У Вялікабрытаніі выпрабоўваюць камеры-таблеткі для ранняй дыягностыкі раку кішачніка
Каб праверыцца, будзе дастаткова глынуць таблетку велічынёй з капсулу рыбінага тлушчу. Гэта можна будзе зрабіць самастойна і дома, піша ВВС.
Маленечкая прылада пад назвай PillCam («таблетка-камера») змяшчае капсулу даўжынёй два сантыметры з відэакамерай і перадатчыкам, што накіроўвае фота вантроб на прыёмнік, замацаваны на поясе пацыента.
Ім ужо карыстаюцца эндаскапісты Універсітэцкага каледжа Лондана і спецыялісты ў шэрагу медыцынскіх устаноў Шатландыі.
Цяпер пачынаюцца выпрабаванні з удзелам 11 тысяч пацыентаў у 40 рэгіёнах Англіі.
Капсула застаецца ў арганізме ад пяці да васьмі гадзін і выводзіцца з яго падчас дэфекацыі.
Працэдура абсалютна бясшкодная і бязбольная. Акрамя ракавых пухлін яна здольная выяўляць прыкметы іншых захворванняў, такіх як хвароба Крона.
Новы метад атрымаў назву «капсульная эндаскапія».
Да цяперашняга часу эндаскапія праводзіцца з абязбольваннем у клінічных умовах.
Капсульная эндаскапія, як і традыцыйная, прадугледжвае папярэднюю ачыстку шлунка, а таксама два візіты ў лячэбную ўстанову — каб атрымаць прыбор і вярнуць яго са здымкамі.
«Навуковая фантастыка становіцца рэальнасцю. Маленечкая камера рухаецца скрозь чалавечы арганізм, робячы два здымкі ў секунду», — кажа кіраўнік Нацыянальнай службы аховы здароўя Англіі Сайман Стывенс.
Медыкі прыспешваюць гэтыя даследаванні, бо асцерагаюцца росту колькасці запушчаных выпадкаў раку праз скарачэнне колькасці клінічных абследаванняў у сувязі з каранавірусам.
Пухліны кішачніка з'яўляюцца другім па колькасці смяротных зыходаў відам раку ў Брытаніі — у сярэднім 16 600 смерцяў у год. Ранняя дыягностыка вельмі важная для лячэння анкалагічных захворванняў.
Каментары