Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру
Кажуць, што яе відэа дыскрэдытуе Беларусь.
Жыхарка Магілёва выклала ў TikTok відэа пра тое, як нібыта прыйшла ў паліклініку а 5-й раніцы і ўбачыла там чаргу ў рэгістратуру. Ролік разышоўся па сацсетках і трапіўся на вочы адміністрацыі медустановы. Там перагледзелі запісы з камер і выявілі, што насамрэч ролік зняты на пару гадзін пазней. Цяпер дзяўчыне пагражаюць крымінальным артыкулам за «дыскрэдытацыю Беларусі». Сюжэт тэлеканала «Беларусь 4» пераказала «Люстэрка».
Зараз ролік жыхаркі Магілёва выдалены з TikTok, але застаўся ў сацсетках некаторых іншых рэсурсаў, якія яго перапосцілі. На кадрах відаць, што жанчына заходзіць у магілёўскую паліклініку №6, а там ля рэгістратуры ўжо выстраілася чарга з наведвальнікаў.
«Гэта я іду а пятай раніцы ў паліклініку, спадзяюся, што буду першая», — гаворыцца ў подпісе да відэа.
Адміністрацыя паліклінікі таксама ўбачыла ролік і была здзіўленая. Там патлумачылі, што лекары пачынаюць прыём у 7.30, а патрапіць унутр можна толькі з 7-й раніцы. Па словах галоўнага ўрача Таццяны Кандаковай, былі паднятыя запісы з камер відэаназірання.
Мяркуючы па дадзеных з камеры назірання, жанчына прыйшла ў паліклініку ў 7:27, а не а 5-й раніцы.
Праз некалькі хвілін вярнулася, зняла на тэлефон чаргу і накіравалася ў бок ліфта.
У адміністрацыі сцвярджаюць, што жанчына прыйшла і на наступны дзень, аднак чэргаў у рэгістратуру тады не было. Кіраўніцтва медустановы паскардзілася на «хлуслівае відэа» ў міліцыю. Галоўны ўрач лічыць, што гэта паклёп не толькі на шостую паліклініку, але і «на ўсе арганізацыі аховы здароўя».
Старшая памочніца пракурора па Магілёўскай вобласці Алена Шумейка заявіла, што ў такіх відэа можна ўгледзець «распаўсюд заведама хлуслівых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным або міжнародным становішчы» Беларусі і пакараць па адпаведным артыкуле 361-1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Яе санкцыя прадугледжвае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Адзначым, што чэргі ў беларускія паліклінікі, у які б час яны ні былі знятыя, — з'ява рэальная: ролікі пра іх рэгулярна з'яўляюцца ў сацсетках, асабліва ў сезон ВРВІ і перад пачаткам школьнага навучальнага года. Пры гэтым аўтары такіх відэа сцвярджаюць, што сапраўды вымушаныя займаць чаргу яшчэ да пачатку працы рэгістратуры — а пятай раніцы, а то і раней. Праблему прызнаюць і чыноўнікі ад медыцыны, аднак схільныя перакладаць віну на саміх пацыентаў. Так, па словах былога намесніка міністра аховы здароўя — галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Беларусі Аляксандра Тарасенкі, чэргі ў рэгістратуры выстройваюцца таму, што «людзі прывыклі так жыць»:
«Ахова здароўя становіцца больш даступнай, але застаецца чалавечы фактар. Ёсць электронная чарга, ёсць запіс па талонах. Але пацыент усё роўна пойдзе без запісу па талонах, правакуючы канфліктную сітуацыю як для сябе, так і для асяроддзя», — сцвярджаў ён.
Каментары