Блогерка Вольга Такарчук расказала пра сваю крымінальную справу і пра дзіўную сустрэчу на Акрэсціна
2 сакавіка сілавікі затрымалі блогерку Вольгу Такарчук, у якой 30 тысяч падпісчыкаў на Ютубе. Жанчыну змясцілі на Акрэсціна, але ўвечары 4 сакавіка адпусцілі. Цяпер яна падазраваная ў справе аб абразе суддзі — пакараць могуць як штрафам, так і 3 гадамі хіміі. Вольга распавяла «Нашай Ніве», што гэта было.
«Да мяне ў кватэру грукаліся некалькі разоў яшчэ раней. Але мы не адкрывалі. І 2 сакавіка сілавікі прыйшлі ўжо гатовыя ламаць дзверы, — расказвае Вольга Такарчук. — Доўга грукалі, я была дома адна: муж на працы, дзеці ў школе і садку.
Я не адкрывала, тады пазванілі мужу, сказалі: ведаем, што жонка ў кватэры, хай адкрые, інакш узламаем дзверы.
Ну і прыйшлося іх пусціць — і ў іх сапраўды быў з сабой вялікі лом.
Прыйшлі двое сілавікоў і двое панятых, якіх яны прывялі з сабой. Сілавікі ў цывільным, прадставіліся, паказалі нейкія дакументы — адзін з іх, здаецца, аператыўнік. Яны з крымінальнага вышуку, я так гэта зразумела.
Зайшлі, паказалі дакумент на агляд памяшкання — не на ператрус. Сказалі, што мяне забяруць да вечара, каб правесці прафілактычную гутарку — бо я нібыта абразіла кагосьці па артыкуле 391 (артыкул 391 КК: Абраза суддзі ці народнага засядальніка ў сувязі з ажыццяўленнем імі правасуддзя — «НН»).
Забралі камп’ютар. Тэлефон мой не забралі, бо ён, скажам так, зламаўся.
Пасля мяне адвезлі ў РУУС Першамайскага раёна.
Там адзін з міліцыянтаў вельмі раззлаваўся, што не змаглі забраць мой тэлефон, што я доўга не адкрывала — ну і за гэта мяне вырашылі адправіць на 72 гадзіны на Акрэсціна. Маўляў, не хацела па-добраму?
Але я адразу разумела, што забяруць на Акрэсціна, таму пры выхадзе з хаты ўзяла сваю торбу — яна даўно падрыхтаваная, апошнія паўгода я гатовая. Міліцыянты казалі: не трэба торбу, увечары адпусцім. Але я не паверыла».
Па словах Вольгі, у РУУСе ёй сказалі, што яна падазраваная ў абразе суддзі.
«Гэта ўсё прыцягнута за вушы. Сітуацыя такая: калі 25 снежня ў мяне быў першы суд па 23.34, прыйшло шмат людзей мяне падтрымаць.
Людзі запісвалі аўдыя з суда, і пасля звесткі суддзі выклалі ў паблікі кшталту «Карнікі Беларусі». Можа, гэта таксама паўплывала?
А пасля я рабіла відэа пра той суд, пад ім пайшлі каменты. У адным з іх тую суддзю нехта абразіў, я адказала на камент і сама выразілася пра суды негатыўна.
І вось за гэты мой адказ цяпер справа — хоць у маіх словах імя суддзі не згадвалася ўвогуле, — тлумачыць Такарчук. — Цяпер будзе ісці следства, будуць высвятляць, ці абразіла я суддзю альбо ўсё ж не».
У першы дзень Вольгу афармлялі каля 5 гадзін, затым, калі прынялі рашэнне затрымаць на трое сутак, змясцілі ў камеру ў РУУСе.
«У РУУСе мяне палохалі, што не дадуць узяць рэчы на Акрэсціна. Прыйшлося ўсе рэчы з маёй торбы начапіць на сябе: усе кофты, усе майткі, усе шкарпэткі. Бо баялася, што будзе халодна, не ведала, ці дадуць матрацы.
Пасля мяне адвезлі на Акрэсціна. У мяне быў з сабой дзіцячы плед — яго там кідалі, я аж расплакалася. Лепш дзіцячыя рэчы не мець з сабой.
Затым адправілі ў камеру на дваіх. Была з дзяўчынай, якую затрымалі з чата Каменнай Горкі, яна таксама атрымала 72 гадзіны. У камеры былі матрацы, падушкі, нават навалачкі.
Праўда, мяне мусілі апытаць у першыя ж суткі — гэтага не адбылося. Я пісала хадайніцтвы і пра гэта, і пра тое, што маю свайго адваката, але ўсім было «да ліхтара», — кажа Такарчук.
«Але раніцай зайшоў нейкі незразумелы мужык у цывільным. Хто гэта — не ведаю, не прадставіўся. Але вельмі выдыгалі перад ім мясцовыя работнікі.
Ён зайшоў, кажа: «Воля Такарчук? Прыемна пазнаёміцца, падпісаны на вас. Як ты тут?» Адказваю: «Нармальна».
Тады ён кажа: «І табе гэта ўсё трэба? Дзеля чаго ты ўсё гэта робіш?»
Я кажу: «Дзеля дзяцей раблю, каб яны жылі ў іншай Беларусі».
Спытаў, колькі маім дзецям, кажа: «О, маім таксама 3 і 7 гадоў! Толькі вось я тое, што мне не падабаецца, абмяркоўваю на кухні і пра сябе!»
Я адказала: «І што, ёсць чым ганарыцца? А я вось кажу не на кухні і ўслых».
Ён: «Ну тады і сядзі».
Я: «Ну тады і буду сядзець».
Вось такая размова была».
Такарчук кажа, што і па сёння не ведае, кім быў яе «госць». Але пасля яго візіту жанчынам прадаставілі ўсё, што яны прасілі, нават далі супакаяльныя, каб яны нармальна змаглі паспаць.
«На наступны дзень мяне павезлі зноў у РУУС. Гэта была паездка стагоддзя, бо ў аўтазаку ў маленькі «стакан» нас запхалі спачатку чацвярых, але пасля адну дзяўчыну перасадзілі. Тыя дзве, што засталіся, былі па справе аб крадзяжы, нейкія наркаманкі, здаецца. І яны вырашылі пакурыць у тым «стакане»: дасталі з красоўка кавалак серы, кавалак запалкі, паўгадзіны чыркалі — і пасля закурылі.
Я не прасіла іх таго не рабіць, бо ім было пофігу. Яны закурылі і кажуць мне: «О, у цябе плед ёсць? Давай машы, каб пах уверх ішоў! — расказвае Вольга. — Ды і не да іх было, бо хвалявалася пра тое, што адбываецца дома, пакуль я затрыманая. Ці быў вобшук? Што забралі? Што мне пагражае цяпер?
Бо калі 15 сутак сядзіш — гэта проста. Адседзеў, колькі далі, выйшаў. А па крыміналцы хоць і ведаеш, што не вінаватая, але разумееш, што нарыюць штосьці — і станеш вінаватай».
У РУУСе Вольгу змясцілі ў камеру:
«Затым прыйшла следчая і кажа: падпісвайце паперы — і я вас адпускаю. Я афігела, бо 72 гадзіны сканчваліся толькі на наступны дзень».
Цяпер ідзе следства. Такарчук дома, але знаходзіцца ў статусе падазраванай.
«Не ведаю, што будзе далей. Не загадваю на будучыню. Спадзяюся, што ўсё будзе добра.
Чакаю яшчэ ператрус. Бо мне сказалі: маўляў, калі не хочаце, каб да вас у кватэру прыйшлі, то прапануем прыехаць з тэлефонам. Хацелі, каб я прыехала да іх з мабільнікам, яны б зайшлі на мой канал, паглядзелі, адкуль напісаны камент, ці дакладна ён напісаны з майго акаунта…
Я нічога не адказала. Бо тэлефон жа зламаўся», — пасміхаецца Вольга.
Такарчук кажа, што, неглядзячы на затрыманне і крыміналку, спыняць блогерскую дзейнасць пакуль не плануе. Тым больш яна працуе на сябе, кажа, што займаецца дызайнам. Таму звальнення не баіцца.
Муж, па словах Вольгі, яе падтрымлівае, але сам актыўнасцяў не праяўляе. Тым больш што працуе ў дзяржаўнай краме.
«Я яго падбівала на забастоўку, але адказ быў такі: я буду страхаваць сям’ю. Хочаш — займайся актывізмам сама, я табе перашкаджаць не буду.
Ну і перажывае за мяне, натуральна. Дарэчы, у нас сёння, 5 сакавіка, 10 гадоў шлюбу!
Што рабіць далей, мы пакуль не абмяркоўвалі. Але і муж ведае, што я не спынюся, і яны ведаюць. Бо калі ўсе спыняцца — мы прайграем», — кажа Такарчук.
-
Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага
-
«Схапілі і панеслі. Некалькі разоў паспелі ўдарыць». Беларус расказаў пра сваё затрыманне ў Грузіі
-
Ціханоўская: Мы не павінны дазволіць дыктатарам пасварыць беларусаў і літоўцаў
Каментары