Новым міністрам унутраных спраў Літвы можа стаць чалавек, які валодае беларускай мовай
Абраны прэм'ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас вызначыўся з кандыдатам на пасаду міністра ўнутраных спраў. Гэтую пасаду прапануюць Уладзіславу Кандратовічу, прадстаўніку нацыянальнай меншасці.
Цяпер Уладзіслаў Кандратовіч з'яўляецца кіраўніком гарадской адміністрацыі Віленскага раёна, а раней ва ўрадах Саўлюса Сквярняліса і Альгірдаса Буткявічуса ён займаў пасаду намесніка міністра транспарту.
Кандратовіч нарадзіўся ў 1972 годзе, па спецыяльнасці інжынер-будаўнік, а ў нацыянальным сэнсе лічыць сябе палякам. Многія гады Уладзіслаў Кандратовіч балатаваўся ў розныя выбарныя органы па спісах партыі «Выбарчая акцыя палякаў Літвы — Саюз хрысціянскіх сем'яў», але цяпер звязаў свой палітычны лёс з сацыял-дэмакратамі.
Адзначаецца, што акрамя літоўскай і польскай, Уладзіслаў Кандратовіч вольна валодае расейскай і ангельскай, а таксама, што важна, беларускай мовамі.
Каментары