«Новы час»: У будаўніцтве «Паедзем, паядзім» прысутнічае расійскі след
Выданне «Новы Час» паведамляе, што непасрэдную датычнасць да пабудовы комплексу «Паедзем, паядзім» мае кампанія з Расіі, а таксама ёсць інфармацыя пра мажлівых лабістаў уласнікаў аб’екта на вышэйшым дзяржаўным узроўні.
Расійскі след
Згодна з дадзенымі з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў Беларусі (АДР), кампанія СТАА «КварталМЗС» зарэгістраваная 20 мая 2004 года Мінскім гарвыканкамам са статутным капіталам 39 200 долараў ЗША. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца агульная пабудова будынкаў. Юрыдычны адрас кампаніі — Мінск, завулак Казлова, 5а, офіс 3а, там жа месціцца і кампанія «БелРэстІнвест». Кіраўніком з 15 лютага 2006 года з’яўлялася Логвін Вольга Віталеўна, на гэты момант яна ўзначальвае кампанію ТАА «КварталМЗС-Буд» і да сёння працягвае займацца справаводствам «БелРэстІнвесту». Уласнікамі кампаніі з’яўляюцца: Зайдэс Леанід Лейбавіч (37,25%) і ЗАТ «Ренессанс» (62,75%), зарэгістраваная ў Расійскай Федэрацыі.
Такім чынам, маецца дакументальнае сведчанне, што да рэалізацыі праекту пабудовы забаўляльнага комплексу «Бульбашъ-хол» у ахоўнай зоне мемарыялу «Курапаты», мае дачыненне расійская кампанія. Ёй належыць большая частка кампаніі «КварталМЗС», праз якую яна кантралюе «БелРэстІнвест», з якім пад гэты комплекс укладзена дамова арэнды 1,2 га зямлі ажно да 2106 года.
Паводле дадзеных з расійскага адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў, ЗАТ «Ренессанс» створанае 16 верасня 2002 года ў Санкт-Пецярбургу і рэарганізаванае 29 верасня 2014 года са стварэннем аднайменнай новай юрыдычнай асобы ў форме ТАА. Асноўным відам дзейнасці з’яўляюцца ўкладанні ў каштоўныя паперы. Кампанія мае як мінімум пяць філіяў, генеральным дырэктарам ТАА «Ренессанс» з’яўляецца фігурант нашага першага расследавання — Барыс Сурыс. Стопрацэнтным уласнікам ТАА «Ренессанс» ёсць кампанія «Tebridge Holding Corp» (рас. «Тебридж Холдинг Корп.»). У адкрытых крыніцах інфармацыі дадзеныя пра яе практычна адсутнічаюць. Паводле Грамадскага рэестру Панамы, кампанія зарэгістраваная 21 лістапада 2013 года са статутным капіталам у 10 тысяч долараў ЗША.
У кіраўнічым складзе кампаніі пералічаныя асобы, кожная з якіх фігуруе ў рэгістрацыйных дадзеных яшчэ больш за тысячу кампаній.
Гэта так званыя «проксі-ўдзельнікі», неабходныя толькі для рэгістрацыі афшорнай кампаніі. На гэты момант дакладна не вядома, хто за ёй стаіць.
Зноў «КварталМЗС-Буд»
У выпісе з АДР пазначанае, што ТАА «КварталМЗС-Буд» зарэгістраваная 30 снежня 2011 года Мінскім гарвыканкамам і створаная ў выніку рэарганізацыі праз вылучэнне з кампаніі СТАА «КварталМЗС». Юрыдычны адрас створанай кампаніі — Мінск, вул. Казлова, 7б, пакой 300 (будынак кампаніі «ІВ»). Галоўным відам дзейнасці з’яўляецца набыццё і продаж уласнай нерухомай маёмасці.
Кіпр? Расія? Беларусь?
Адной з кампаніяў, пра ўласнікаў якой дагэтуль не было выяўлена аніякай інфармацыі, ёсць Bealcy Investments Ltd. Гэтай таямнічай кіпрскай кампаніі належаць 14,5% ТАА «Белнаватэкс груп» і 16,7% СТАА «БелРэстІнвест» — даччынай кампаніі СТАА «КварталМЗС». З дапамогаю выведкі адкрытых крыніц інфармацыі (OSINT) і дадзенымі з АДР мы паспрабавалі вызначыць афіляваныя з кампаніяй Bealcy Investments Ltd. структуры і асобы. У выніку была выяўленая інфармацыя, якая сведчыць пра верагоднасць лабіявання на вышэйшым дзяржаўным узроўні ўсіх пытанняў, звязаных з пабудовай у ахоўнай зоне Курапатаў забаўляльнага комплексу і яго сённяшняй дзейнасцю.
Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Білсі» зарэгістравана Мінскім гарвыканкамам 7 кастрычніка 2008 года. Яго ўласнікамі з’яўляюцца тыя ж асобы, што і далучанай да яе кампаніі «Білсі-Рыэлт» — Кацярына Бекбулатава і «Bealcy Investments Ltd.». Розняцца толькі іх долі — 75% і 25% адпаведна.
Асноўным відам дзейнасці кампаніі таксама з’яўляецца наданне ў арэнду ўласнай нерухомай маёмасці. Характэрна, што падчас рэгістрацыі была пазначаная электронная пошта ([email protected]) з даменным імем серверу фармацэўтычнай карпарацыі «SagMel Inc.», якая раней належала Ляону Сагальчыку і Антону Меліхаву.
Цікава, што паводле запісаў з гандлёвага рэестру ад 31 сакавіка 2015 года, у суседнім пакоі 401а зарэгістраваны аб’ект аптовага гандлю замежнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства — «Белтрансфер-Мед». У рэестры ўласнікаў мытных складоў на тэрыторыі Беларусі, а таксама ў каталогу беларускіх арганізацыяў і адмыслоўцаў у сферы аховы здароўя пададзена адна з ранейшых поўных назваў кампаніі — Замежнае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства аптовага гандлю «Белтрансфер-Мед» кампаніі «Сагмел, Інк».
Кампанія «Белтрансфер» здзяйсняе сваю дзейнасць не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ва Украіне. На сайце Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю Украіны ёсць інфармацыя пра задзейнічанне ў дачыненні да яе яшчэ ў 1999 годзе санкцыйнага рэжыму. Таксама вядома, што меркаваная магілёўская філія кампаніі — «Белтрансфер МГ» — была ліквідаваная і выключаная з АДР Беларусі ў 1997 годзе праз здзяйсненне дзейнасці без адпаведнай ліцэнзіі.
Бізнес па-сяброўску
Пазначаны падчас дзяржаўнай рэгістрацыі кантактны тэлефон СТАА «Білсі» (8017 301-91-45) таксама выкарыстоўвае прадпрыемства ТАА «Фартыва Мед». Меркавана, гэта яшчэ адзін актыў Сагальчыка, Меліхава і Азаранкі. Гэта ўскосна пацверджана праз удзел у 2015 годзе Вячаслава Азаранкі ў дзелавой праграме першай міжнароднай выставы «Expo-Russia Belarus 2015» і першага Мінскага бізнес-форуму ў якасці прадстаўніка кампаніі «Фартыва Мед». Круглы стол быў арганізаваны супольна з Міністэрствам аховы здароўя РБ і меў назву «Пра правядзенне ўзгодненай палітыкі ў сферы аховы здароўя ў межах рэалізацыі Канцэпцыі сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі». Варта зазначыць, што на гэтую канферэнцыю была запрошаная абмежаваная колькасць прадстаўнікоў беларускіх прыватных фармацэўтычных кампаній.
«Арт-инвест груп» мае скрайне негатыўныя ацэнкі на шматлікіх парталах водгукаў пра дзейнасць працадаўцаў. Характэрна, што яна фігуруе там таксама з іншай назвай — «АгроПромСервис».
Гэтыя факты сведчаць пра тое, што яны звязаныя між сабой і, меркавана, афіляваныя з Ляонам Сагальчыкам, Антонам Меліхавым і, мажліва, Вячаславам Азаранкам. З улікам пададзенага масіву інфармацыі зразумела, што яны падтрымліваюць на працягу вельмі вялікага прамежку часу доўгатрывалыя партнёрскія зносіны, з’яўляюцца ўласнікамі супольных кампаніяў, актываў у розных дзяржавах. Відавочна, з вялікай доляй верагоднасці, кампанія «Bealcy Investments Ltd.» таксама афіляваная з гэтымі асобамі, утвораная з яе ўдзелам ТАА «Білсі-Рыэлт» праз рэарганізацыю ў форме вылучэння з кампаніі ТДА «Белтрансфер» пра гэта яскрава сведчыць. Прадстаўніком іх інтарэсаў у Беларусі, а таксама ўласнікам СТАА «Білсі», як было зазначана напачатку, з’яўляецца Бекбулатава Кацярына Леанідаўна (нар. у 1970 годзе, жыла ў Мінску).
Расійская сістэма электроннага дакументазвароту і праверкі контрагентаў «СБИС» на падставе інфармацыі з Федэральнай падатковай службы РФ і з улікам гісторыі зменаў падае інфармацыю пра наяўнасць сувязяў «Арт-инвест групп» з кампаніяй ТАА «ГелиОйл», зарэгістраванай 15.10.2010 г. у Маскве. «ГелиОйл» належыць толькі аднаму ўласніку — кіпрскай кампаніі «Iliotropion Trade & Service Ltd.». Паводле інфармацыі з гандлёвага рэестру Кіпру, апошнюю кампанію ачольвае (увага!) — Кацярына Бекбулатава (1, 2). Асноўным відам дзейнасці кампаніі з’яўляецца вытворчасць нафтапрадуктаў, большасць жа дадатковых відаў дзейнасці, перадусім аптовы гандаль насеннем і зернем, — тыя ж самыя, што і ў «Арт-инвест груп». Відавочна, Бекбулатава мае шчыльныя партнёрскія стасункі і супольныя бізнес-інтарэсы з Вячаславам Азаранкам.
Бізнес праз спорт?
Бекбулатаў Вадзім Мікалаевіч — заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1970 годзе ў Мінску (паводле іншых дадзеных, у Свярдлоўску). Удзельнік хакейнай зборнай Беларусі на зімніх Алімпійскіх гульнях 1998 года ў Нагана і 2002 года ў Солт-Лейк-Сіці. За нацыянальную зборную Беларусі выступаў з 1992 па 2005 год. З’яўляецца капітанам хакейнай «Каманды прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Гуляе ў ёй ад 2005 года разам з Аляксандрам Лукашэнкам. Каманда стала перамагае ў штогадовым Калядным міжнародным турніры сярод аматараў хакею на прыз свайго ж кіраўніка, і гэта не дзіўна, бо большасць яе гульцоў — прафесійныя хакеісты са шматгадовым стажам. Па-за гэтым турнірам каманда Лукашэнкі гуляе ў Рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі з шайбай сярод аматараў, у якасці спарынг-партнёраў у іх выступаюць зборныя беларускіх абласцей. Апроч гэтага, Бекбулатаў разам са старшым сынам кіраўніка Беларусі Віктарам Лукашэнкам (памочнікам кіраўніка Беларусі па нацыянальнай бяспецы, чальцом Рады Бяспекі) і сярэднім — Дзмітрыем Лукашэнкам — старшынёй цэнтральнай рады «Прэзідэнцкага спартовага клубу», выступае ў аматарскім чэмпіянаце Мінску за дружыну памежных войскаў «Рубеж». Менавіта ў Памежных войсках праходзілі тэрміновую службу Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі.
У 2014 годзе Лукашэнка ўзнагародзіў Вадзіма Бекбулатава Ордэнам Пашаны (1, 2). Характэрна, што кіраўнік Беларусі ўганараваў яго асабіста падчас афіцыйнага прыёму, на якім былі ўзнагароджаныя старшыня КДБ Валер Вакульчык, міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, тагачасны міністр абароны Юры Жадобін, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
У апісанні свайго досведу працы ў акаўнце Linkedin ён пазначыў, што са студзеня па снежань 2015 года быў менеджарам па развіцці бізнесу чыкагскай кампаніі «Slice the Price Electronics», якая праіснавала крыху больш за год. Характэрна, што адрас агента, які здзяйсняе рэгістрацыю кампаніі, цалкам супадае з адрасам карпарацыі «SagMel, Inc.» Сагальчыка і Меліхава. Уласнікамі кампаніі «Slice the Price Electronics» з’яўляўся сам Мікіта Бекбулатаў і, меркавана, сын Вячаслава Азаранкі.
Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў ЗША Мікіта Бекбулатаў працуе ў расійскай кампаніі «АгроПромСервис», уласнікам і дырэктарам якой з’яўляецца Вячаслаў Азаранка.
Паказальна, што для сваёй электроннай пошты ён выкарыстоўвае карпатыўнае даменнае імя кампаніі «Арт-Инвест групп», што дадаткова сведчыць пра ўзаемасувязь дзвюх кампаніяў.
Каментары