Міжнародная кансалтынгавая кампанія Cushman & Wakefield апублікавала свой спіс гандлёвых вуліц планеты з найбольш высокай арэнднай платай. Усяго ў спісе вуліц з элітным гандлем 138 гарадоў, пішуць «Моцныя навіны».
Сёлета пераможцай стала вуліца Віа Мантэнапалеонэ ў Мілане. Гэта першы выпадак за 34 гады, калі еўрапейскі горад узначаліў спіс. Ёй саступіла месца Пятая авеню ў Нью-Ёрку.
Паводле даных Financial Times, за апошні год на Віа Монтэнаполеонэ адкрыліся новыя крамы Chanel і Gucci, а кампанія Kering, якая валодае брэндамі Gucci і Saint Laurent, выдаткавала 1,4 мільярда долараў на набыццё аднаго з найбуйнейшых будынкаў на вуліцы.
У топ-10 самых дарагіх гандлёвых вуліц свету па версіі Cushman & Wakefield увайшлі:
Віа Мантэнапалеонэ (Мілан, Італія) — 20 тысяч еўра за квадратны метр у год;
- Пятая авеню (Нью-Ёрк, ЗША) — 19,5 тысячы еўра;
- Нью-Бонд-стрыт (Лондан, Вялікабрытанія) — 17,2 тысячы еўра;
- Чымсачоў (Ганконг, Кітай) — 15,7 тысячы еўра;
- Елісейскія палі (Парыж, Францыя) — 12,5 тысячы еўра;
- Гіндза (Токіа, Японія) — 11,6 тысячы еўра;
- Банхофштрасэ (Цюрых, Швейцарыя) — 9,6 тысячы еўра;
- Піт-стрыт Мол (Сіднэй, Аўстралія) — 7,8 тысячы еўра;
- Мендан (Сеул, Паўднёвая Карэя) — 6,7 тысячы еўра;
- Кольмаркт (Вена, Аўстрыя) — 5,4 тысячы еўра.
Сярод суседзяў Беларусі самая дарагая вуліца месціцца ў Варшаве і займае 47-е месца ў Еўропе — гэта вуліца Новы Свят, дзе гадавая арэнда квадратнага метра гандлёвай плошчы абыдзецца больш чым у тысячу еўра.
Каментары