5 мая ў Мінску адкрыўся Першы навуковы кангрэс беларускай культуры. У кангрэсе выказалі жаданне ўдзельнічаць 330 чалавек не толькі з Беларусі, але і з Аўстрыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Ірана, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Японіі. Кангрэс — сумесны праект Міністэрства культуры і Акадэміі навук, прымеркаваны і прафінансаваны ў межах абвешчанага ў Беларусі Года культуры.
Пленарнае пасяджэнне адбывалася ў халоднай зале прэзідыума Акадэміі навук. Зала была запоўненая на 70% (прысутнічала 180—200 чалавек). Праўда, як выявілася, вялікую частку аўдыторыі складалі студэнты творчых ВНУ, якія сыходзілі пасля кожнага дакладу.
Пасяджэнне вёў акадэмік, старшыня аддзялення гуманітарных навук НАН Аляксандр Каваленя.
«Культура — душа народа, а якая душа без песні» — аб’явіў ён.
І хор «Акадэмія», складзены з навукоўцаў, выканаў перад іншымі навукоўцамі некалькі беларускіх народных песень, а таксама «Мой родны кут» і «Купалінку» ды адну песню па-польску.
Багдановіч, Купала, Лукашэнка
Наступную гадзіну занялі прывітанні ад вышэйшых чыноўнікаў і рэктараў ВНУ мастацкага кірунку. Ніхто з міністраў не прыйшоў прывітаць Кангрэс асабіста.
Акадэмік Аляксандр Сукала зачытаў прывітальнае слова ад прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова — па-руску.
Кабякоў заклікаў да актывізацыі культурнай дзейнасці для далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця і дыялогу, які навукоўцы павінны ўсталяваць паміж грамадзянскай супольнасцю і ўладамі.
Рэшта прывітальных слоў гучалі па-беларуску.
Старшыня Савета рэспублікі Міхаіл Мясніковіч у сваім лісце працытаваў Купалу, зазначыўшы, што за 25 апошніх гадоў Беларусь заняла «свой пачэсны пасад між народамі».
Шчымлівае прывітанне сказаў намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі, працытаваўшы Багдановіча: «Нашто на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор».
У прывітальных словах чыноўнікі пералічвалі дыяменты беларускай культуры: крыж Ефрасінні і слуцкія паясы, мастакоў Кандзінскага, Малевіча, Савіцкага і Кашкурэвіча, пісьменнікаў Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Багдановіча, Купалу і Коласа, Караткевіча, успаміналі словы апошняга пра культуру як вышэйшы сродак зносін паміж людзьмі.
Адзін раз узгадалі і беларускага нобелеўскага лаўрэата — праўда, не называючы імя.
Сярод дасягненняў Беларусі ў культурнай сферы называлі выяўленне і вяртанне архіву Агінскіх, даспехаў Радзівілаў, Слуцкага Евангелля.
Лукашэнку чыноўнікі згадвалі ці не ў кожным прывітанні, а хтосьці і па два разы: казалі пра яго дзейнасць па развіцці нацыянальнай культуры, спасылаліся і цытавалі выказванні пра культуру і беларушчыну.
З горных вяршынь Каўказа
Першы пленарны даклад чытаў галоўны арганізатар кангрэсу, мастацтвазнаўца Аляксандр Лакотка. Даклад называўся «Архітэктурная спадчына як аснова нацыянальнай ідэнтычнасці ў еўрапейскай прасторы». Выступоўца патлумачыў, чым ідэнтычнасць беларускага горада адрозніваецца ад ідэнтычнасці заходнееўрапейскага: гэта былі гарады з сенакосамі і выганамі; тут быў кантраст срэбнага дрэва і беласценных храмаў.
Другі дакладчык, расійскі даследчык архітэктуры Уладзімір Бясолаў пачаў свой выступ словамі «беларускі этнас, прысвячаю табе гэты даклад!»
На ўсе лады расхваліўшы беларускую школу архітэктуразнаўства, Бясолаў зазначыў, чаго ёй не стае: увагі да пісьмовых і выяўленчых крыніц, бібліяграфіі — зводнага ўказальніка, гістарыяграфіі — навукова-крытычнага агляду спецыяльнай літаратуры, бія-бібліяграфічнага слоўніка і серыі кніг пра асабістае і прафесійнае жыццё даследчыкаў горадабудаўніцтва. «Нашчадак аланаў з горных вяршынь Каўказа сочыць за архітэктурнай думкай сваіх беларускіх калег», — жартаваў даследчык.
Беларусы Калінінграда
Рэгіна Грыгор’ева прачытала даклад з цікавай статыстыкай пра дэмаграфічны партрэт беларусаў Калінінградскай вобласці.
Цяпер беларусаў у Расіі больш за паўмільёна, а ў Калінінградскай вобласці кожны 29-ы лічыць сябе беларусам. Да 2010 года беларусы былі другой па колькасці нацыянальнай групай, саступіўшы цяпер украінцам. Калі ў 1945-м на Патсдамскай канферэнцыі было прынятае рашэнне пра перадачу часткі Усходняй Прусіі СССР, немцаў прымусова дэпартавалі ў Германію, а вобласць стала засяляцца выхадцамі з цэнтральных рэгіёнаў Расіі і БССР. На кожную нацыянальнасць былі квоты, і ў першыя гады ў вобласць засяліліся 54 тысячы беларусаў з Беларусі, Смаленскай і Бранскай абласцей. Адміністрацыя спрабавала кампактна рассяляць народы, і ў канцы 40-х гадоў некалькі раёнаў былі заселеныя амаль на 50% беларусамі.
Траціна беларусаў Калінінградчыны да 1953 года вярнулася на радзіму. Але колькасць беларускай дыяспары ўсё адно расла — за кошт натуральнага прыросту, які ў вобласці быў у 1,5-2 разы большы чым па СССР: насельніцтвам тут была спрэс моладзь. Да 1989 тут жыло 73,9 тысяч беларусаў.
Многія вярнуліся на радзіму ў 90-я: тады Беларусь была такой прывабнай, што стала нават адзінай краінай, з якой у Расіі склалася адмоўнае сальда міграцыі:
у канцы 90-х з Расіі выехала ў Беларусь на 14 тысяч больш чым прыбыла.
Цяпер этнічная ідэнтычнасць калінінградскіх беларусаў размываецца, яе засланяе дзяржаўная, расійская.
З 15-ці старэйшых школьнікаў, якія нарадзіліся ў змяшаных сем’ях, толькі адзін адчувае сябе беларусам, 4 адносяць сябе да рускіх, а 10 лічаць сябе беларусамі і рускімі адначасова.
Транскультурацыя Міцкевіча і Шагала
Расійскі філосаф і культуролаг з Санкт-Пецярбурга Валянціна Дзіянава прачытала даклад пра беларускі культурны ландшафт, які быў створаны пад уплывам іншых культур. Беларускую культуру трэба разглядаць у ракурсе транскультурацыі — выхаду за межы сваёй культуры і засваенне досведу іншых культур. Няма праблем з ідэнтыфікацыяй Адама Міцкевіча, Элізы Ажэшка, Марка Шагала — іх ідэнтыфікацыя транскультурная, сцвердзіла спадарыня Дзіянава.
Першы ж за час Кангрэсу даклад па-беларуску прачытала японка Сіёры Кіясава.
І сарвала воплескі.
Разам з Таццянай Рамзай з БДУ Сіёры напісала падручнік па беларускай мове для японцаў «Спрабуйма»
(такую лаканічную назву кніга атрымала замест доўгай «Давайце паспрабуем вывучыць беларускую мову разам»). У сваім дакладзе японская госця распавяла, што большасць матэрыялаў пра Беларусь у японскіх СМІ тычацца палітыкі, эканомікі, а таксама Чарнобыльскай аварыі, але не культуры. Тым не менш, першыя звесткі пра беларускую літаратуру японцы змаглі прачытаць яшчэ ў 1932 годзе. Праз 20 гадоў выйшаў пераклад верша «А хто там ідзе», далей па-японску выдаваліся Адамовіч, Быкаў, Куляшоў, Танк, Лынькоў, Барадулін, Караткевіч, Брыль, Федарэнка. За апошні год пераклалі і выдалі ўсе найважнейшыя кнігі Святланы Алексіевіч.
У 1996 годзе славістамі японскіх універсітэтаў была створана першая граматыка беларускай мовы. У 2011 годзе ў Такійскім універсітэце замежных моў факультатыў па беларускай мове, неўзабаве такі з’явіўся і ў Цукубскім. Заняткі па беларускай мове, культуры і літаратуры тут праходзяць раз на тыдзень.
Антынарманізм вяртаецца
У пасляабедзеннай частцы пасяджэння дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч расказаў пра археалагічныя даследаванні ў Беларусі, адзначыўшы, што інстытуту прыходзіцца весці і тэрміновыя раскопкі — на месцы будаўніцтва Астравецкай АЭС, Гродзенскай і Полацкай ГЭС, другой мінскай кальцавой дарогі. Дарэчы, сярэднявечныя артэфакты з-пад вёскі Васілеўшчына Дзяржынскага раёна цягам пленарнага пасяджэння былі выстаўленыя ў холе прэзідыума Акадэміі. А ў кургане пад Друцкам былі знойдзеныя рэшткі хлопчыка з крывічоў — і антраполагам Акадэміі навук удалося цалкам рэканструяваць яго аблічча — чалавека ХІІ стагоддзя.
Спадар Даніловіч таксама адзначыў, што Інстытут гісторыі абвяргае нарманскую тэорыю паходжання Русі: прынамсі, абліччам полацкія варагі не надта адрознівалася ад мясцовага крывіцкага насельніцтва, казаў Даніловіч.
Вячоркі як інфармацыйнае поле
Гісторык літаратуры Мікола Хаўстовіч расказаў пра папулярнасць беларускай мовы ў асяроддзі шляхты ХІХ стагоддзя.
Шляхціцы захоплена перапісвалі ананімныя «гутаркі», ганарыліся правільным беларускім вымаўленнем, кпілі з русізмаў і паланізмаў адзін аднаго, а сустрэўшыся, ладзілі «батлы» на лепшае веданне баек, аповедаў і дзіўных беларускіх слоў.
Так, з мемуараў ХІХ стагоддзя шляхецкі засценак паўстае калыскай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.
Старшыня Навуковай бібліятэкі Акадэміі навук Аляксандр Груша казаў пра інфармацыйную культуру мінулага: насуперак стэрэатыпам, інфармацыйнага вакууму ніколі не існавала. Месцам фарміравання інфармацыйнага поля былі рынкі, соймы ды вячоркі.
Праўда, інфармацыйная культура мінулых стагоддзяў адрознівалася: да з’яўлення кніг і пісьмовых зносін (ліставанне ў ВКЛ прыжылося толькі ў ХV стагоддзі) інфармацыя захоўвалася ў памяці, а значыць была нетрывалай, падуладнай зменам. Да таго ж, інфармацыя захоўвалася толькі ў лакальных супольнасцях і перадавалася праз асабістыя кантакты — у той час як цяпер апаноўвае глабальныя супольнасці і перадаецца дыстанцыйна.
Лукашанец: руская мова ў Беларусі – і пазітыўны, і негатыўны фактар
Кожная, нават малая, дзяржава мае права на сваю незалежнасць, развіццё і мову, пачаў даклад старшыня Інстытуту мовы і літаратуры Акадэміі навук.
Па словах Аляксандра Лукашанца, перадумовы для дзвюхмоўя ўзніклі на Беларусі яшчэ ў часы талерантнага Вялікага княства. Дзвюхмоўе ў культуры — не статычная сітуацыя: у савецкі час насаджваліся стэрэатыпы пра беларускую мову як вясковую, абмежаваную, цяпер беларуская — мова эліты і перспектыўных людзей.
Па словах Лукашанца, руская мова для сучаснага беларускага грамадства — і пазітыўны, і негатыўны фактар: з аднаго боку яна пашырае кола культуры агульнай, з другога — звужае кола нацыянальнай культуры.
Дырэктар канстатаваў невыкананне Закона аб мовах і заклікаў выконваць іх хаця б у сферы культуры.
Ні ў якім разе гаворка не ідзе пра ўшчамленне рускай мовы! — прамовіў пры канцы Лукашанец.
Адкрыццё кангрэсу пакінула дваістае ўражанне.
Прыемна, што столькі навукоўцаў змаглі сустрэцца: у холе перад пачаткам была вельмі цёплая абстаноўка, даследчыкі рукаліся і абдымаліся, жартавалі і смяяліся. У той жа час, шматлікія размовы пра «культуру як падмурак…» выглядалі прынамсі крывадушна.
Яны не знаходзяць водгуку ва ўладаў, якія, гаварылася з трыбуны, так ужо дбаюць пра развіццё беларускай культуры. Адкрыццё такога вялікага Кангрэсу праходзіла похапам і ў дэфіцыце: без праграмак (іх чамусьці надрукавалі ўсяго некалькі) у халоднай са скразнякамі зале.
Не ставала і адказнага стаўлення з боку дакладчыкаў: не ўсе падрыхтаваліся да выступаў, а прэзентацыяй суправаджалі свае выступы толькі трое
(візуалізацыі не ставала, асабліва для ілюстрацыі статыстычных дадзеных). Вядома, што прэзентацыя дысцыплінуе і слухачоў, і дакладчыка.
Даклады замежнікаў паказалі, што цяжка вывучаць чужую культуру і прэзентаваць яе перад носьбітамі. Дзіўнае ўражанне пакідалі расійскія даследчыкі, калі адкрывалі перад сходам беларускіх навукоўцаў Амерыку: Адам Міцкевіч натхняўся ў творчасці беларускімі народнымі песнямі, а Парыж для Шагала — другі Віцебск.
Каментары