Авáтар ці аватáр, авáтарка ці аватáрка — як правільна сказаць? На жаль, невядома, але дакладна не так, як у мове, адкуль да нас гэтае слова прыйшло.
Што значыць слова
Слова, якім мы сёння называем сваё фота ў сацсетках, старажытныя і сучасныя індусы выкарыстоўваюць для пазначэння праявы, увасаблення бога на зямлі смяротных. Напрыклад, Буда, Крышна і Рама ёсць аватарамі Вішну, вярхоўнага бога індуізму.
Слова паходзіць з санскрыту, дзе гучыць як «аватара». Націск слова ў старажытнай мове невядомы, у такіх выпадках у санскрыце часта выкарыстоўваюць націск на другі склад з канца слова на лацінскі манер.
Тым не меней, у нашую мову аватары ў сучасным значэнні прыйшлі з англамоўнага інтэрнэту, па-англійску ў слове avatar націск падае на першы склад. Але па-беларуску ці на мовах суседзяў áватар ці áватарка пачуеш рэдка.
Калі слова набыло сучаснае значэнне
Упершыню ў камп’ютарнай сферы слова, хутчэй за ўсё, было ўжытае ў ролевай відэагульні 1985 года Ultima IV: Quest of the Avatar, дзе персанаж мусіў стаць адлюстраваннем гульца ў свеце гульні, а гулец мусіў «быць самім сабой». Дарэчы, гульня была і застаецца адной з нямногіх, дзе не трэба перамагаць абсалютнае зло ў эру хаосу, а стаць духоўным лідарам у часы кшталту еўрапейскага рэнесансу альбо легендарнага Камелота караля Артура.
У такім значэнні па-англійску слова выкарыстоўваецца і сёння. У ролевых гульнях кшталту Fallout ці World of Warcraft вы можаце стварыць адлюстраванне сябе ў віртуальны свет, а вось назваць сваім аватарам Гордана Фрымана з Half-Life ці Карла Джонсана з GTA: San Andreas цяжка — такія персанажы самі прымаюць рашэнні.
Некалі, з сярэдзіны 90-х і да з’яўлення сацсетак па-англійску аватарамі называлі і малюначак, які карыстальнік ставіў побач са сваім нікнэймам у чатах і на форумах. Аватарам там можна было зрабіць хоць кветачку, хоць коціка (і назвацца, адпаведна, не імем з пашпарта, а коцікам і кветачкай).
Пра фота ў сучасных сацсетках так па-англійску не кажуць — на Facebook правілы патрабуюць ваша сапраўднае фота, а не аватарку. Такое ў простай мове называюць userpic («юзэрпік») з націскам на першы склад. Ды і ў такіх месцах як Twitter гэты малюначак называюць Profile picture (фатаздымак профіля) — слова «аватар» у англійскай засталося ў сферах рэлігіі і відэагульняў.
Дык як казаць па-беларуску?
Аватáр і аватáрка (як прынята па-руску і па-ўкраінску) — менавіта так прапануе вымаўляць Слоўнік беларускай мовы 2012 года, складзены з улікам апошніх змен у правапісе. Ці авáтар на польскі манер — у прынцыпе, нельга сказаць, што так будзе няправільна.
Ці магчыма замяніць запазычанае слова беларускім? Адмысловага слова ў распаўсюджаных на Беларусі рэлігіях для з’явы, аналагічнай індуісцкаму аватару, не было. Наўрад ці вы станеце называць фота ў сацсетцы «намеснікам», «пасланнікам», «увасабленнем».
Можна называць гэта «здымачкам», «выяўкай» ці «малюначкам». Можна паспрабаваць прыдумаць і зусім новае слова (з «хмарачосам» і «шапікам» пайшло ў народ, хай з «далькажыкам» і не выйшла) — «твараяў», «тварота», «асабоўка»… Галоўнае, каб зразумелі.
Каментары