Актывіста прадпрымальніцкага руху Іллю Дабратвора затрымалі ў Мінску.
Як стала вядома сайту charter97.org, у пятніцу 30 жніўня ён ехаў у метро з разгорнутым бел-чырвона-белым сцягам. Такім чынам актывіст вітаў вызваленне лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча. На станцыі метро «Уручча» Іллю Дабратвора затрымалі супрацоўнікі міліцыі.
Зараз прадпрымальнік знаходзіцца ў турме на вуліцы Акрэсціна. У панядзелак яго будуць судзіць. У чым менавіта абвінавачваюць Іллю Дабратвора, пакуль невядома.
Два тыдні таму актывіст заяўляў пра ціск на яго з боку кіраўніцтва фірмы Kapsch, дзе ён працаваў. Раней яго пазбавілі статусу ІП.
Ілля Дабратвор з'яўляецца актывістам Руху салідарнасці «Разам» (Чэхія). Ён быў кандыдатам у дэпутаты па Менскай сельскай акрузе №76 у 2012 годзе і публічна раскрыў факты фальсіфікацый і падтасоўкі галасоў. За ўдзел у акцыях апазіцыі яго падвяргалі штрафам і арыштам.
Каментары