадства) застаюцца велізарнымі.

Патэнцыял росту зніжаецца, многія эканамісты ацэньваюць магчымасці росту ВУП у найбліжэйшыя гады не больш чым у 8% (што для ўсяго астатняга свету — недасяжная мара, але для самога Кітая — спад),
а да 2020 г. і гэтая лічба знізіцца да 7,5%.

Сваім эканамічным цудам Кітай шмат у чым абавязаны шматлікай, а таму таннай рабочай сіле — больш за 200 млн былых сялян выехалі на заробкі ў гарады, дзе дзень і ноч працавалі за капейкі. Але гэтыя часы мінулі і, мабыць, незваротна: у мінулым годзе колькасць працаздольнага насельніцтва скарацілася (упершыню!) больш чым на 3 млн чалавек — і гэта толькі пачатак. Многія галіны ўжо заяўляюць пра недахоп працоўных рук і павялічваюць зарплаты для іх прыцягнення. А гэта непазбежна вядзе да павышэння сабекошту прадукцыі (праўда, на яе кошце адбіваецца таксама і няўхільная рэвальвацыя юаня). Між іншым, зніжэнне колькасці рабочых рук можа стаць і плюсам — перааснашчэннем вытворчасцяў, іх мадэрнізацыяй і робатызацыяй. Але гэта патрабуе часу і, вядома, грошай.

Да нядаўняга часу экспарт складаў амаль чвэрць ВУП, Кітай — першы ў свеце экспарцёр.
Зразумела, што далейшае пашырэнне праблематычнае — куды ўжо больш? Іншы нюанс — сусветны крызіс, у выніку якога людзі ва ўсім свеце пачалі менш купляць: кітайскія тавары ў ранейшых колькасцях ужо непатрэбныя.

У апошняе дзесяцігоддзе эканамічны рост Кітая ў значнай ступені грунтаваўся на велізарных дзяржаўных інвестыцыях у вытворчасць, інфраструктурнае і жыллёвае будаўніцтва. Акрамя таго што дзяржаўныя інвестыцыі і капіталаўкладанні маюць нізкую даходнасць, адным з пабочных эфектаў гэтага не заўсёды разумнага ўкладання сталі павышаныя цэны на нерухомасць.
Гэта выклікала такую негатыўную рэакцыю насельніцтва, што дзяржава ўжо другі год абмяжоўвае (праўда, без асаблівага поспеху) рынак новай нерухомасці.

Дзесяцігоддзі паскоранага росту не толькі ператварылі Кітай у эканамічную супердзяржаву і «сусветную фабрыку», але і прынеслі сур’ёзныя праблемы (многія з якіх запатрабуюць яшчэ дзесяцігоддзяў на рашэнне) — загубленае навакольнае асяроддзе і абуральную сацыяльную няроўнасць.
Новае кіраўніцтва краіны, усведамляючы вострую неабходнасць змены эканамічнай мадэлі, разумее і тое, што ў эканоміцы кітайскіх памераў перамены не адбываюцца хутка.

Каментары1

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары11

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскі тэатр імя Горкага закрыўся на рамонт. Якім ён будзе пасля абнаўлення3

Страх пустой прасторы. Што яднае готыку і савецкі бабушатнік?12

Інтэрвальнае галаданне можа дапамагчы схуднець але не палепшыць здароўе — навукоўцы

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Ілан Маск вярнуў статус найбагацейшага чалавека ў свеце, пабіўшы ўласны рэкорд4

Ультраправая прыхільніца тэорый змоваў стане рэгуляваць урад ЗША25

Рычард Гір прадставіў новы серыял, у якім свае 20 секундаў славы атрымала і Беларусь2

На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю2

У беларускіх лясах пайшлі зімовыя апенькі. Якія яшчэ грыбы не спужаліся першых снегападаў?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары11

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →